Крамяніца (в.) 2/625 (к.); 5/8 (к.); 6/92

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМЯ́НІЦА,

вёска ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог на Зэльву, Ваўкавыск, Масты. Цэнтр сельсавета. За 12 км на ПнЗ ад г.п. Зэльва, 92 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Лябяды. 158 ж., 75 двароў (1998). Сярэдняя школа, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл.

т. 8, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Крамяніца Дольная (в.) 5/8 (к.); 6/92

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМЯ́НІЦАО́ЛЬНАЎСКІ ГЕО́РГІЕЎСКІ КАСЦЁЛ, Крамяніцкі Георгіеўскі касцёл,

помнік архітэктуры 17 ст. Пабудаваны ў 1617 у в. Крамяніца-Дольная (цяпер в. Крамяніца) Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. віцебскім кашталянам М.Вольскім у стылі рэнесансу. У канцы 18 ст. прыбудаваны бабінец у стылі класіцызму. Мураваны аднанефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём і алтарная апсіда з паўкруглым завяршэннем накрыты дахамі з агульным вільчыкам (першапачаткова дах над нефам быў значна вышэйшы). Сцены ўмацаваны верт. контрфорсамі і прарэзаны аконнымі праёмамі з паўцыркульнымі завяршэннямі ў глыбокіх парталах. Гал. фасад завершаны ступеньчатым франтонам, аздоблены плоскімі арачнымі нішамі і пілястрамі. У інтэр’еры скульпт. мармуровае надмагілле фундатараў касцёла ў стылі рэнесансу і разны алтар 1-й пал. 17 ст. У нішы 2 гарэльефныя фігуры Вольскіх (Мікалая ў рыцарскім адзенні, яго жонкі Барбары ў манаскім уборы) адна супраць адной на каленях у малітоўных позах. Арх. аблямоўка (калоны з простым антаблементам, валюты над бакавымі нішамі, картуш з гербамі) арганічна спалучаецца з пластычнымі матывамі і падкрэслівае строгую ўраўнаважанасць кампазіцыі. Каля касцёла званіца 2-й пал. 18 ст. з барочным дахам. Перад касцёлам стаяў мураваны корпус Крамяніцкага кляштара канонікаў латэранскіх.

А.К.Лявонава, А.А.Ярашэвіч.

Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл.
Надмагілле Вольскіх у Крамяніца-Дольнаўскім Георгіеўскім касцёле.

т. 8, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМЯ́НІЦКІ КЛЯ́ШТАР КАНО́НІКАЎ ЛАТЭРА́НСКІХ.

Існаваў у 1617—1832 у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на. Засн. віцебскім кашталянам М.Вольскім і яго жонкай Барбарай. Кляштар валодаў фальваркам Вольгаўшчына з в. Марцінавічы (50 валок зямлі), 15 маргамі сенажаці і полем вакол кляштара (1,5 валокі). Сын Вольскага Казімір, дваранін каралеўскі, працягваў будаўніцтва і даў кляштару в. Кватары. Пры кляштары існавалі шпіталь, Ружанцавае брацтва, б-ка (у 1783 мела 1055 кніг). Пасля скасавання кляштара касцёл застаўся парафіяльным (гл. Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл), жылыя будынкі разабраны ў 1940-я г.

А.А.Ярашэвіч.

т. 8, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭЛЬЕ́Ф (франц. haut-rélief літар. высокі рэльеф),

від рэльефнай скульптуры, у якім выявы выступаюць над плоскасцю фону больш як на палавіну свайго аб’ёму. Выкарыстоўваюцца ў манум.-дэкар. мастацтве, надмагіллях, афармленні інтэр’ераў грамадскіх, жылых і культавых будынкаў, мемар. дошках. Можа спалучацца з барэльефам. На Беларусі ў гарэльефе выкананы надмагіллі Вольскіх (пасля 1623), Сапегаў (пасля 1635), у касцёлах у в. Крамяніца Дольная (Зэльвенскі р-н) і в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), выявы святых у Гродзенскім езуіцкім касцёле (1736) і інш. У наш час у гарэльефе выкананы надмагілле Я.Коласа, кампазіцыі манумента Перамогі, «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды (1979, скульпт. А.Арцімовіч) — абедзве ў Мінску. Гарэльеф выкарыстаны ў помніку вызваліцелям Полацка і інш.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў на Беларусі ў 16—20 ст. Утвораны ў 1507 у складзе Навагрудскага ваяводства ВКЛ. Межы павета ўдакладняліся ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66 і пазней. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Гродзенскім ваяводстве ВКЛ, пасля 3-га падзелу (1795) у Рас. імперыі: з 1795 у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Павятовы цэнтр — г. Ваўкавыск. Пл. павета 3413,2 кв. вярсты, нас. 149 678 чал. (1897). У Ваўкавыскі павет ўваходзіла 25 валасцей: Баярская, Біскупцоўская, Вільчукоўская, Вярэйкаўская, Гарнастаеўская, Дабравольская, Зельзінская, Зэльвенская, Ізабелінская, Крамяніцкая, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Пескаўская, Поразаўская, Пянюгаўская, Роская, Самаравіцкая, Свіслацкая, Талачманоўская, Тарнопальская, Шылавіцкая, Шымкоўская, Юшкаўская. У павеце было 13 мястэчак: Зэльва, Ізабелін, Крамяніца, Лапеніца, Лыскава (Лыскі), Малая Лапеніца, Мсцібава, Новы Двор, Поразава, Пескі, Рось, Свіслач і Ялоўка; 6 сёл, 437 вёсак і 348 дробных нас. пунктаў (1889). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 павет у складзе Польшчы, у Беластоцкім ваяводстве. Былыя воласці ўзбуйнены і пераўтвораны ў гміны. У 1927 пл. 3892 км², нас. 115 261 чал., 16 гмін: у т. л. Біскупская (Біскупцоўская), Зэльвенская, Ізабелінская, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Поразаўская, Роская, Свіслацкая, Тарнопальская, Церашкоўская, Шылавіцкая, Ялоўская. З 1939 у складзе БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобласці, 15.1.1940 скасаваны, на яго тэр. ўтвораны Ваўкавыскі раён.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДМАГІ́ЛЛЕ,

