Колеравая тэмпература 7/388

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Гама колеравая 3/322; 4/430

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Колеравая інфармацыя (у жывёл) 7/283

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА КО́ЛЕРАВАЯ,

у выяўленчым і дэкар.-прыкладным мастацтве шэраг гарманічна ўзаемазвязаных адценняў колеру (з адным дамінуючым), якія выкарыстоўваюць пры складанні маст. твора. Адрозніваюць цёплую, халодную, светлую, бляклую і інш. Гл. Каларыт

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́СІМАЎ Віталь Анатолевіч

(н. 17.11.1957, г. Сінельнікава, Украіна),

бел. жывапісец. Скончыў Днепрапятроўскае маст. вучылішча (1977), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1990). Выкладае ў Бел. АМ (з 1990). Сярод твораў: «Дарога на Крывічы» (1987), «Хутар» (1989), дыптых «Алегорыя сну» (1990), «Дзяўчына з папугаем» (1992), «Сівы дзьмухавец» (1993), «Прывідны звон», «Царства ціхіх гукаў» (абедзве 1994), «Блакітная птушка» (1996) і інш. Своеасаблівая колеравая гама, экспрэсія, фактурная плоскаснасць палотнаў сведчаць пра пошукі дакладнай псіхалагічнай характарыстыкі вобразаў.

Літ.:

Русские ботаники: Биографо-библиогр. словарь. Т. 2. М., 1947.

Л.Ф.Салавей.

т. 5, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХАТКО́Ў Вітольд Антонавіч

(н. 30.3.1948, Масква),

бел. мастак. Скончыў Бел. дзярж. тэатр.-маст. ін-т (1976). Сын А.С.Бархаткова. Піша пейзажы, партрэты, нацюрморты. Галоўнае ў творчасці — колеравая гама, эмацыянальнасць. Раннія работы напісаны ў імпрэсіяністычнай манеры, што адбілася і на далейшай творчасці. Сярод работ: «Каля возера» (1963), «Вёска» (1968), «Восень», «Партрэт дзяўчыны» (абодва 1971), «Вясновы дзень» (1972), «Нацюрморт з рыбай» (1974), «Новы дом» (1976), «Бэз» (1982), «Князь Ігар на рускай зямлі» (1985), «Вязынка» (1987), «На Бярэзіне» (1989), «Арлекіна» (1992), «Саванна» (1994) і інш. З 1990 жыве ў ЗША.

Г.А.Фатыхава.

т. 2, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ ДЫВАНЫ́,

вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, заснаваных А.Тызенгаўзам у 2-й пал. 18 ст. Адметныя высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. Кампазіцыі гродзенскіх дываноў (ворсавых і шпалер) складаліся з раскіданых па полі букетаў, перавязаных стужкамі, вазонаў і кошыкаў з кветкамі. Колеравая гама звычайна блакітная і залацістая. Раслінны арнамент ворсавых дываноў (букеты руж на светлым фоне) вызначаўся лёгкасцю формаў і гарманічнасцю колеравых спалучэнняў. Французскія майстры, якія працавалі на мануфактурах, пераймалі зах.-еўрап. ўзоры і стваралі дываны ў стылях барока і класіцызму. Часам у гродзенскіх дыванах трапляюцца ўзоры ў мясц. арнаментальных традыцыях.

Дз.С.Трызна.

т. 5, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ Валянцін Віктаравіч

(19.4.1881, г. Ялец, Расія — 8.11.1964),

бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1955). Праф. (1957). Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1907, вучыўся ў К.А.Савіцкага) і Пецярбургскую АМ (1915, вучыўся ў В.Я.Савінскага і П.П.Чысцякова). Выкладаў у Веліжскай маст. школе, Віцебскім маст. тэхнікуме (1919—29), Бел. тэатр.-маст. ін-це (1953—64). Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. У 1920—30-я г. стварыў пано «Індустрыялізацыя», «Калектывізацыя» для мытні на ст. Негарэлае, дэкар. фрыз «Кастрычнік на Беларусі» для павільёна БССР на Усесаюзнай с.-г. выстаўцы ў Маскве. Ілюстраваў і афармляў кнігі (1928—41). Яго карцінам, прысвечаным пераважна падзеям рэвалюцыі, грамадз. і Вял. Айч. войнаў, уласцівы рэалізм вобразаў і складанасць кампазіцыйнай пабудовы, у іх адчуваецца ўплыў традыцый акадэмічнай школы, стрыманая колеравая гама, дакладнасць дэталей. Сярод работ: «Кастусь Каліноўскі» (1923), «Плытагоны» (1927), «Студэнты» (1947), «Мінск. 3 ліпеня 1944 года» (1954—55) і інш. У партрэтным жанры прадаўжаў традыцыі псіхал. партрэта рус. рэаліст. мастацтва 2-й пал. 19 ст. Імкнуўся да паглыбленага пранікнення ў характары людзей. Яго пейзажы і нацюрморты прасякнуты лірычным настроем. Як рысавальшчык валодаў тонкім густам у выкарыстанні фактурных магчымасцей алоўкавага штрыха. Аўтар малюнка герба БССР (1926 і 1938).

