Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Кобрынскія (кн. род) 6/44, 46, 515
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІЯ,
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ. Вялі радаслоўную ад вял. князя Альгерда, які ў дакументах 1366 пазначаны як уладар г.Кобрын. Верагодна, Кобрын перайшоў да яго сына Фёдара Ратненскага, які меў сыноў Гурку, Сангушку (родапачынальнік князёў Сангушкаў) і Рамана — родапачынальніка князёў К.
Раман Фёдаравіч (? — пасля 1417) упамінаецца ў дакументах з 1387. У 1404 вял. князь Вітаўт выдаў яму грамату на валоданне Кобрынам і навакольнымі маёнткамі (Грушава, Несухаіжы і інш.; гл.Кобрынскае княства); у 1411—17 пры двары польск. караля Ягайлы. Сямён Раманавіч (7 — каля 1460), сын Рамана Фёдаравіча. У 1431 дапамагаў вял. князю Свідрыгайлу бараніць Луцк ад войск Ягайлы. Іван Сямёнавіч (? — каля 1490), сын Сямёна Раманавіча. Зрабіў шмат наданняў цэрквам Кобрыншчыны, у 1473 — царкве Божага Нараджэння ў Пружанах. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду К. Пасля яго смерці Кобрынскае княства пакінута яго ўдаве Фядоры Іванаўне з роду Рагацінскіх. Марыя Сямёнаўна (? — каля 1510), дачка Сямёна Раманавіча, жонка маскоўскага князя Івана Васілевіча Краснага. Ганна Сямёнаўна (? — люты або сак. 1519), дачка Сямёна Раманавіча. У 1481 выдадзена замуж за князя Фёдара Уладзіміравіча Бельскага, які ўцёк у Маск. дзяржаву з-за выкрыцця яго ўдзелу ў змове супраць Казіміра IV. Да 1512 трымала Кобрынскае княства, якое пасля яе смерці перайшло да мужа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІЯ ЗА́МКІ.
Існавалі ў 14—18 ст. на месцы дзядзінца і вакольнага горада Кобрын, на р. Кобрынка. У 16 ст. складаліся з драўляных Ніжняга («Прыгародак») і Верхняга («Высокага») замкаў. На падыходзе да Ніжняга замка шлях перагароджвала р. Кобрынка, цераз якую быў мост. На яго траплялі праз вежу-браму. На другім канцы моста (апошні яго пралёт быў пад’ёмны) стаяла другая 2-павярховая вежа-брама. Ніжні замак ахоўваўся 5 вежамі, гароднямі і парканам. У адной з вежаў размяшчаўся млын. Шлях у Верхні замак ішоў праз вежу-браму і мост цераз абарончы роў, што аддзяляў замкі. Мост быў на палях з лазняй пасярод і ўпіраўся ў вежу-браму Верхняга замка. Размешчаны ў ёй пад’ёмны механізм падымаў перад брамай апошні пралёт моста. Акрамя брамы тут стаялі яшчэ 4 вежы з гароднямі і парканам, на якіх размяшчаліся баявыя пляцоўкі — бланкаванне са стрэшкамі. Усе вежы былі накрыты гонтай. У 1597 артыл. ўзбраенне К.з. складалася з 2 «дел ляных», 5 серпанцінаў, 16 гакаўніц, 17 ручніц, 2 кіёў і рыштунку да іх. У канцы 18 ст. па загадзе А.В.Суворава, які валодаў тады горадам, К.з. разбураны і скапаны. Замкавыя насыпы знесены ў 1840-я г. пры пракладцы Маскоўска-Варшаўскай шашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́МА,
збудаванне пераважна яруснай кампазіцыі з каменю ці дрэва, з гал. уваходам або праездам у замак, горад, сядзібу ці інш. замкнёны комплекс пабудоў. Звычайна была звязана з абарончымі сценамі або агароджай гарадоў, замкаў і асобных комплексаў.
У еўрап. архітэктуры найб. пашыраны ў 14—17 ст. Першапачаткова мелі абарончы характар (брама «Субач» у Вільні), з 16 ст. набылі складаныя дэкар. формы і багатае вонкавае аздабленне (у архітэктуры рэнесансу і барока). Своеасаблівы тып брамы — арка трыумфальная. Будаваліся з каменю, цэглы, дрэва, часам мелі мяшаную канструкцыю («прускі мур»).
