Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НСКІ КАШТА́Н, горкі каштан (Aesculus),
род кветкавых раслін сям. конскакаштанавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Радзіма — Балканскі п-аў. У Еўропе ў культуры з 16 ст. На Беларусі інтрадукаваны 4 віды: К.к. звычайны (A. hippocastanum), гібрыдны (A. hybrida), мяса-чырв. (A. carnea), васьмітычынкавы (A. octandra).
Лістападныя дрэвы, радзей кусты, з пірамідальнай кронай, выш. 25—30 м. Лісце супраціўнае, пальчата-складанае. Кветкі няправільныя ў прамастойных мяцёлкападобных суквеццях. Плод — шыпаватая каробачка з адным буйным семем. Лек і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГАТУ́РАў медыцыне,
нітка, завязаная вакол крывяноснага, лімфатычнага сасуда ці інш. трубчастых органаў для спынення кровацячэння ці яго папярэджвання, злучэння органаў і тканак. Выкарыстоўваюць шоўк, кетгут, лаўсан, капрон, конскі волас і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОБ (Faba),
род травяністых раслін сям. бабовых. 1 від — боб конскі, або рускі (F. bona). Старажытная кармавая і харч. (агароднінная) культура. У дзікім стане невядома. Вырошчваюць ва ўсіх краінах умераных паясоў. Кармавы боб мае дробнае насенне і развітую вегетатыўную масу, харчовы — буйнаплодны і буйнанасенны з тоўстымі мясістымі створкамі, мае 23—25% бялку, да 36% крухмалу, цукры, пекцінавыя рэчывы, вітаміны і інш. На Беларусі пашыраны сарты Беларускі, Рускі чорны (харчовыя), Аўшра (кармавы).
Аднагадовая, пераважна самаапыляльная, расліна выш. 1—1,5 м. Корань стрыжнёвы, разгалінаваны, пранікае ў глебу на глыб. 80—150 см. Лісце без вусікаў. Кветкі белыя ці ружаватыя, сабраныя ў гронкі. Плод — шматнасенны струк. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Вільгацялюбная расліна, усходы пераносяць замаразкі да -4 — -5 °C. Добра расце на багатых перагноем гліністых і на акультураных тарфяна-балотных глебах. Ураджай зерня 2—3 (да 5), зялёнай масы 20—30 т/га. Завораная зялёная маса — добры сідэрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТ (ад лац. matta цыноўка, рагожа),
1) цыноўкі, пляцёнкі з саломы, чароту, рагозу і інш. Выкарыстоўваюцца для аховы ад холаду раслін у парніках (парніковыя М., напр., з жытняй саломы).
2) У спорце — матрацы, мяккі подсціл. Складаюцца з абалонкі, чахла (трывалая тканіна) і набіўкі (порыстая пластмаса, шарсцяныя ці баваўняныя ачоскі, футравыя адходы, конскі волас і інш.), бываюць прашытыя шпагатам. Выкарыстоўваюцца ў барацьбе, акрабатыцы, гімнастыцы і інш. для змякчэння ўдараў і прадухілення траўмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЙСКІ ПАРК,
помнік сядзібна-паркавага мастацтва. Закладзены ў пач. 19 ст. ў г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. каля 4 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны 1-павярховы палац на левым беразе Зах. Дзвіны (будынак неаднаразова перабудоўваўся і страціў пачатковы выгляд). Парк выцягнуты з У на З, у паўд.ч. зберагліся алеі, у заходняй — старыя ліпы. Растуць мясц. пароды дрэў, у т. л.конскі каштан звычайны, вяз шурпаты ніцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРНІ́К,
адзін з відаў ахаванага грунту для вырошчвання агародніны, кветкавых культур і іх расады. Тыпы П.: аднасхільны, двухсхільны; паглыблены, наземны (стацыянарны і пераносны). Найб. пашыраны паглыблены П., які размяшчаюць з У на З для лепшага выкарыстоўвання сонечнага святла. Укрываюць зашклёнымі рамамі, шырока выкарыстоўваюць празрыстую плёнку. Крыніцы абагрэву П.: сонца, біяпаліва (часцей конскі гной), падагрэтая вада, электраэнергія і інш. П. дае магчымасць атрымліваць ураджай на 7—25 сут раней і некалькі разоў за сезон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).
У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТА́Нсапраўдны, салодкі,
або ядомы (Castanea), род кветкавых раслін сям. букавых. 14 блізкароднасных відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Паўн. Амерыцы, Усх. Азіі. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны К. пасяўны (C. sativa).
Лістападныя дрэвы, радзей кусты, з баразнаватай карой выш. да 35 м. Лісце шырокаланцэтнае, цвёрдае, зубчастае. Кветкі дробныя, адна- або двухполыя ў агульных коласападобных суквеццях (маюць выгляд каташкоў). Плод з 1—3 арэшкаў. Драўніна К. пасяўнога ідзе на выраб мэблі і бочак, у кары дубільныя рэчывы. Плады ядомыя, выкарыстоўваюцца ў кандытарскай прам-сці. Ёсць дэкар. расліны. Жыве да 1000 гадоў. Гл. таксама Конскі каштан.