Кобры 4/584; 6/43; 8/326; 11/524

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫ сапраўдныя

(Naja),

род змей сям. аспідавых. 14 відаў. Пашыраны ў Афрыцы, Паўд. і Сярэдняй Азіі. Найб. вядома К. індыйская, або змяя-акулярніца (N. naja), з светлым малюнкам накшталт акуляраў на шыі, капская (N. nivea), чорна-белая (N. melanoleuca) і інш. К. сярэднеазіяцкая (N. oxiana) занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 2 м, зрэдку да 2,5 м. Цела моцна выцягнутае, з доўгім хвастом і гладкай луской. Узбуджаныя К. прымаюць своеасаблівую позу: падымаюць пярэднюю ч. цела вертыкальна над зямлёй, трымаючы галаву гарызантальна, і расшыраюць дыскападобна шыю. Ядавітыя. Некат. віды здольны выпырскваць яд на адлегласць да 2 м, імкнучыся папасці праціўніку ў вочы. Кормяцца дробнымі пазваночнымі. Адкладваюць ад 8 да 45 яец.

Кобры: 1 — капская; 2 — чорна-белая.

т. 8, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРПЕНТА́РЫЙ [ад лац. serpens (serpentis) змяя],

памяшканне для масавага ўтрымання змей з мэтай атрымання ад іх яду; разнавіднасць тэрарыума. Бываюць таксама дэкар. і дэманстрацыйныя (у заапарках). Першы С. створаны ў Парыжы (1895), потым у Бразіліі (1899). На Беларусі С. існуюць у в. Шчытоўка Сенненскага р-на (з 1987), у пас. Бараўляны пад Мінскам (1988). С. Туркменіі і Азербайджана спецыялізуюцца на атрыманні яду гюрзы, кобры, эфы; Бішкекскі (Таджыкістан), Падмаскоўны (Расія), на Беларусі С. працуюць з гадзюкай звычайнай. Змяіны яд выкарыстоўваецца пераважна ў фармацэўтычнай і біяхім. прам-сці (вырабляецца больш за 30 лек. прэпаратаў).

т. 14, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СПІДЫ, аспідавыя (Elapidae),

сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 43 роды, 181 від. Пашыраны ў Аўстраліі, Афрыцы, Паўд. Азіі, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ў тропіках і субтропіках. Найб. вядомыя кобры, крайты (Bungarus), мамбы (Dendroaspis), каралавыя (Micrurus). Некат. ахоўваюцца. Сярэднеазіяцкая кобра (Naja naja oxiana) водзіцца на Пд Сярэдняй Азіі.

Цела стройнае, даўж. да 5,5 м. Афарбоўка разнастайная, стракатая. Галава ў большасці не адмежавана ад тулава, укрытая буйнымі сіметрычнымі шчыткамі. Наперадзе верхнясківічных касцей буйныя парныя ядаправодныя зубы. Яд нервова-паралітычнага дзеяння, небяспечны для жывёл і чалавека. Кормяцца грызунамі, жабамі, яшчаркамі і інш. змеямі. Большасць жывародныя. Жывуць на зямлі і дрэвах.

Да арт. Аспіды: змяя-акулярніца.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)