Конніца, гл. Кавалерыя

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БУВІ́Н (Bouvines),

населены пункт у паўн.-ўсх. Францыі (дэпартамент Нор), каля якога 27.7.1214 войска франц. караля Філіпа II Аўгуста (пешае апалчэнне паўн.-франц. гарадоў і рыцарская конніца) разбіла армію герм. Імператара Атона IV (нямецкія і некалькі франц. атрадаў, англ. лучнікі). Вырашальную ролю ў бітве адыграла цяжкая конніца французаў. У выніку перамогі ўлада франц. караля ўзмацнілася, да Францыі адышлі Нармандыя, Мэн, Анжу і інш. вобласці.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІДЗЕ́НКА (Аляксандр Аляксандравіч) (13.4.1899, г. Адэса, Украіна — 1.5.1934),

расійскі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929). У 1925—29 узначальваў «Вытворчы калектыў студэнтаў-кампазітараў Маскоўскай кансерваторыі». Аўтар хар. твораў на рэв. тэмы «На дзесятай вярсце», «Вуліца хвалюецца». Найб. папулярныя яго песні на словы М.Асеева («Конніца Будзённага», «Першая конная», «Вінтовачка»), Дз.Беднага («Нас пабіць, пабіць хацелі»), А.Жарава, М.Святлова і інш. Аўтар опер «1919 год» (1931) і «1905 год» (1935, разам з Б.Шэхцерам), зборніка для фп. песень народаў Паўн. Каўказа.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРХГО́ЛЬМСКАЯ БІ́ТВА 1605.

Адбылася ў час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 каля в. Кірхгольм (сучасны г. Саласпілс, Латвія). У жн. 1605 шведскі кароль Карл IX з 12-тысячнай арміяй падступіў да Рыгі і пачаў аблогу горада. На дапамогу абаронцам Рыгі выступіла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.К.Хадкевічам. Харугвы ВКЛ спыніліся лагерам за 13 км ад Рыгі каля в. Кірхгольм. На досвітку 27 вер. да іх падышла армія Карла IX (6840 чал. пяхоты, 450 коннікаў і 11 гармат). Хадкевіч меў 4350 чал., з іх 3310 коннікаў. Пасля доўгага процістаяння гетман зрабіў манеўр: лёгкая конніца адступіла, што вымусіла шведаў перайсці ў наступленне і пакінуць зручныя пазіцыі. Але калі швед. пяхота з гарматамі спусцілася з узвышша, па ёй з флангаў ударылі рэйтары Хадкевіча. У выніку швед. войска парушыла самкнуты строй і стала безабаронным перад конніцай ВКЛ. Гусары В.Войны атакавалі корпус пяхоты, а конніца Т.Дамбровы і полк Я.П.Сапегі — рэйтараў; шведы пачалі ўцякаць. У пагоню кінуліся татарскія харугвы, якія вартавалі абоз Хадкевіча. Шведы страцілі каля 6 тыс. забітымі, усе гарматы і 60 харугваў; быў паранены і Карл IX. У войску ВКЛ загінула каля 100 чал. і некалькі сотняў атрымалі раны.

Літ.:

Чаропка В. Бітва пад Кірхгольмам // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3.

Кірхгольмская бітва.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЯ АБЛО́ГА 1651.

Праводзілася ўкр. Казакамі 3—9.6.1651 у час народна-вызваленчай вайны 1648—54. Палкоўнік М.Нябаба накіраваў да Гомеля каля 8 тыс. казакоў (сярод іх было шмат бел. сялян). 3 чэрв. казакі падышлі да Гомеля, пяхота (3 тыс. чал.) выкапала шанцы, конніца разгрупавалася па вёсках. На дапамогу абаронцам і для дастаўкі харчавання Я.Радзівіл паслаў некалькі соцень чалавек. У ноч на 5 чэрв. пачаўся штурм горада, але абаронцы адкінулі казакоў ад агароджы. Няўдала для казакоў скончыліся і ўсе наступныя 15 штурмаў, праведзеных атрадамі Літвіненкі і Паповіча. 9 чэрв. казакі атрымалі загад Нябабы вяртацца і спешна адышлі ад Гомеля.

В.І.Мялешка.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКМЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1331.

