«Записки Виленской Археологической комиссии» (час.) 3/83
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМІГРО́ДСКІ (Канстанцін Антонавіч) (1876, Рыга — 1936),
мастак, скульптар, медальер. Вучыўся ў вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1898), Кракаўскай АМ. У 1906—14 выкладаў у Віцебскім камерцыйным вучылішчы і вучылішчы Грэкава. Адзін з заснавальнікаў і чл. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, хавальнік яе музея (1909—14). З 1914 у Швейцарыі, заг. польскага музея. У 1917—24 выканаў памятныя медалі ў гонар Т.Касцюшкі, Я.Дамброўскага, Г.Сянкевіча і інш. З 1927 у Польшчы, працаваў у музеях.
Тв.:
Каталог монет и медалей музея Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 1911;
Польский военный флот. Витебск, 1911;
Каталог музея Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 1912.
т. 7, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБЯ́ЗКА (Сцяпан Рыгоравіч) (н. 7.8.1922, в. Уюнішча Чарнігаўскай вобл., Украіна),
бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1970), праф. (1971). Засл. юрыст Рэспублікі Беларусь (1996). Скончыў Мінскі юрыд. ін-т (1949), з 1950 выкладчык гэтага ін-та. З 1955 у БДУ, з 1973 заг. кафедры тэорыі дзяржавы і права. Даследуе праблемы заканадаўства і фарміравання прававой дзяржавы.
Тв.:
Комиссии Верховного Совета союзной республики. М., 1961;
Формирование социалистического правового государства. Мн., 1990;
Суверенитет права в социальном правовом государстве // Право и демократия. Мн., 1994. Вып. 6.
т. 6, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навукова-асветная ўстанова ў 1855—65, якая займалася зборам і даследаваннем помнікаў старажытнасці на тэр. Беларусі і Літвы. Створана па ініцыятыве Я.П.Тышкевіча пры Віленскім музеі старажытнасцей. У склад камісіі ўваходзілі Я.П.Тышкевіч (старшыня), М.І.Балінскі (віцэ-старшыня), А.К.Кіркор, І.Крашэўскі, Т.Нарбут, А.С.Плятар, У.Сыракомля, К.П.Тышкевіч і інш. Збірала матэрыялы па гісторыі краю, вывучала матэр. і духоўную культуру паводле «Праграмы дзеянняў», складзенай Я.П.Тышкевічам. Камісія выпускала «Записки Виленской археологической комиссии», краязн. працы, праводзіла абмен навук. інфармацыяй, кнігамі, наладжвала сустрэчы з навук. арг-цыямі Англіі, Даніі, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Швецыі і інш. краін. Пасля паўстання 1863—64 паводле загаду ген.-губернатара М.М.Мураўёва яна закрыта.
Г.А.Каханоўскі.
т. 4, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІ́ЎНЫЯ КАМІ́СІІ, Губернскія вучоныя архіўныя камісіі,
губернскія ўстановы па зборы гіст. крыніц у Расіі ў 1884—1918. Створаны па ініцыятыве дырэктара імператарскага Археал. ін-та М.В.Калачова. Дзейнічалі ў 41 губ. Рас. імперыі, на Беларусі — Віцебская вучоная архіўная камісія. Паводле «Палажэння» ад 13.4.1884 іх задачай было захаванне дакументаў і стварэнне з іх калекцый для гіст. архіваў. У рабоце камісій удзельнічалі вучоныя (у т. л. У.І.Пічэта), пісьменнікі (М.Горкі, У.Г.Караленка). Камісіі арганізоўвалі б-кі, музеі, збіралі этнагр. матэрыял, праводзілі археал. раскопкі, выдавалі зборнікі «Труды», «Известия», «Действия»; усяго выйшла каля 900 выданняў. Да 1912 архіўныя камісіі падпарадкоўваліся Археал. ін-ту, пасля — Рускаму гіст. т-ву.
Літ.:
Самошенко В.Н. История архивного дела в дореволюционной России. М., 1989. С. 135—138;
Макарихин В.П. Губернские учёные архивные комиссии России. Нижний Новгород, 1991.
У.Я.Калаткоў.
