ЛО́ГІНАЎ (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 8.3.1940, в. Зялёнаўка Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне геаграфіі і геафізікі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р геагр. н. (1982), праф. (1989). Скончыў Ленінградскае вышэйшае інж. марское вучылішча (1963). З 1969 у Сібірскім ін-це зямнога магнетызму, іонасферы і распаўсюджвання радыёхваль Сібірскага аддзялення АН СССР. З 1973 заг. лабараторыі Усесаюзнага ін-та гідраметінфармацыі Сусв. цэнтра даных (Обнінск), з 1977 у Гал. геафіз. абсерваторыі (Ленінград) — заг. лабараторыі, нам. дырэктара. З 1990 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі (нам. дырэктара, з 1997 дырэктар, заг. лабараторыі), адначасова заг. кафедры БДУ. Навук. працы па праблемах дыягназу і прагнозу клімату.

Тв.:

Вулканические извержения и климат. Л., 1984;

Причины и следствия климатических изменений. Мн., 1992;

Климат Беларуси. Мн., 1996 (у сааўт.).

У.Ф.Логінаў.

т. 9, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЫ́КА (Міхаіл Іванавіч) (н. 20.1.1920, г. Гомель),

расійскі геафізік. Акад. Расійскай АН (1992, чл.-кар. 1964). Чл.-кар. АН СССР (1964). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1942). Працаваў у Гал. геафіз. абсерваторыі імя А.І.Ваейкава (з 1954 дырэктар). Асн. працы ў галіне фіз. кліматалогіі, біякліматалогіі, актынаметрыі. Разам з А.А.Грыгор’евым сфармуляваў перыядычны закон геагр. занальнасці; вывучаў цеплавы баланс зямной паверхні. Ленінская прэмія 1958.

Тв.:

Климат и жизнь. Л., 1971;

Эволюция биосферы. Л., 1984;

Путешествие во времени. М., 1990.

т. 3, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮКЕ́ВІЧ (Мікалай Ігнатавіч) (9.5.1904, в. Варкавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 9.12.1978),

бел. вучоны ў галіне метэаралогіі. Д-р с.-г. н. (1961), праф. (1962). Скончыў БСГА (1928). З 1957 у Бел. тэхнал. ін-це. Навук. працы па гідралагічнай ролі лясоў, лясной метэаралогіі, ахове прыроды.

Тв.:

Роль леса в воздействии на климат и микроклимат // Вопросы лесного хозяйства, лесной и химической промышленности. Мн., 1967;

Атмосферный воздух и охрана его от загрязнения (разам з А.Х.Шклярам) // Охрана природы. Мн., 1969;

Лесная метеорология. 2 изд. Мн., 1975.

т. 8, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАТЭ́ХНІКА (ад агра... + тэхніка),

сістэма прыёмаў вырошчвання с.-г. раслін, тэхналогія раслінаводства. Уключае апрацоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку насення, сяўбу і пасадку, догляд пасеваў, барацьбу з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі с.-г. раслін, уборку ўраджаю і інш. мерапрыемствы (усе працэсы ўзаемаабумоўлены і складаюць агратэхн. комплекс).

Прыёмы агратэхнікі, звязаныя з выкарыстаннем сістэмы с.-г. машын і заснаваныя на дасягненнях аграбіял. навук, пачалі складацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Задача сучаснай агратэхнікі — забеспячэнне высокіх ураджаяў пры мінім. затратах працы і сродкаў на адзінку высакаякаснай прадукцыі, захаванне ўрадлівасці глебы і ахова яе ад эрозіі (гл. Эрозія глебы). Выбар прыёмаў агратэхнікі абумоўліваецца спецыялізацыяй гаспадаркі, глебава-кліматычнымі ўмовамі, біял. асаблівасцямі культур і ажыццяўляецца ў сістэме севазваротаў.

