Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСПА́СІЯ, Аспазія (Aspasia; каля 470 да нашай эры, г. Мілет — ?),
адна з выдатных жанчын Стараж. Грэцыі. Не мела афіц. грамадзянства, таму яе шлюб з Перыклам лічыўся незаконным. Вызначалася розумам, адукаванасцю і прыгажосцю. Вакол яе гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Паліт. праціўнікі Перыкла абвінавацілі Аспасію ў амаральнасці і непавазе да багоў, але з дапамогай мужа суд апраўдаў яе. Пасля Перыкла (429) стала жонкай яго сябра Лісікла.
Літ.:
Кравчук А. Перикл и Аспазия: Историко-худож. хроника: Пер. с польск. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕАПА́ТРА VII (Kleopatra; 69 да н.э., г. Александрыя, Егіпет — 30 да н.э.),
старажытнаегіпецкая царыца [51—48, 47—30 да н.э.], апошняя з дынастыі Пталамеяў. Дачка Пталамея XII, сястра, жонка, суправіцелька (з 51) Пталамея XIII, з якім сапернічала за ўладу. З 48 у выгнанні ў Сірыі. Пасля Александрыйскай вайны (47) вярнулася на трон з дапамогай Юлія Цэзара, які захапіўся разумнай і адукаванай царыцай (ад Цэзара яна мела сына Цэзарыёна). Пасля забойства Цэзара саюзніца і каханка Марка Антонія (пасля 41, з 37 яго жонка), падтрымлівала яго ў барацьбе з Актавіянам (Аўгустам). Пасля паражэння ў вайне з Рымам і ўступлення арміі Актавіяна ў Егіпет скончыла самагубствам. Паводле падання, ёй прынеслі ядавітую змяю, укус якой, паводле егіп. уяўленняў, абяцаў бессмяротнасць. Вобраз К. VII адлюстраваны ў л-ры (У.Шэкспір, Б.Шоу, П.Карнель) і выяўл. мастацтве (Дж.Цьепала, П.П.Рубенс і інш.).
Літ.:
Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;
Талашова Н. Клеопатра // Женщины-легенды. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫ́КЛ (Periklēs; каля 490—429 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паліт. і дзярж. дзеяч, стратэг Афінаў у 444—31 і 429 да н.э. Паходзіў са стараж. арыстакратычнага роду; атрымаў добрую адукацыю, Прыхільнік дэмакратыі, працягваў распачатую Эфіяльтам дэмакратызацыю дзярж. ладу Афінаў. Ініцыіраваў скасаванне маёмаснага цэнзу пры выбранні службовых асоб і ўвядзенне грашовай аплаты працы суддзяў. Пры ім вялося шырокае ваен., грамадскае і культавае буд-ва, у т. л. пабудаваны Афінскі Акропаль. Імкнуўся забяспечыць марскую магутнасць Афінаў, цэнтралізацыю Архе Афінскай, супрацьстаяў Пелапанескаму саюзу. Паспрыяў паліт. і эканам. росквіту Афінаў, ператварэнню іх ў буйны культ. цэнтр стараж. свету.
Літ.:
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до н.э.Мн., 1975;
Кравчук А. Перикл и Аспазия: Ист.-худож. хроника: Пер. с пол. М., 1991;
Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания. М.;
Харьков, 1999.
Я.У.Новікаў.
Перыкл. Мармуровая копія з бронзавага бюста Крэсілая. 2-я пал. 5 ст да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАЛАМЕ́І (грэч. Ptolemaioi),
Лагіды, грэка-македонская дынастыя цароў эліністычнага Егіпта ў 3—1 ст. да н.э.Найб. значныя прадстаўнікі: П. I Сатэр («выратавальнік»; каля 366—283 да н.э.), цар у 305—283 да н.э. Адзін з палкаводцаў Аляксандра Македонскага. З 323 да н.э. сатрап. Ператварыў Егіпет у арганізаваную і цэнтралізаваную дзяржаву. Пры ім сталіца Александрыя стала гасп. і духоўным цэнтрам Егіпта (засн.Александрыйскі мусеян, б-ку). Аўтар гісторыі паходаў Аляксандра Македонскага (не захавалася). П. II Філадэльф («які любіць сястру»; 308—246 да н.э.), цар у 285—246 да н.э. Стварыў моцны флот, далучыў шэраг тэр., умацаваў паліт. і эканам. становішча Егіпта. У адпаведнасці з егіп. традыцыямі ўзяў шлюб з уласнай сястрой. П. III Евергет («дабрадзей»; каля 284—221 да н.э.), цар у 246—221 да н.э. Пры ім Егіпет дасягнуў найб. памераў і валодаў найвыш. аўтарытэтам сярод эліністычных дзяржаў. У час праўлення П. VI Філаметара («які любіць маці»), цара ў 180—145 да н.э., пачаліся працяглыя дынастычныя войны. Пры яго пераемніках Егіпет (з 168 да н.э.) трапіў пад рым. ўплыў.
Стаўленік Рыма П. XI Аляксандр II [80 да н.э.] забіты паўстаўшымі александрыйцамі. П. XII Філапатар Новы Дыяніс [80—51 да н.э.] вярнуўся на прастол з дапамогай рым. легіянераў. Цэзар падтрымаў Клеапатру VII у барацьбе за трон з яе братам і мужам П. XIV. У 30 да н.э. праўленне П. скончылася, Егіпет стаў рым. правінцыяй.
Літ.:
Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;
Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982.