твор скульптуры ці архітэктурнае збудаванне, якія прызначаюцца для ўвекавечвання памяці нябожчыка і ўстанаўліваюцца на яго магіле. Н. ствараюць у выглядзе бюстаў, статуй, рэльефаў, стэл, калон, абеліскаў і інш. Форма і характар Н. абумоўлены сац. і рэліг. патрабаваннямі, пануючым маст. стылем.

Вядомы з часоў неаліту ў выглядзе слупоў, менгіраў, у Стараж. Грэцыі — статуі, стэлы з выявай памерлага. З 11 ст. ў Зах. Еўропе асн. тыпам Н. была тумба (пустая каменная ці бронз. каробка). На сярэдневяковым Каўказе, у Румыніі, на Балканах пашыраны каменныя пліты з арнаментальнай разьбой. Кіт. Н. (верт. пліты) узводзіліся адна над адной і паступова пераўтвараліся ў мемар. сцены. У эпоху Адраджэння Н. выцеснены грабніцамі. У 17—18 ст. партрэтныя выявы часта спалучалі з сімваламі і алегарычнымі фігурамі; большую значнасць набылі надпісы 3 канца 18 — пач. 19 ст. Н. ўстанаўліваюцца на могілках. У Н. 2-й пал. 19—20 ст. рэліг.-дыдактычны пачатак паступова слабее, аздабленнем магілы часцей становіцца партрэт памерлага ці сімвалічна-мемар. эмблема.

На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. Уяўлялі сабой каменныя або жал. пліты з тэкстам пра жыццё памерлага, выявамі герба, евангельскіх сцэн, іх клалі на магілу або ў храмах (надмагільная пліта епіскапа Цярлецкага, захоўваецца ў Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі). Паяўленне скульпт. Н. звязана з уплывам традыцый Адраджэння і дзейнасцю італьян. мастакоў. Захаваліся Н. 16 ст.: А.Гаштольда — рэльефная выява памерлага (1539—41, скульпт. З.Бернардзін), П.Гальшанскага (1550, скульпт. Падавана; абодва ў Віленскім кафедральным саборы), фрагмент мармуровага Н. з выявай спячага дзіцяці з замка ў г.п. Мір (Гродзенскі гісторыка-археал. музей), надмагільны рэльеф М.К.Радзівіла Сіроткі (пасля 1616) і Н. ў выглядзе бюста другога яго сына (1608, абодва ў Нясвіжскім касцёле езуітаў), шматфігурная кампазіцыя на пліце ў памяць пра тых, што загінулі пад Хоцімам (пасля 1643, Навагрудскі фарны касцёл), Мікалая і Барбары Вольскіх — укленчаныя адзін супраць аднаго перад крыжам (пасля 1623, Георгіеўскі касцёл у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.), Л.Сапегі і яго жонак (пасля 1633, касцёл Міхаіла ў Вільні), П.Сапегі і трох жонак (пасля 1635, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., цяпер у Музеі стараж.-бел. культуры). Рысы класіцызму выяўляюцца ў маст. вырашэнні надмагілля Б.Біспінка з мармуровай выявай жанчыны, якая сядзіць на саркафагу (1789, скульпт. І.Прукнер, Троіцкі касцёл, г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), К.Радзівіл (1825, Нясвіжскі касцёл езуітаў), графа М.П.Румянцава (1834, скульпт. В.Дэмут-Маліноўскі, Гомельскі краязнаўчы музей), брата А.Міцкевіча Аляксандра (пасля 1873, г. Кобрын Брэсцкай вобл.), А.Чахоўскага (пасля 1858, в. Лунна Мастоўскага р-на), С.Пац (19 ст., Троіцкі касцёл, г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.), А.Тызенгаўза з бронзавай выявай сядзячай жанчыны і партрэтным медальёнам (1887, скульпт. Т.Дукас, Гродзенскі касцёл езуітаў). У 2-й пал. 20 ст. створаны шэраг значных Н. дзярж. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў: Я.Коласа (1970, скульпт. У.Ананька, М.Якавенка, арх. М.Мызнікаў), Я.Купалы (1971, скульпт. А.Анікейчык і А.Заспіцкі), І.Жыновіча (1976, скульпт. З.Азгур), І.Мележа (1980, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў), П.М.Машэрава (1983, скульпт. Анікейчык, арх. Л.Левін, Ю.Градаў), Е.Лось (1985, скульпт. Заспіцкі), І.І.Грамовіча (скульпт. М.Рыжанкоў), А.А.Анікейчыка (абодва 1988, скульпт. А.Фінскі), Ю.А.Карачуна (скульпт. У.Лятун), В.Ц.Турава (абодва 1999, скульпт. Якавенка). У мемар. комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» створана агульнае Н. над некропалем герояў, што загінулі ў крэпасці (1967—71, арх. У.Кароль, Казакоў, В.Волчак, В.Занковіч, Г.Сысоеў і інш.). Н.-стэлы ўстаноўлены ахвярам фашызму каля в. Маціёва Талачынскага р-на (1967) і ў г. Докшыцы (1968), на брацкай магіле партызан, ахвяр фашызму і землякоў у в. Масевічы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. (1975), гомельскім апалчэнцам і Ц.С.Барадзіну (1975, скульпт. Г.Гарбанёў), на брацкай магіле чырвонагвардзейцаў у в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. (1983) і інш.