На тэр. Беларусі ўзніклі ў жал. веку як збудаванні, якія ахоўвалі ўезд на гарадзішча, пашырыліся ў стараж.-рус. крапасным буд-ве. У 14—18 ст. існавалі брамы гарадскія (іх ставілі на ўездах у горад, былі часткай сістэмы вонкавых абарончых умацаванняў), замкавыя (праезныя брамы-вежы), сядзібныя, палацавыя, кляштарныя, манастырскія і інш. З’яўляліся самаст. збудаваннямі або часткай арх. комплексу. У гар. брамах былі абарончыя памяшканні, мытня, кардэгарда, капліца і інш., іх будавалі ў выглядзе вежападобных і ярусных кампазіцый (гл.Нясвіжская Слуцкая брама, Нясвіжская замкавая вежа). Замкавыя брамы мелі пад’ёмныя масты, барбаканы і інш. У ніжнім ярусе і скляпах размяшчаліся памяшканні для варты, склады, турма, наверсе — баявыя, жылыя памяшканні, капліца (гл. ў арт.Мірскі замкава-паркавы комплекс, Кобрынскія замкі, Радашковіцкі замак). З 16 ст. замкавыя брамы паступова страчвалі абарончыя рысы, у замкава-палацавых комплексах 17—18 ст. ператварыліся ў багата дэкарыраваныя парадныя ўезды рэнесансавых і барочных палацавых рэзідэнцый і падкрэслівалі вось кампазіцыі ансамбля (уязная брама палацава-паркавага комплексу ў Нясвіжы). У 18 ст. брамы набылі пышнае дэкар. афармленне картушамі і інш. дэталямі, некат. ярусныя вежы ўпрыгожаны атыкамі, складанымі франтонамі (Ружанскі палацавы комплекс). У 19 ст. ўвайшлі ў палацава-паркавыя ансамблі, мелі рысы класіцызму і несапраўднай готыкі. У драўляным сядзібным дойлідстве брамы будавалі ў 1—3 ярусы. Асаблівы тып брамы — брама-званіца ў манастырах або пры цэрквах; мела звычайна 2 ярусы: унізе праход, гасп. і жылыя памяшканні, наверсе — званіца. Брамы адыгрывалі таксама маст. ролю ў кампазіцыі грамадскіх будынкаў: ратуш, гандл. радоў, аўстэрый, гасціных двароў. У выглядзе брамы вырашаюцца некаторыя вароты ў нар. жыллі 19—20 ст.
Уязная брама ў Ружанскім палацавым комплексе (Пружанскі раён Брэсцкай вобл.).Уязная брама ў Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе (Мінская вобл.).Брама-вежа Мірскага замка (Карэліцкі раён Гродзенскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫН,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Мухавец, у сутоку яе з Дняпроўска-Бугскім каналам. За 46 км ад Брэста. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Гомель. Вузел аўтадарог на Мінск, Брэст, Пінск, Ковель, Маларыту. 51,9 тыс.ж. (1998).
Паводле падання, засн. ў 11—12 ст. нашчадкамі кіеўскага кн. Ізяслава. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1287 як уласнасць кн. Уладзіміра Васількавіча. З 1-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. З 1366 уладанне вял.кн. Альгерда і яго нашчадкаў, з 1532 — каралевы Боны Сфорца, Ганны Ягелонкі, Канстанцыі Аўстрыйскай, у канцы 18 ст. — А.В.Суворава. У 14 ст. пабудаваны Кобрынскія замкі. З 1404 цэнтр Кобрынскага княства, з 1519 — староства, у 1520—66 і 1791—1840 — Кобрынскага павета. З 1566 у Брэсцкім ваяв. У 16—18 ст. цэнтр Кобрынскай эканоміі. У 1589—1766 меў магдэбургскае права, герб — шчыт з выявамі св. Ганны і Маці Божай з дзіцем. У сярэдзіне 17 ст. ў К. каля 1700 ж., каля 500 дамоў. Горад моцна пацярпеў у час войнаў сярэдзіны 17 — пач. 18 ст. З 1795 у Рас. імперыі, павятовы горад Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў К. ратуша, Спаскі манастыр, Прачысценская, Мікалаеўская і Петрапаўлаўская цэрквы, драўляныя касцёлы. У вайну 1812 тут адбыўся Кобрынскі бой 1812. У 1882 праз К. пракладзена Палеская чыгунка. У 1897 у горадзе 10 355 ж У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., дзейнічаў павятовы к-тКПЗБ, адбыліся дэманстрацыі ў 1931, 1936. З вер. 1939 у Брэсцкай вобл.БССР, з 1940 цэнтр Кобрынскага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. каля 6900 чал. У горадзе і раёне дзейнічала падполле, партыз. брыгады і атрады. Вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1970—24,9 тыс. ж.
Прадпрыемствы металаапр. (Кобрынскі інструментальны завод «Сітама», рамонтны з-д), лёгкай (прадзільна-ткацкая і швейная ф-кі, ільнозавод), харч. (масласырзавод, Кобрынскі кансервавы завод, птушкафабрыка, хлебазавод), камбінат буд. матэрыялаў, мэблевая ф-ка, друкарня. Кобрынскі ваенна-гістарычны музей. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі: А.В.Сувораву, перамогі 1812, Вызвалення, партызанам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Кобрынскі парк, Дняпроўска-Бугскі канал, Кобрынскі Спаскі манастыр (1497), Кобрынская Мікалаеўская царква (1750), касцёл (1843), Кобрынскі сабор Аляксандра Неўскага (1868), будынак б. сінагогі (2-я пал. 19 ст.), паштовая станцыя (1846), Петрапаўлаўская царква (пач. 20 ст.).