Копцеўка (в.) 3/561 (к.), 562; 6/72

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЦЕЎКА,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Рамясцвянка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 28 км на ПдУ ад г. Горкі, 74 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 396 ж., 144 двары (1998). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЦКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1988 у г. Горкі Магілёўскай вобл. Мае 8 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 484 м²), каля тыс. экспанатаў асн. фонду (1997). Аддзелы: археалагічны, гісторыі краю дасав. перыяду, сав. перыяду, Вял. Айч. вайны, этнаграфічны, мастацкі. Сярод экспанатаў стараж. кераміка, прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні з археал. помнікаў Горацкага і суседніх раёнаў, карта сял. хваляванняў 1655, матэрыялы пра Горацкі маёнтак, Горы-Горацкія земляробчую школу і інстытут. Шматлікія крыніцы і ўспаміны расказваюць пра падзеі ў Горках у час паўстання 1863—64, пра старшыню першага рэўкома на Чукотцы М.​С.​Мандрыкава, лёсы землякоў, якія ў час калектывізацыі былі беспадстаўна рэпрэсіраваны. У экспазіцыі, прысвечанай Вял. Айч. вайне, матэрыялы пра дзейнасць Горацкага патрыятычнага падполля, воінаў-землякоў — Герояў Сав. Саюза, пра баявыя дзеянні на тэр. раёна польск. дывізіі імя Т.​Касцюшкі, лётчыкаў з авіяэскадрыллі «Нармандыя—Нёман» і інш. У аддзеле этнаграфіі экспануюцца землеапрацоўчыя прылады, адзенне 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., вырабы ткацтва, ганчарства і інш. рамёстваў. Мастацкі аддзел аформлены як карцінная галерэя твораў землякоў-жывапісцаў. Філіялы музея працуюць у вёсках Аўсянка, Копцеўка, Леніна і Маслякі.

У.​М.​Ліўшыц.

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

на З Гродзенскай вобл.; зах. ч. Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады. На Пн і У мяжуе з Нёманскай ніз., ад Ваўкавыскага узв. аддзелена далінай Свіслачы, на З заходзіць на тэр. Польшчы (Сакольскае узв.). Пл. 1,4 тыс. км², з Пн на Пд працягнулася на 60 км, з З на У — да 40 км. Найб. выш. 247 м (паблізу в. Капцёўка, за 12 км на Пд ад Гродна), над урэзам Нёмана прыўзнята на 157 км.

У тэктанічных адносінах Гродзенскае ўзвышша прымеркавана да зах. ч. Беларускай антэклізы. Магутнасць асадкавага покрыва 400 м. У антрапагене ўвесь асадкавы чахол падвяргаўся магутнаму ўплыву ледавікоў. Уздзеянне бярэзінскага ледавіка на подсцільныя пароды прывяло да ўзнікнення каля Гродна вял. ледавіковых лагчын з адзнакамі днішча да -167,5 м, магутных мелавых гляцыядыяпіраў і буйных адорвеняў. Канчатковае фарміраванне канцова-марэнных град (Капцёўскай, Магілянскай, Кулеўскай, Дуброўскай і інш.) адбылося ў сярэднім антрапагене ў час дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Паўн. і паўн.-зах. часткі ўзвышша — маламагутныя краявыя ўтварэнні (камы) паазерскага ледавіка. Града мае пераважна хвалістую паверхню з невял. ўзгоркамі-астанцамі. На ўскраінах пашыраны буйны ўзгорыста-ўвалісты рэльеф з амплітудай вышынь да 20—25 м. Гродзенскае ўзвышша прарэзана шырокай далінай Нёмана і яго прытока Ласосны, да якой з У каля Гродна падыходзіць больш вузкая даліна прарыву Нёмана (шыр. рэчышча 50—100 м), што ўтварылася на ўчастку марэннага завалу ледавіковай лагчыны і прадаліны Нёмана стараж. ледавікамі. Па берагах даліны глыбокія яры (равы), адзін з якіх — Калодзежны Роў аб’яўлены помнікам прыроды. Будова даліны Нёмана складаная, вылучаюцца верхняя і 8 лакальных тэрас, 3 поймавыя ўзроўні. Карысныя выкапні: мел, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Гродзенскае ўзвышша дрэніруюць Нёман з прытокамі Гожка, Ласосна (з Татаркай і Каменкай), Горніца. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя супясчаныя і пясчаныя на канцова-марэнных градах, дзярнова-падзолістыя сугліністыя на другасных марэнных раўнінах, поймавыя ў далінах рэк. Прыродная расліннасць моцна зрэджаная. Пад лесам 9% тэр. Лясы хваёвыя са значнымі дамешкамі шыракалістых парод (дуб, клён, ясень, ліпа). У даліне Нёмана на схілах буйных яроў пашыраны барбарыс, глог, шыпшына, брызгліна. У поймах рэк вярба, бяроза, вольха, крушына, чаромха. Лугі пазапоймавыя са злакавых, разнатраўных, асаковых асацыяцый, на сухадолах пераважае сівец. Балоты пераважна нізінныя. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі.

Гродзенскае ўзвышша каля в. Копцеўка Гродзенскага раёна.

т. 5, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)