А.К.Лявонава.

Надмагілле Мікалая і Барбары Вольскіх у Георгіеўскім касцёле вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Надмагілле. Помнік на магіле Янкі Купалы. 1971. Скульптары А.Анікейчык і А.Заспіцкі.

т. 11, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЭ́ЛЬВЕНСКІ РАЁН,

на Пд Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,9 тыс. км². Нас. 27 тыс. чал. (1997), гарадскога 31,8%. Сярэдняя шчыльнасць 30,9 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Зэльва, 126 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Галынкаўскі, Дабрасельскі, Дзярэчынскі, Зэльвенскі, Каралінскі, Крамяніцкі, Славаціцкі, Сынковіцкі, Тулаўскі, Ялуцавіцкі.

Раён размешчаны на Ваўкавыскім і Слонімскім узв., якія падзелены далінай р. Зальвянка; на Пн — Нёманская нізіна. Паверхня ўзгорыста-платопадобная. Пераважаюць выш. 150—200 м, 25% тэр. вышэй за 200 м Найвыш. пункт 239 м (каля в. Мадзейкі). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, ганчарныя і цэм. гліны. Сярэдняя т-ра студз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 536 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Рэкі: Зальвянка, Шчара з прытокамі Луконіца, Бяроза. Зэльвенскае вадасх. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (64%), тарфяна-балотныя (12,5%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (11,5%). Пад лесам 16,1% тэр., з іх 35% — штучныя насаджэнні. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя, трапляюцца дубовыя і грабавыя. У даліне р. Зальвянка пашыраны заліўныя лугі. Балоты займаюць 1,9%. Рэспубліканскі біял. заказнік Медухава, паляўнічы заказнік Старасельскі. Помнікі прыроды: вярховыя балоты Вішнеўка і Карэвін лут; камень-валун (3,45x2, 45x1,7 м); дуб-трайнік (дыяметр ствала 118 см); дуб (дыяметр 201 см); сасна (дыяметр 115 см).

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 63,3 тыс. га, з іх асушаных 14 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 15 калгасаў, пчолапрадпрыемства. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, лён-даўгунец, кармавыя культуры. Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў (асфальт, цэгла) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Гродна—Баранавічы і аўтадарогі Ваўкавыск—Слонім, Слонім—Масты. У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 5 пач. школ, спарт. школа, 2 навучальна-вытв. камбінаты, санаторная школа-інтэрнат (базавая), 21 дашкольная ўстанова, 46 клубаў, 42 б-кі, 3 бальніцы, 5 амбулаторый, 16 фельч.-ак. пунктаў, раённая паліклініка. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом канца 19 ст. ў в. Аляксандраўшчына; царква Яна 2-й пал. 19 ст. ў в. Вострава; Спаса-Праабражэнская царква сярэдзіны 19 ст. і касцёл Ушэсця пач. 20 ст. ў в. Дзярэчын; Юр’еўскі касцёл (1617) у в. Крамяніца; Міхайлаўскі касцёл (1782) у в. Луконіца; Благавешчанскі касцёл (1912) у в. Міжэрычы; царква канца 18 — пач. 19 ст. ў в. Славацічы; вадзяны млын канца 19 ст. ў в. Старая Галынка; царква-крэпасць 15—16 ст. у в. Сынковічы. Выдаецца газ. «Праца».

С.І.Сідор.

т. 7, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)