НЕ́ВАД,

традыцыйная рыбалоўная снасць. Вядома са стараж. часоў у беларусаў, рускіх і інш. народаў. Складаецца з сеткавага мяшка (куля) і двух прывязаных да яго сеткавых палотнішчаў (крылаў). Па супрацьлеглых баках кожнага працягвалі вяроўкі (цяцівы). Верхняя вяроўка аснашчалася паплаўкамі, ніжняя — грузіламі. Па канцах крылаў мацавалі тоўстыя палкі (клячы, кабылы), каб у час руху яны не скручваліся, з абодвух канцоў да іх прывязвалі вяроўкі (вілы), якія пры нацягванні ўтваралі з палкамі трохвугольнікі. Па сярэдзіне віл прымацоўвалі другія вяроўкі (кадолы), за якія цягнулі Н. У залежнасці ад памераў і спосабаў лоўлі вылучалі зімовыя Н., летнія, мутнікі і брэдні. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

І.​М.​Браім.

Невад.

т. 11, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́НАЎ (Эльдар Аляксандравіч) (н. 18.11.1927, г. Самара, Расія),

расійскі кінарэжысёр, кінадраматург, пісьменнік. Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1950). Першы маст. фільм — «Карнавальная ноч» (1956). Паставіў камедыі (ад лірычных да вострасатырычных): «Дзяўчына без адраса» (1958), «Гусарская балада» (1962, паводле п’есы А.​Гладкова «Даўным-даўно»), «Дайце кнігу скаргаў», (1965), «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Зігзаг удачы» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972), «Незвычайныя прыгоды італьянцаў у Расіі» (1973, з Італіяй), «Іронія лёсу, альбо 3 лёгкай парай!» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (паводле п’есы Р. і Э.​Брагінскага «Калегі», 1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Гараж», «Пра беднага гусара закіньце слова» (абодва 1980), «Вакзал для дваіх» (1983), «Жорсткі раманс» (1984, паводле п’есы А.​Астроўскага «Беспасажніца»), «Забытая мелодыя для флейты» (1987), «Дарагая Алена Сяргееўна» (1988), «Нябёсы запаветныя» (1991), «Прадказанне» (1993), «Прывітанне, дуралеі» (1996), «Старыя клячы» (1999), «Ціхія віры» (2000) і інш. Аўтар сцэнарыяў, аповесцей, п’ес (пераважна з Брагінскім), мемуараў, кнігі вершаў і навел-успамінаў «Настальгія» (1999). Некат. яго п’есы ставіліся на Беларусі.

Тв.:

Грустное лицо комедии. М. 1977;

Смешные невеселые истории: Комедии для кино и телевидения. М., 1979 (разам з Э.​Брагінскім);

Неподведенные итоги. 2 изд. М., 1986.

Літ.:

Эльдар Рязанов: Сб. М., 1974.

Э.А.Разанаў.

т. 13, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Андрэй Паўлавіч) (н. 2.9.1930, С.-Пецярбург),

расійскі кампазітар, муз. і грамадскі дзеяч. Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1954). У творчасці побач з сучаснай тэматыкай звяртаецца да гіст., легендарных і класічных сюжэтаў. У сімф. музыцы 1990-х г. дамінуе рэлігійная тэматыка. Сярод твораў: оперы «Пётр Першы» (паст. 1975), «Маякоўскі пачынаецца» (паст. 1983); балеты «Станцыйны наглядчык» (паводле А.​Пушкіна, паст. 1956), «Бераг надзеі» (паст. 1959), «Стварэнне свету» (паст. 1971; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1976); вак.-харэагр. сімф. «Пушкін» (паст. 1979); аперэты «Мы хочам танцаваць» («У рытме сэрца», паст. 1967), «Аб бедным гусары...» (паст. 1986); для арк.; сімф. паэма «Рада і Лойка» (паводле М.​Горкага, 1954), сімф. цыкл «Песні нашых дзён» (1964), «Паэма памяці загінуўшых у гады блакады Ленінграда» (1966), сімф.-фантазія «Майстар і Маргарыта» (паводле М.​Булгакава, 1986), сімф. «Час Хрыста» (1995) і інш. Аўтар песень, музыкі да драм. спектакляў, кінафільмаў (больш за 50), у т. л. «Я крочу па Маскве», «Сцеражыся аўтамабіля», «Службовы раман», «Жорсткі раманс», «Старыя клячы», тэлесерыял «Пецярбургскія тайны». Аўтар кніг «Дыялог пра кінамузыку» (1982, з Н.​Калеснікавай), «Час. Музыка. Музыканты» (1987). Дзярж. прэміі СССР 1967, 1976.

Літ.:

Мархасев Л.С. А.​Петров. Л., 1980;

Кац Б.А. Простые истины киномузыки: Заметки о музыке А.​Петрова в фильмах Г.​Данелия и Э.​Рязанова. Л., 1988.

А.​А.​Карпілава.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)