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІНО́ЎСКІ (Мікалай) (18.12.1799, в. Міхнаўка Вінніцкай вобл., Украіна — 29.6.1865),
гісторык, выдавец гіст. крыніц. З 1820 вучыўся ў Віленскім ун-це. У ліст. 1823 — крас. 1824 зняволены за ўдзел у т-ве філарэтаў. З 1826 вучыўся і працаваў у Пецярбургу. З 1829 у Вільні, да 1840 працаваў у Радзівілаўскай камісіі. Выдаў: польскі пераклад П.Каханоўскага паэмы Т.Таса «Вызвалены Іерусалім» (1826), «Крыніцы польскай гісторыі» (т. 2, 1844, з А.Пшаздзецкім), «Хроніку» М.Стрыйкоўскага (т. 1—2, 1846), пераклаў і выдаў частку «Гісторыі Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» Б.Вапоўскага (т. 1—3, 1847—49), творы С.Ласкага (1864) і інш. Аўтар дзённіка (выд. ў 1914 і 1921), успамінаў (1907). Рэдагаваў «Записки Виленской археологической комиссии» (1858, № 1, з А.Г.Кіркорам). Друкаваўся ў час. «Дзённік Віленьскі», «Teka Wileńska» («Віленскі зборнік»), «Dzieje dobroczynności krajowej i zagranicznej» («Гісторыя айчыннай і замежнай дабрачыннасці»), газ. Виленский вестник».
т. 10, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАПАТАМАЛО́ГІЯ (ад палеа... + грэч. potamos рака + ...логія),
навука аб стараж. рэках, якія захаваліся ў выглядзе алювіяльных адкладаў і пахаваных рачных далін; частка палеагеаграфіі і гідралогіі рэк. Пры вывучэнні стараж. рэк выкарыстоўваюць комплекс геал., геамарфалагічных, палеанталагічных і інш. метадаў. П. высвятляе ўмовы намнажэння, заляганне, склад, фацыяльную зменлівасць алювіяльных адкладаў, іх узрост, суадносіны з ледавіковымі, марскімі і інш. тыпамі адкладаў, асаблівасці расліннага і жывёльнага свету ў былых рачных сістэмах. Праводзяцца палеагеаграфічныя рэканструкцыі стараж. рачной сеткі, вызначаецца скорасць цячэння, расходы вады, энергія эразійнага размыву і г.д. Алювій пахаваных далін мае ў сабе розныя карысныя выкапні (напр., россыпы высакародных і рэдкіх металаў, вял. запасы прэснай вады). Рэкі, што існавалі ў познім пратэразоі і раннім палеазоі (да дэвону), наз. эарэкамі, у познім палеазоі і мезазоі — пратарэкамі, у палеагене і неагене — палеарэкамі, у плейстацэне — прарэкамі. Заснавальнік П. (1929) чэш. вучоны Ф.Ржыкоўскі. На Беларусі навук. даследаванні ў галіне П. праводзіліся пад кіраўніцтвам Г.І.Гарэцкага (Дзярж. прэмія СССР 1971 за палеапатамалагічныя даследаванні).
Літ.:
Горецкий Г.И. Основные проблемы палеопотамологии антропогена // Бюл. комиссии АН СССР по изучению четвертичного периода. 1974. № 42;
Яго ж. Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). Мн., 1980.
А.Ф.Санысо.
т. 11, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНА-ЭТНАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
грамадска-навуковая арг-цыя, якая вывучала муз. фальклор народаў Расіі. Існавала ў 1901—21. Засн. М.Янчуком (яе нязменны кіраўнік) пры этнагр. аддзеле Т-ва. аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. У рабоце камісіі ўдзельнічалі М.Рымскі-Корсакаў, С.Танееў, Дз.Аракішвілі, А.Грачанінаў, М.Іпалітаў-Іванаў, А.Кастальскі, Я.Лінёва, А.Лістападаў, М.Лысенка, М.Пятніцкі, Б.Яворскі і інш. Наладжвала песенныя экспедыцыі, рэгулярныя публічныя этнагр. канцэрты (выконваліся і бел. песні), выдавала «Працы...» (1906, 1907, 1911, 1912). Фалькларыстычную дзейнасць спалучала з грамадска-асветнай (арганізацыя хар. гурткоў для рабочых, Нар. кансерваторыі, 1906; Муз. вучылішча пад кіраўніцтвам А.Маслава, час. «Музыка и жизнь», 1908—12). Пастаянна цікавілася лёсам бел. нар. музыкі; заахвочвала збіральнікаў фальклору, рэцэнзавала песенныя зборнікі (у т. л. вып. «Беларускага зборніка» Е.Раманава, 1910), стымулявала стварэнне апрацовак бел. нар. песень, публікавала іх у сваіх «Працах». Сабрала каля 700 бел. напеваў; з 1909 дапамагала муз. матэрыяламі арганізатарам бел. канцэртаў у Вільні. На аснове камісіі створана этнагр. секцыя Дзярж. ін-та муз. навукі.
Літ.:
Янчук Н.А. Записка об изучении народной песни и музыки и о деятельности Московской музыкально-этнографической комиссии. М., 1905;
Нісневіч С. Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971.
Л.С.Мухарынская.
т. 11, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)