ГАРНАСТА́Й

(Mustela erminea),

млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве каля вадаёмаў, на балотах, у лесе, зарасніках кустоў, лесастэпе. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца ўсюды (падвід гарнастай сярэднярускі).

Даўж. цела да 38 см, хваста да 12 см, маса да 260 г. Футра кароткае, мяккае, густое. Летам спіна і бакі буравата-рыжыя, брушка белае з лімонна-жоўтым адценнем, зімой — снежна-белыя. Кончык хваста чорны. Корміцца пераважна дробнымі мышападобнымі грызунамі. Гнёзды ў норах, дуплах, ламаччы, пад тарпамі саломы. Нараджае да 18 дзіцянят (у сярэднім 4—8). Каштоўнае футра.

т. 5, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗЮ́КА ЗВЫЧА́ЙНАЯ

(Vipera berus),

ядавітая змяя сям. гадзюкавых, атр. лускаватых. Пашырана ў Паўн. Еўразіі і Сярэдняй Еўропе. Насяляе лясную і лесастэпавую зоны, пераважна мяшаныя лясы з палянамі і добрым травастоем, узлескі, высечкі, зарослыя горы, балоты, берагі рэк і азёр. Часта трапляецца ў агародах, радзей на лугах, у сухіх хваёвых барах і ельніках-зеленамошніках. На Беларусі — усюды. Аселая.

Даўж. да 85 см, самкі даўжэйшыя за самцоў. Уздоўж спіны цёмная зігзагападобная паласа. Зверху тулава шэрае, чырвона-бурае, чорнае; бруха шэрае, бурае, чорнае, зрэдку плямістае. На галаве іксападобны малюнак. Кончык хваста жаўтаваты або чырванаватааранжавы. На верхняй сківіцы 1—2 ядавітыя зубы. Корміцца мышамі, палёўкамі, жабамі, яшчаркамі, птушанятамі, моладзь — беспазваночнымі. Палюе пераважна ўначы. Яйцажывародная. Укус балючы, выклікае працяглае недамаганне. Аб’ект адлову для атрымання змяінага яду.

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)