КЛІ́ЧАЎСКІЯ БАІ́ 1942, 1943,

баі партыз. фарміраванняў Магілёўскай вобл. з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну ў г.п. Клічаў. У ноч на 30.3.1942 партызаны атрадаў Клічаўскага (камандзір А.​С.​Юркаўцаў), В.​І.​Лівенцава, В.​П.​Свістунова панеслі ўдар па папярэдне заблакіраваным гарнізоне ворага (каля 250 гітлераўцаў). Пасля 12-гадзіннага бою партызаны вызвалілі Клічаў, чым завяршылі вызваленне ўсяго Клічаўскага р-на і стварэнне Клічаўскай партызанскай зоны. У ліп. 1942 пад націскам значных сіл праціўніка партызаны пакінулі пасёлак. Раніцай 21.4.1943 2-я і 5-я Клічаўскія партыз. брыгады і рота 1-й Клічаўскай брыгады (іх дзейнасць каардынаваў нач. штаба Магілёўскай ВАГ С.Г.Сідарэнка-Салдаценка) зноў занялі Клічаў, за выключэннем умацаваных пазіцый гарнізона. Праціўнік атрымаў падмацаванне, ням. авіяцыя правяла масіраваную бамбардзіроўку, таму партызаны адышлі. У гонар баёў у Клічаве насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік.

т. 8, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ЧАЎСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну,

тэрыторыя Клічаўскага, часткі сумежных з ім Асіповіцкага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Кіраўскага і інш. р-наў Магілёўскай вобл., якую кантралявалі партызаны. Стваралася з кастр. 1941 у ходзе баёў партызан за вызваленне Клічаўскага р-на ад акупац. улад. Да сак. 1942 партызаны разграмілі больш за 80 варожых гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў. На пач. 1944 тэр. зоны склала больш за 3 тыс. км², дзе знаходзілася больш за 70 тыс. мірных жыхароў пад абаронай 18 тыс. партызан. На яе тэрыторыі ў розныя часы базіраваліся Бабруйскі падп. міжрайком КП(б)Б, Магілёўскі падп. абком КП(б)Б, штаб Магілёўскай ВАГ пры ім, раённыя падп. райкомы КП(Б)Б і ЛКСМБ, выдаваліся газ. «За Радзіму», «Голас партызана» і інш. З ліп. 1942 у Клічаве і в. Галынка Бярэзінскага р-на дзейнічалі партыз. аэрадромы. Стойкая абарона зоны (гл. Клічаўскія баі 1942, 1943, Кучынскі бой 1942) забяспечвала партызанам пастаянную сувязь з Вял. зямлёй, абарону насельніцтва ад карнікаў. У чэрв. 1944 партыз. фарміраванні зоны злучыліся з Чырв. Арміяй. У Клічаве ў гонар партызан насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік; помнік на месцы прызямлення 1-га самалёта з Вял. зямлі.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ЧАЎ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Ольса. За 91 км ад Магілёва, 7 км ад чыг. ст. Нясета на лініі Магілёў—Асіповічы. 8,6 тыс. ж. (1998).

Вядомы з 1592 як в. Клічава Віцебскага ваяв. ВКЛ. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1798 сяло ў Любашанскім старостве Аршанскага пав.; 20 гаспадарак, дзярж. ўласнасць. У 19 ст. ў Ігуменскім пав. Мінскай губ., дзейнічалі школа, млын, царква. У 1897 у К. 608 ж., праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1901 заснаваны Клічаўскі шклозавод. З 1924 мястэчка, цэнтр Клічаўскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 504 чал. 20.3.1942 К. вызвалілі партызаны, была створана Клічаўская партызанская зона. У 1943 партызаны зноў разграмілі ў К. адноўлены гарнізон ворага (гл. Клічаўскія баі 1942, 1943). Каля К. існаваў першы ў Беларусі партыз. аэрадром. Вызвалены 28.6.1944 войскамі 3-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. З 1944 у Бабруйскай, з 1954 у Магілёўскай абл. У 1962—65 уваходзіў у Кіраўскі р-н. У 1972—5,3 тыс. ж.

Прадпрыемствы дрэваапр., лесанарыхтоўчай, харч. прам-сці. Магілёўскі саўгас-тэхнікум, 2 сярэднія школы, вячэрняя, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Клічаўскі краязнаўчы музей лесу. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, ахвяр фашызму, магілы ахвяр фашызму. Курган Славы. Помнік партызанам.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)