КО́ДЭР,
прылада для кадзіравання інфармацыі ў адпаведнасці з выбраным кодам. Адрозніваюць К. крыніцы (пераўтварае паведамленне ў дыскрэтны сігнал ці сукупнасць такіх сігналаў) і К. канала (узгадняе форму дыскрэтнага сігналу з дадзеным каналам сувязі, напр., для змяншэння лішкавасці паведамлення, забеспячэння перашкодаўстойлівасці і найб. скорасці перадачы). К. сістэм каляровага тэлебачання — прылада для фарміравання сігналаў яркасці і колерападзеленых сігналаў (поўнага відэасігналу ў дадзенай сістэме тэлебачання) з сігналаў асн. колераў. Прылада для дэкадзіравання наз. дэкодэрам.
А.П.Ткачэнка.
т. 8, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКО́ДЭР (ад дэ... + лац. codex звядзенне),
сістэмы каляровага тэлебачання, разнавіднасць дэшыфратара; прыстасаванне (блок) тэлевізара для дэкадзіравання відэасігналаў па алгарытме, адваротным кадзіраванні (гл. Кодэр). Бывае адна- (напр., Д. СЕКАМ) і шматсістэмны (напр., Д. ПАЛ/СЕКАМ). Атрыманыя на выхадзе сігналы яркасці і колерарознасныя сігналы падаюцца на кінескоп непасрэдна або пасля пераўтварэння ў сігналы асн. колераў.
т. 6, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)