«ПАДА́ННЕ АБ КНЯЗЯ́Х УЛАДЗІ́МІРСКІХ»,
помнік рас. л-ры і публіцыстыкі 16 ст., які выкарыстоўваўся велікакняжацкай, а пасля царскай уладай для ўмацавання свайго аўтарытэту. У аснове «Падання» легенда пра паходжанне ўладзімірскіх і маскоўскіх вял. князёў ад рым. імператара Аўгуста праз легендарнага Пруса, які нібыта з’яўляўся адначасова нашчадкам Аўгуста і сваяком Рурыка — заснавальніка княжацкага роду Рурыкавічаў. Другая легенда апавядала пра набыццё Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам царскіх рэгалій ад дзеда па маці візант. імператара Канстанціна Манамаха. Час з’яўлення гэтых легенд невядомы. У пач. 16 ст. (не пазней 1523) яны былі злучаны ў «Пасланні» цвярскога царк. публіцыста Спірыдона-Савы. На аснове «Паслання» складзена 1-я рэд. гэтага «Падання», ідэі якой выкарыстоўваліся ў дыпламат. спрэчках пры Васілю III і Іване IV. Легенда пра паходжанне маскоўскіх вял. князёў ад Аўгуста ўключана як уступны артыкул да Гасударава радаслоўца 1555 і ў Сцепянную кнігу (паміж 1560 і 1563, апалогія маскоўскай манархіі). 2-я рэд. «Падання» напісана як уступны артыкул да «Чыну вянчання» Івана IV у 1547.
т. 11, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬФ ((Wolff) Юзаф) (1854—9.8.1900),
польскі гісторык, генеалог. Чл.-кар. Кракаўскай АН. Скончыў Лейпцыгскі ун-т. У 1876—85 працаваў у Пецярбургу ў кнігавыдавецкім прадпрыемстве свайго дзядзькі і цесця М.В.Вольфа. На падставе Метрыкі ВКЛ і інш. дакументаў напісаў фундаментальныя генеалагічныя працы па гісторыі ВКЛ: «Аб князях Кобрынскіх» (1883), «Сенатары і дыгнітарыі Вялікага княства Літоўскага 1386—1795», «Пацы» (абедзве 1885), «Род Гедзіміна» (1886), «Князі літоўска-рускія з канца XIV ст.» (1895; вытрымкі надрукаваны ў час. «Спадчына» за 1992—94).
Літ.:
Бычкова М.Е. Юзеф Вольф в Петербурге // История и историки: Историогр. ежегодник, 1978. М., 1981.
т. 4, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦКА-ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́»
(«Полоцко-Витебская старина»),
выданне Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Выйшла 3 т. (т. 1, 1911; т. 2, 1912; т. 3, 1916; усе ў Віцебску). Асн. тэматыка — гісторыя Полацка-Віцебскага краю 9—19 ст. і дакументы аб вайне 1812. Надрукаваны артыкулы А.П.Сапунова «Гістарычны нарыс Віцебскай Беларусі» (т. 1), «Сказанні ісландскіх ці скандынаўскіх саг аб Полацку, князях полацкіх і р. Заходняй Дзвіне» (т. 3), Дз.С.Леанардава «Полацкі князь Усяслаў і яго час» (т. 2, 3), П.М.Красавіцкага «Помнікі царкоўнай даўніны Полацка-Віцебскага краю і іх захаванне» (т. 1), І.Я.Мітрошанкі «Езуіты ва ўсходняй частцы Беларусі з 1579 да 1772 года» (т. 2) і інш. Пра падзеі вайны 1812 на Віцебшчыне змяшчаліся матэрыялы, якія захоўваліся ў Віцебскім губ. архіве, асабістых архівах нашчадкаў удзельнікаў тых падзей і з інш. крыніц. У выданні асвятляліся падзеі навук., культ. і грамадскага жыцця Віцебшчыны. Рэгулярна змяшчаліся справаздачы пра дзейнасць мясц. архіўнай камісіі.
М.Ф.Шумейка.
т. 12, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)