Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КНУД I ВЯЛІ́КІ (Knud den Store; каля 995—12.11.1035),
кароль Англіі (з 1016), Даніі (з 1018) і Нарвегіі (з 1028). Сын дацкага караля Свена I Вілабародага (п. у 1014), разам з якім з 1013 удзельнічаў у заваяванні Англіі. З 1016 суправіцель на англ. прастоле, замацаваўся як кароль Англіі пасля смерці Эдмунда II Жалезнабокага (1018). Апіраўся ў Англіі на дробных землеўладальнікаў і вышэйшае духавенства (надзяляў апошняе землямі і прывілеямі). У Даніі стаў каралём пасля смерці брата Харальда II; пры ім у краіне склалася асобае войска (ціглід) з прадстаўнікоў найб. знатных сем’яў (зародак мясц. рыцарства), пачалася рэгулярная чаканка манеты. Стаў каралём Нарвегіі, выгнаўшы Олафа II Харальдсана. Створаная К. I вялізная англа-дацка-нарв. дзяржава распалася неўзабаве пасля яго смерці.
т. 8, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КЛАТ (?—1160),
князь бодрычаў [каля 1131—60]. Узначальваў супраціўленне палабска-прыбалт. славян ням. (саксонцы) і дацкай (Кнуд Шлезвігскі) экспансіі. Імкнуўся захаваць добрыя адносіны з саксонцамі: у 1131 прызнаў вяршэнства Лотара III з Суплінбурга, потым саксонскага герцага Генрыха Льва, што не выратавала яго ад пазнейшых нападаў. У час крыжовага паходу супраць славян 1147 арганізаваў паспяховую абарону зямель бодрычаў ад уварвання войска Генрыха Льва, здзейсніў напад на апорныя пункты крыжакоў у Вагрыі, спаліў г. Любек, разбіў крыжацкае войска каля пабудаванай ім крэпасці Добін, што вымусіла крыжакоў заключыць мір. Загінуў у час новага паходу Генрыха Льва. Ад Н. паходзіў анямечаны ў наступных пакаленнях род мекленбургскіх князёў.
т. 11, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)