ІНСТЫТУ́Т САЦЫЯЛО́ГІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,

навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў Мінску ў 1990. У складзе ін-та 7 навук. аддзелаў: сац. палітыкі, сацыялогіі працы і эканам. сацыялогіі, сацыялогіі асобы і сац. стратыфікацыі, сацыялогіі культуры, сацыялогіі навукі, сац. дэмаграфіі і занятасці насельніцтва, сац. псіхалогіі асобы і калектыву.

Асн. кірункі даследаванняў: дынамікі сац. структуры, інтарэсаў і патрэбнасцей розных груп і слаёў насельніцтва, асаблівасцей іх становішча і дзейнасці ў грамадстве; структуры рынку і мабільнасці рабочай сілы ва ўмовах развіцця рыначных адносін; паводзін асобы, сац. асаблівасцей іх узаемадзеяння ў экстрэмальных умовах канфліктаў і катастроф (уключаючы Чарнобыльскую); сацыялагічнае назіранне і прагназаванне эканам., сац. і паліт. працэсаў грамадскага развіцця ва ўмовах станаўлення незалежнасці Рэспублікі Беларусь і інш. Выдадзены працы: «Дэмаграфічныя асновы народнагаспадарчага планавання» А.​А.​Ракава (1990), «Вытокі хрысціянства: культурна-гістарычны генезіс» В.​П.​Оргіша (1991), «Сацыядынаміка навуковага калектыву» В.​І.​Русецкай (1992), «Сацыяльны суб’ект: матывы і дзейнасць» А.​У.​Рубанава (1994), «Эканамічная сацыялогія» Г.​М.​Сакаловай, «Катастрофы: сацыялагічны аналіз» Я.​М.​Бабосава (абедзве 1995), «Адукацыя ў трансфарміруемым грамадстве» В.​А.​Кліменкі (1996), «Асновы канфлікталогіі» Бабосава (1997) і інш. У Ін-це працуе акад. Нац. АН Беларусі Я.М.Бабосаў (дырэктар з 1990).

В.​А.​Кліменка.

т. 7, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСКО́ВЫ ЖЫ́ВАПІС,

від жывапіснай тэхнікі, у якой сувязным рэчывам фарбаў з’яўляецца адбелены пчаліны воск. Не паддаецца ўздзеянню вільгаці і паветра і можа захоўвацца тысячагоддзямі. Існуюць гарачы (энкаўстыка) і халодны (васковая тэмпера) спосабы васковага жывапісу.

Энкаўстыка вядомая з часоў Стараж. Егіпта. У сярэднія вякі саступіла месца яечнай тэмперы. Адраджацца васковы жывапіс пачаў у эпоху Рэнесанса, асабліва пашырыўся ў 2-й пал. 18 ст. У 19 ст. васковы жывапіс выкарыстоўваўся пры рэстаўрацыйных работах, дубліраванні і рэтушы карцін і насценнага жывапісу.

Бел. мастакамі ў васковым жывапісе выкананы шэраг насценных размалёвак і карцін: «Навука» ў фае Ін-та кібернетыкі АН Беларусі (1971), «Стары і новы Вільнюс» у кінатэатры «Вільнюс» (1976; абедзве С.​Катковай і З.​Літвінавай), «Асветнікі» Г.​Вашчанкі ў Доме настаўніка (1976), «Мой край — Беларусь» І.​Кліменкі, А.​Ксяндзова, В.​Барабанцава ў б-цы Бел. эканам. ун-та (1978), «Заснавальнікі Беларускага універсітэта» У.​Самсонава ў корпусе ф-та журналістыкі БДУ, «Музыка» С.​Катовіча ў Рэсп. ліцэі пры Бел. акадэміі музыкі (абедзве 1980; усе ў Мінску) і інш. Сярод станковых работ у васковым жывапісе выкананы нацюрморты «Хлеб» і «Цыкламен» Вашчанкі (1966), «Дзяўчына ў чорным берэце» (1974) і «Партрэт Л.​Зяневіч» (1978) Літвінавай, «Партрэт дзяўчыны» (1977) і «Партрэт М.​Гусоўскага» (1980) Барабанцава, нацюрморт «Збаны і кветкі» В.​Ціханава (1980) і інш.

Да арт. Васковы жывапіс. З.​Літвінава, С.​Каткова. «Стары і новы Вільнюс». Насценная размалёўка ў кінатэатры «Вільнюс» у Мінску. 1976.