Літ.:

Элентух И.Б. В.В.Волков. М., 1956.

В.С.Каваленка.

т. 4, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЕ ШКЛО,

мастацкія вырабы Барысаўскага хрусталёвага завода імя Дзяржынскага з каляровага і бясколернага шкла і хрусталю.

На пач. 20 ст. выраблялі гутным, прасаваным і ціхавыдзімальным спосабам разнастайны посуд, вазы, фужэры, бакалы, кухлі, кілішкі, сухарніцы, лямпы ў стылі мадэрн, дэкарыраваныя траўленнем, алмазнай гранню, размалёўкай золатам і эмалямі, маціраваннем, рыфленнем, а таксама суцэльнацягнутыя стромкія вазы і арміраваныя нікеляваным металам цукарніцы з хрусталю і каляровага шкла. Вырабы вызначаліся выразнасцю формаў, прапорцый і разнастайнасцю дэкору, славіліся чысцінёю колеру хрусталю і бясколернага шкла. Іх вывозілі ва ўсе губерні Расіі; з 1929 экспартавалі ў Егіпет, Турцыю, Афганістан, з 1933 — у Англію, Францыю, Германію. У 1910 барысаўскі хрусталь адзначаны залатым медалём на выстаўцы ў Парыжы. У 1939 тут выраблены вял. хрусталёвыя вазы і плафоны з накладнога шкла для Усесаюзнай с.-г. выстаўкі ў Маскве. У 1930-я г. прасаваныя вырабы з-да лічыліся лепшымі ў СССР.

З канца 1950-х г. барысаўскае шкло вырабляецца па эскізах мастакоў з-да. З 1960-х г. узбагацілася колеравая гама шкламасы і каляровага хрусталю, асабліва сіне-зялёных, серабрыста-дымчатых, жоўтых і бэзавых адценняў, што пашырыла маст. дыяпазон таўстасценнага шкла і хрусталю, прызначаных для унікальных і маласерыйных вырабаў, аздобленых шырокай і глыбокай гранню. Вырабы з накладнога шкла дэкарыраваліся пескаструменным метадам, глыбокім траўленнем, гравіраваннем медным колцам, алмазнай гранню. Для бясколернага танкасценнага шкла пачалі выкарыстоўваць люстраное пакрыццё, увялі дэкарыраванне вырабаў метадам штампа. Больш разнастайны стаў дэкор алмазнай грані, пашыраліся тэматычныя выяўл. матывы. Арыгінальнасцю маст. вырашэння вылучаюцца творы, выкананыя ў гутнай тэхніцы. З 1970-х г. асвоена тэхналогія варкі шкла, афарбаванага вокісламі рэдказямельных элементаў, якія надаюць ружовыя, бэзавыя, сінія, зялёныя, жоўтыя адценні танкасценным вырабам. Вобразнасць у вырабах з такога шкла дасягаецца дасканаласцю формаў і прапорцый і мінімумам дэкар. сродкаў. Дэкор хрусталёвых вырабаў — буйнамаштабны, з выкарыстаннем глыбокай грані і аптычных ямак пераважна геам. кампазіцыі, з уключэннем у арнамент маціраванай паверхні, якая падкрэслівае бляск алмазнай грані. Барысаўскае шкло адзначана дыпломамі ВДНГ СССР (1960, 1963), на 1-й Усесаюзнай выстаўцы «Мастацтва ў быт» (1961); экспартуецца ў многія краіны свету.

Літ.:

Яницкая М.М. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989.

М.М.Яніцкая.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)