Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ННІКІ,
у Стараж. Грэцыі (Афіны, Фесалія і інш. гарады-дзяржавы) і Стараж. Рыме прывілеяванае саслоўе (другое пасля зямельнай арыстакратыі — набілітэту). У грэч. дзяржавах К. з’яўляліся ў войска на ўласным кані (адсюль назва) і з уласным узбраеннем. У Рыме да 4 ст. да н. э. К. — вайск. група (на ўтрыманне каня яны атрымлівалі дапамогу ад дзяржавы), пазней — асобае саслоўе, аснову багацця якога складала валоданне грашамі і рухомай маёмасцю. Сапернічалі з набілітэтам за права кіраваць паліт. жыццём. Займалі камандныя пасады ў войску, кіруючыя пасады ў Рыме і правінцыях. Як самаст. саслоўе існавалі да 4 ст.н. э.
карачаеўская пісьменніца. Аўтар зб-каў вершаў «Люблю жыццё я» (1957), «Любімыя горы» (1959), «Дабро» (1977), аповесцяў «Сям’я Карчы» (1962), «Вечныя коннікі» (1977), раманаў «Гады і горы» (1964), «Ранішняя зорка» (1974) і інш. пра гісторыю і сучаснае жыццё свайго народа. На карачаеўскую мову пераклала вершы і паэмы Я.Купалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕНТЫ́НА (Valentino) Рудольф [сапр.Гульельмі ды Валентына
(Guqlielmi di Valentino) Радольфа; 6.5.1895, Кастэланета, каля г. Таранта, Італія — 23.8.1926], амерыканскі акцёр. У ЗША з 1913. У кіно з 1918. Здымаўся ў нямых фільмах 1920-х г. («Чатыры коннікі Апакаліпсіса», «Шэйх», «Кроў і пясок», «Сын шэйха», «Кобра» і інш.),
дзе стварыў вобраз экзатычнага «лацінскага палюбоўніка», ракавога спакусніка, рамантычнага шукальніка прыгод, што прынесла яму сусветную вядомасць. Валентына — адна з легенд кінематографа, герой раманаў, п’ес, муз. твораў. У 1977 англ.рэж. К.Расел зняў пра яго маст. фільм «Валентына».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТАФА́Н (Aristophanes; каля 445—385 да нашай эры),
старажытнагрэчаскі драматург, «бацька камедыі». З 45 яго п’ес захавалася 11, у т. л. «Восы» (422), «Птушкі» (414), «Жанчыны на свяце Фесмафорыяў» (411), «Жанчыны на народным сходзе» (392), «Плутас (388). У іх асуджэнне палітыкі вайны («Ахарняне», 425; «Коннікі», 424; «Мір», 421; «Лісістрата», 411), развенчванне філасофіі сафістаў («Воблакі», 423). Адстойваў эсхілаўскі шлях развіцця грэчаскай трагедыі («Жабы», 405). Побач з гістарычнымі фактамі выкарыстоўваў міфалагічныя вобразы; нагляднасць, канкрэтнасць ідэі дасягалася праз вонкавыя камедыйныя прыёмы — карыкатуру, гіпербалу, буфанаду. Вялікую ролю ў яго камедыях адыгрываюць хор і «агон» — спрэчка паміж 2 персанажамі, якія адстойваюць процілеглыя погляды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́РЫЯ (італьян. cavalleria ад лац. caballus конь),
конніца, род сухапутных войск, дзе для вядзення баявых дзеянняў і перамяшчэння выкарыстоўваўся верхавы конь. Вырашала розныя тактычныя і аператыўна-стратэг. задачы, у т. л. праводзіла самаст. дзеянні ў адрыве ад астатніх войск, пераадольвала вял. адлегласці за кароткі час, хутка разгортвалася да бою, пераходзіла ад адных дзеянняў да інш. у конным і пешым страі і інш.
Зарадзілася ў краінах Стараж. Усходу ў раёнах масавага развядзення коней. Як род войск узнікла ў 9 ст. да н.э. ў асірыйскай арміі. Рэгулярная К. ўтворана ў Стараж. Грэцыі, вял. развіцця дасягнула ў арміі Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.). У далейшым была адным з гал. родаў войск у многіх дзяржавах.