т. 4, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНІ́ЖНАЯ ГРА́ФІКА,

раздзел графікі, скіраваны на гарманічнае маст. і функцыян. дапасаванне формы і зместу выдання, у т. л. на вобразнае вырашэнне кніжнага блока; адна з асн. ч. мастацтва кнігі. Уключае афармленне вонкавае (супервокладка, пераплёт або вокладка, форзац, тытульны ліст, фронтыспіс) і ўнутр. (ілюстрацыя, шрыфт, шмуцтытул, буквіца, віньетка, застаўка, канцоўка), агульнае канструяванне кнігі (кампаноўка графічнага матэрыялу, тэксту, шрыфтавая рубрыкацыя, стварэнне макета выдання).

Вытокі К.г. ў афармленні рукапіснай кнігі, дзе пераважалі мініяцюра, малюнак і каліграфія. Пасля вынаходніцтва І.​Гутэнбергам кнігадрукавання (1455) пашырылася аздабленне кніг у тэхніцы гравюры, што да 19 ст. было асн. кірункам у К.г. У 19 ст. рамесныя паліграф. працэсы заменены машыннымі, пашырыўся фотамеханічны спосаб ілюстравання. У канцы 19 ст. англ. мастак У.​Морыс вярнуўся да традыц. рамесных паліграф. працэсаў і абгрунтаваў тэорыю стварэння кнігі як цэласнага комплексу высокага паліграф. майстэрства і К.г. Прынцыпы, распрацаваныя Морысам, у спалучэнні з дасягненнямі паліграф. тэхнікі паўплывалі на далейшае развіццё К.г. (творчасць А.​Матыса, Г.​Апалінэра, П.​Пікасо, У.​Фаворскага, Н.​Ганчаровай, І.​Білібіна, Ю.​Аненкава і інш.).

На Беларусі К.г. вядома з 11 ст. (мініяцюры Тураўскага евангелля 11 ст., Аршанскага евангелля 12—13 ст., Мсціжскага евангелля 13—14 ст.; контурныя малюнкі Лаўрышаўскага евангелля 14 ст.; акварэлі Радзівілаўскага летапісу 13 ст. і інш.). Узнікненне ў 16 ст. кніжнага дрэварыту звязана з дзейнасцю Ф.​Скарыны і яго паслядоўнікаў С.​Буднага, В.​Цяпінскага і інш. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся медзярыт (творы Т.​Макоўскага, Л.​Тарасевіча, М. і В.​Вашчанкаў і інш.), у 19 ст.літаграфія. Вял. ўклад у развіццё К.г. зрабіў М.​Э.​Андрыёлі. На пач. 20 ст. ў К.г. працавалі М.​Філіповіч, Ф.​Рушчыц. Я.​Драздовіч, Л.​Лісіцкі, А.​Ахола-Вало, В.​Дваракоўскі, П.​Гуткоўскі і інш. У 1960-я г. закладзены асновы сучаснай бел. школы К.г. (творчасць А.​Кашкурэвіча, А.​Лось, Б.​Заборава, Г. і Н.​Паплаўскіх, В.​Шаранговіча і інш.). У 1980 — пач. 1990-х г. бел. К.г. набыла найб. вядомасць дзякуючы творам М.​Селешчука, В.​Славука, У.​Савіча, М.​Казлова, А. і В.​Александровічаў, В.​Кліменкі, Т.​Беразенскай і інш. Іл. гл. таксама да арт. Графіка, Ілюстрацыя.

Літ.:

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;

Яго ж. Искусство книги Франциска Скорины М., 1990;

Герчук Ю.Я. Художественные миры книги М., 1989.

М.​Р.​Баразна.

Да арт. Кніжная графіка. М.​Андрыёлі. Ілюстрацыя да паэмы А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1881.
Да арт. Кніжная графіка. У.​Фаворскі. Ілюстрацыя да «маленькай трагедыі» А.​Пушкіна «Каменны госць». Выданне 1961.
Да арт. Кніжная графіка. А.​Кашкурэвіч. Спакушэнне Хрыста ў пустыні. Ілюстрацыя да «Евангелля паводле Лукі». 1990.
Да арт. Кніжная графіка. П.​Пікасо. Ілюстрацыя да камедыі Арыстафана «Лісістрата» 1934.
Да арт. Кніжная графіка. Ю.​Аненкаў. Ілюстрацыя да паэмы А.​Блока «Дванаццаць». 1918.

т. 8, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)