КО́ФКА ((Koffka) Курт) (18.3.1886, Берлін — 22.11.1941),

нямецкі і амер. псіхолаг, адзін з заснавальнікаў гештальт-псіхалогіі. Прафесар ун-та ў г. Гісен (1918—24), з 1927 Смітаўскага каледжа ў Нартгемптане (ЗША). Разам з М.​Вертгаймерам і В.​Кёлерам заснаваў і выдаваў час. «Psychologische Forschung» («Псіхалагічныя даследаванні»). Даследаваў праблемы ўспрыняцця, псіхічнага развіцця, памяці, мыслення, выпрацоўкі навыкаў і інш., якія разглядаў у плане заканамернасцей цэласнай структуры. Першым сярод гештальт-псіхолагаў звярнуўся да праблем псіхічнага развіцця дзіцяці. Асн. працы: «Асновы псіхічнага развіцця...» (1921), «Прынцыпы гештальтпсіхалогіі» (1935).

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кофка К. 3/462

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕШТАЛЬТПСІХАЛО́ГІЯ (ад ням. Gestalt форма, цэласнасць + псіхалогія),

кірунак зах. псіхалогіі, які ўзнік у Германіі ў 1-й трэці 20 ст. і прытрымліваўся прынцыпу цэласнасці пры аналізе складаных псіх. працэсаў. Першаснымі, асн. элементамі псіхікі гештальтпсіхалогія лічыць своеасаблівыя цэласныя структуры, вобразы (гештальты), абапіраючыся на ўяўленні аб «гештальтякасці» як уласцівасці цэлага, якое захоўваецца пры змяненні асобных яго частак (напр., мелодыя, што прайграецца ў розных танальнасцях і інш.). Паводле гештальтпсіхалогіі, аналіз частак не можа прывесці да разумення цэлага, паколькі цэлае вызначаецца не сумай, а ўзаемадзеяннем і ўзаемазалежнасцю яго асобных частак. Заснавальнікамі і гал. прадстаўнікамі гештальтпсіхалогіі з’яўляюцца М.​Вертгаймер, В.​Кёлер, К.​Кофка, К.​Дункер, К.​Левін і інш. Напачатку гештальтпсіхалогія склалася на аснове даследавання зрокавага ўспрымання, потым пашырыла свае ідэі на вывучэнне мыслення, памяці, псіхалогіі развіцця асобы і сац. групы, на даследаванне фіз., фізіял. і нават эканам. праблем. Гештальтпсіхалогія ўнесла ў псіхал. навуку структурны прынцып, а гэта, паводле рас. псіхолага Л.Выгоцкага, «вялікая непахісная заваёва тэарэтычнай думкі».

Літ.:

Коффка К. Основы психического развития: Пер. с нем. М.; Л., 1934;

Вертгеймер М. Продуктивное мышление: Пер. с нем. М., 1987;

Гештальт’94: Сб. материалов Моск. Гештальтин-та за 1994 г. Мн., 1995;

Köhler W. Gestalt-psychology. New York, 1929;

Koffka K. Principles of gestalt psychology. New York, 1935.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)