У Беларусі прыкметы існавання К. вядомы з 1 ст. да н.э. (шпора з гарадзішча Чаплін). З развіццём дзярж. адносін з’явіліся конныя дружыны князёў і буйных феадалаў. Да 12 ст. склаўся характэрны арсенал коннага ваяра: доўгая піка, меч або шабля, сякерка-чакан, кісцень, невял. шчыт. Паводле комплексу ўзбраення вылучаліся цяжка- і лёгкаўзброеныя коннікі. У 13—14 ст. К. ператварылася ў асн. род войска. У канцы 14 — пач. 15 ст. ў сувязі са з’яўленнем у ВКЛ служылых татар вял. пашырэнне атрымалі коннікі, узброеныя лукам. У канцы 15 — пач. 16 ст. са з’яўленнем суцэльнакаваных даспехаў кавалерысты-капійнікі падзяліліся на «даспешных» і «шчытовых» (гусараў). З 16 ст. кавалерысты-стральцы, узброеныя з 14 ст. арбалетамі, забяспечваліся ручной агнястрэльнай зброяй. У канцы 16 — пач. 17 ст. адбылося рэфармаванне К., яна падзелена на цяжкую (гусары, рэйтары, аркебузеры), сярэднюю (панцырныя або пяцігорцы) і лёгкую. З 18 ст. К. ў асн. ужо не карысталіся ахоўным даспехам. К. адыграла значную ролю ў ваен. дзеяннях на тэр. Беларусі ў 1918—20. У Вял.Айч. вайну ў вызваленні Беларусі ўдзельнічалі Гродзенская (13-я), Кубанска-Баранавіцкая і Кубанска-Слуцкая (9-я і 10-я гвардзейскія казацкія) дывізіі і інш.кав. часці. Гл. таксама Драгуны, Кірасіры, Уланы.
Літ.:
Гатовский В.Н. Конница. Кн. 1—2, 4. М., 1925—28;
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1506.
Адбылася 5 жн. на р. Лань каля Клецка паміж войскам ВКЛ на чале з М.Л.Глінскім і войскам крымскіх татар, якое ўзначальвалі Беці і Бурнаш, сыны хана Менглі-Гірэя. 6—7-тысячнае войска ВКЛ некалькі гадзін вяло перастрэлку з 12—13 тыс. татар. За гэты час былі падрыхтаваны 2 гаці, па якіх коннікіВКЛ пачалі пераправу. Татары атакавалі правае крыло, што першым перайшло цераз Лань, і нанеслі яму вял. страты. Глінскі прыспешыў рух левага крыла і імклівым ударам конніцы разрэзаў татарскае войска на 2 часткі. Правае крыло таксама перайшло ў наступленне. Частка татар трапіла ў кальцо, іншыя пачалі ўцякаць. Харугвы Глінскага пайшлі ў пагоню, бралі палонных каля Слуцка, Петрыкава, на ўкр. шляхах. У выніку бітвы вызвалена каля 40 тыс. нявольнікаў, якіх татары збіраліся весці ў Крым, узята 30 тыс. коней. К.б. — першая вял. перамога ВКЛ над крымскімі татарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЧНІКІ,
у старажытнасці і сярэдневякоўі пешыя і конныя воіны, узброеныя лукамі. Уваходзілі ў склад армій многіх краін, у т. л.Стараж. Усходу (напр., ў Персіі дзейнічалі на сланах і вярблюдах, у Індыі — на сланах); у большасці краін складалі аснову армій. Са з’яўленнем у 6 ст. да н.э.фалангі выкарыстоўваліся пераважна наперадзе баявога парадку ці на флангах: распачыналі бітву, прычынялі ворагу страты, парушалі яго баявыя парадкі, стваралі выгадныя ўмовы для ўступлення ў бой сваіх асн. сіл — цяжкай пяхоты і кавалерыі. У Еўропе ў часы рыцарства Л. ўваходзілі ў склад кап’я (4—10 воінаў), найб. вызначыліся англійскія Л. ў перыяд Стогадовай вайны 1337—1453. Пешыя і конныя Л., якія дзейнічалі сумесна з цяжкай пяхотай і кавалерыяй, былі ў дружынах Кіеўскай Русі, Маскоўскага княства, з канца 14 ст. — у войску ВКЛ (у сувязі са з’яўленнем у ВКЛ служылых татар вельмі пашыраны былі коннікі з лукамі). З 16 ст. з развіццём агнястрэльнай зброі значэнне Л. у арміях зменшылася. У Расіі ў часцях ірэгулярных войск і лёгкай кавалерыі, якія камплектаваліся з башкіраў і калмыкаў, Л. захоўваліся да пач. 19 ст. Ілюстрацыю гл. таксама да арт.Грэка-персідскія войны.