Адбылася паміж літ.-бел. войскам ВКЛ і рыцарамі Тэўтонскага ордэна на р. Акмяна (Паўн. Літва). Ням. рыцары, уварваўшыся ў Жамойць, рабавалі і знішчалі насельніцтва. Жмудзіны папрасілі дапамогі ў ВКЛ. Вял. кн. Гедзімін сабраў войска з літ., полацкіх і новагародскіх дружын і даў бой рыцарам на чале з Генрыхам фон Плокам. Дзякуючы добраму размяшчэнню войскаў (наперадзе татарская конніца, пасярэдзіне літ. воіны, на флангах і ў рэзерве бел. дружыны) Гедзімін разбіў ворагаў і прымусіў іх уцякаць. Мясц. насельніцтва, гвалтоўна ўключанае ў тэўтонскае войска, у час бою перайшло на бок Гедзіміна. Акмянская бітва на пэўны час прыпыніла ням. агрэсію на землі ВКЛ.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ СУСТРЭ́ЧА 1409,

перагаворы паміж каралём Польшчы Ягайлам і вял. князем ВКЛ Вітаўтам у час Вялікай вайны 1409—11. Адбылася ў снеж. 1409 у Брэсце (Берасці). Прысутнічаў хан Джэлаладдзін (сын хана Тахтамыша), якому падпарадкоўвалася залатаардынская конніца, што была на службе ВКЛ. На Берасцейскай сустрэчы быў прыняты план летняй кампаніі 1410 супраць войскаў Тэўтонскага ордэна, вызначаны час і месца збору аб’яднаных ваен. сіл, прынята рашэнне аб пабудове пантоннага моста для пераправы цераз Віслу. Паводле дамоўленасці саюзная армія складалася з 91 харугвы (палка), з іх 51 рыхтавала Польшча, 40 — ВКЛ. План, распрацаваны на Берасцейскай сустрэчы, прывёў да перамогі саюзных армій у Грунвальдскай бітве 1410.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКБА́Р (Джэлаль-ад-дзін) (1542—1605),

правіцель Магольскай імперыі ў Індыі [1556—1605]. Пры ім дзяржава Вялікіх Маголаў дасягнула найб. магутнасці. Значна пашырыў яе межы, заваяваўшы тэр. ад Балха на Пн да р. Гадавары на Пд (у т. л. Кашмір і тэр. сучаснага Афганістана) і ад мора на З да мора на У. Вёў барацьбу з сепаратызмам феадалаў, у 1574 імкнуўся ліквідаваць сістэму джагіраў, што выклікала супраціўленне мусульм. джагірдараў. Упершыню стаў прызначаць індусаў на важныя дзярж. пасты, дынастычнымі шлюбамі ўмацаваў сувязі з раджпуцкімі княствамі, конніца раджпутаў стала асновай арміі. Увёў новую рэлігію «дзін-і ілахі» («божая вера») з элементамі ісламу, індуізму, парсізму і джайнізму.

Акбар са сваім сынам Джахангірам і ўнукам Шахам-Джаханам. Мініяцюра. Каля 1630.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918.

Адбылося 5—6 жн., найбуйнейшае ў ланцугу леваэсэраўскіх мяцяжоў 1918. Повадам паслужыла адпраўка чырвонаармейцаў на Усх. фронт. Кіраўнікі паўстання — мясц. эсэры Буевіч, Петражыцкі, Іваноў. Большасць чырвонаармейцаў Невельскага, Аршанскага пяхотнага, 1-га Бел. коннага палкоў, артдывізіёна былі з мясц. сялян, якія лічылі найпершай задачай барацьбу з ням. акупантамі. Да іх далучыліся чырвонаармейцы Стайкаўскага і Сенненскага палкоў. Паўстанцы выступілі супраць улады Саветаў, Брэсцкага міру 1918. Аршанскі Савет рабочых, чырвонаармейскіх і сял. дэпутатаў быў ліквідаваны, як орган улады створаны рэўком. Паўстанне задушылі чырвонаармейскія часці з Віцебска пад кіраўніцтвам С.Крылова і Смаленска пад камандаваннем Я.Адамовіча, конніца, 2 браневікі, атрад чэкістаў на чале з нам. старшыні ЧК Зах. вобл. Я.Кромбергам.

Н.І.Стужынская.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАЦЬЕ́Р (італьян. condottieri наёмнік),

1) кіраўнік наёмнага ваен. атрада ў Італіі ў 14—16 ст. Набылі вял. значэнне ва ўмовах пастаянных войнаў паміж італьян. дзяржавамі. У 14 ст. вербаваліся пераважна з іншаземнага рыцарства, з 15 ст. італьянскія К. выцеснілі чужаземцаў. Найб. вядомыя К.: Л.Вісконці, А да Барбіяна, Б. да Мантоне, Б.Калеоні, Ф.Сфорца і інш. Некаторыя з іх стварылі ўласныя арміі (кампаніі), самастойна вялі войны, захапіўшы ўладу ў гарадах, засноўвалі тыраніі (напр., Сфорца ў Мілане). З канца 15 ст., калі пяхота і артылерыя пачалі адыгрываць большую ролю, чым конніца (гал. сіла кандацьерскіх атрадаў), інстытут К. паступова знік.

2) Чалавек, які для асабістай выгады гатовы брацца за любую справу.

Дз.М.Чаркасаў.

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)