Літ.:
Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРСЦЁНАК,
упрыгожанне, якое надзяваюць на палец (перст). Пашыраны ў большасці народаў свету. Касцяныя П. вядомы з эпохі палеаліту, металічныя — з бронзавага веку. У Стараж. Егіпце пашыраны т.зв. пячатныя П. з выразанымі надпісамі ці выявамі, адбітак якіх выкарыстоўваўся ў якасці подпісу ўладальніка. Пячатныя П. (у іх часта ўстаўляліся гемы) вядомы таксама ў эгейцаў, грэкаў і этрускаў. У Рымскай рэспубліцы сенатары і коннікі насілі залатыя П., простыя грамадзяне — жалезныя. З 3 ст. ўсе вольнанароджаныя Рымскай імперыі атрымалі права насіць залатыя П., вольнаадпушчаннікі — сярэбраныя. У сярэдневякоўі на Русі ў гарадах насілі залатыя і сярэбраныя пярсцёнкі з выявамі, на вёсцы — медныя з геам. арнаментам. У пазнейшыя часы пашырыліся залатыя і сярэбраныя П. з каштоўнымі ці паўкаштоўнымі камянямі. У каталіцкіх епіскапаў П. — знак іх улады. З часоў Стараж. Рыма гладкія, без упрыгожанняў П. выкарыстоўваюцца многімі народамі як заручальныя пры заключэнні шлюбу. На тэр. Беларусі П. з вузкіх бронзавых пласцінак вядомы з 7 ст. да н.э. ў плямён мілаградскай і зарубінецкай культур. У 10—14 ст. П. выраблялі з каляровых і каштоўных металаў, шкла з замкнёнымі і незамкнёнымі канцамі, паводле тыпалогіі і тэхналогіі вытв-сці бранзалетаў таго часу. Найб. вядомыя знаходкі залатых П. 10 ст. з Віцебска і 13—14 ст. з Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІСЦЁЛКА, свістулька,
народны духавы муз. інструмент тыпу глабулярнай флейты, вядомы. многім народам свету. Мае рэзанатарную поласць, свістковае прыстасаванне і 2—5 ігравых адтулін. Гучанне даволі моцнае, яркае і ў той жа час мяккае, крыху прыглушанае. Нярэдка іх выраб набываў характар самаст. промыслу (гл.Дымкаўская цацка). На Беларусі вядома з часоў неаліту. На думку некат. даследчыкаў, у першабытныя часы С. выконвалі ролю не толькі дзіцячай забаўкі, але мелі і рытуальнае прызначэнне: свіст павінен быў адганяць «злых духаў». Сімвалічнае значэнне меў і выбар сюжэтаў (конік, козлік, пеўнік, качка); С. ў выглядзе антрапаморфнай фігуркі абазначалі продкаў. Выраб С. звычайна спадарожнічаў ганчарству, нярэдка лепкай іх займаліся жанчыны і дзеці. Пустацелае тулава С. фармавалі на пальцы або цыліндрычнай палачцы (форма), свісток і бакавыя ігравыя адтуліны (звычайна 2) рабілі іголкападобнай драўлянай праколкай (шыпулём). Абпаленыя разам з посудам у хатняй печы ці ганчарным горне, С. былі тэракотавыя, глазураваныя ці чорназадымленыя. У наш час пашырыліся як сувенірныя і маст. вырабы, нярэдка як нар. духавыя муз. інструменты для выканання нескладаных песенных і танцавальных мелодый, імітацыі спеваў птушак (звычайна ў складзе фалькл. калектываў).