На Беларусі, размешчанай у зоне дастатковага ўвільгатнення і бедных дзярнова-падзолістых глебаў, асн. мэта агратэхнікі — абагачэнне глебы пажыўнымі рэчывамі, паляпшэнне яе фіз.-хім. уласцівасцяў, рэгуляванне воднага рэжыму (гл. Акультурванне глебы, Вапнаванне глебы, Меліярацыя). З мэтай найлепшага выкарыстання ўгнаенняў створана аграхім. служба і на ўсе гаспадаркі складзены аграхім. картаграмы. Распрацоўку тэарэт. асноў і практычных метадаў агратэхнікі ўзначальваюць н.-д. ін-ты Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Панников В.Д., Минеев В.Г. Почва, климат, удобрение и урожай. 2 изд. М., 1987;

Моргун Ф.Т., Шикула Н.К., Тарарико А.Г. Почвозащитное земледелие. 2 изд. Киев, 1988;

Механизация обработки почвы и посева при интенсивных технологиях возделывания сельскохозяйственных культур. Горки, 1993.

т. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПА́ДКІ АТМАСФЕ́РНЫЯ.

Выпадаюць з воблакаў (дождж, імжа, снег, крупы снежныя і ледзяныя, снежныя зерні, ледзяны дождж і град) або асядаюць на зямной паверхні ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ці замярзання пераахалоджаных кропляў вады (раса, шэрань, галалёд, іней). Адрозніваюць паводле характару выпадзення. Абложныя выпадаюць са слаіста-дажджавых і высокаслаістых воблакаў, звычайна звязаны з цёплым фронтам, працяглыя, ахопліваюць вял. плошчу. Ліўневыя выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў, прымеркаваны да халоднага фронту, непрацяглыя, з раптоўным пачаткам і канцом, зменлівай інтэнсіўнасці. Імжыстыя выпадаюць са слаістых і маламагутных слаіста-дажджавых воблакаў.

Ападкі атмасферныя — адно са звёнаў кругавароту вады ў атмасферы. Колькасць ападкаў вымяраецца вышынёй слоя вады ў міліметрах, які ўтварыўся на гарыз. паверхні пры адсутнасці выпарэння і інш. страт. Гадавая сума ападкаў атмасферных на Зямлі ў сярэднім 1130 мм (больш за 500 тыс. км³ вады). Размеркаванне ападкаў на Зямлі вельмі нераўнамернае, яно залежыць ад агульнай цыркуляцыі атмасферы і асаблівасцяў подсцільнай паверхні. Асаблівы ўплыў на размеркаванне ападкаў атмасферных мае рэльеф. Пэўная занальнасць размеркавання парушаецца мясц. фактарамі. Найбольш вільготная на Зямлі экватарыяльная зона, дзе выпадае ад 3000 мм на Амазонскай нізіне ў Паўд. Амерыцы да 9655 мм на наветраных схілах масіву Камерун у Афрыцы. У тропіках выпадае ў сярэднім 1000—2000 мм за год (на сушы больш, чым у моры). Максімальная колькасць ападкаў атмасферных назіраецца ў зоне трапічных мусонаў на плато Шылонг у Індыі, дзе на выш. 1300 м у Чэрапунджы выпадае 10 902 мм ападкаў атмасферных за год. Прыкладна столькі ж (у асобныя гады) на наветраных схілах гор у зоне пасатаў на Гавайскіх а-вах. Мінімум ападкаў атмасферных у пустынях, дзе выпадае 50—250 мм і менш (у некаторых пунктах на сярэднім Ніле і ў пустыні Атакама ў Чылі ападкаў атмасферных не бывае па некалькі гадоў).

На тэр. Беларусі ападкі атмасферныя прыносяць цыклоны з Атлантычнага ак. і Міжземнага м., частка іх фарміруецца як мясцовыя ў выніку канвекцыі. За год выпадае ад 540 мм і менш (на Палессі) да 769 мм (на Навагрудскім узвышшы). Максімальная колькасць 1115 мм назіралася ў 1906 (Васілевічы), мінімальная 299 мм — у 1963 (Брагін). У сярэднім за год бывае ад 145 дзён з ападкамі (на ПдУ) да 195 дзён (на З і ўзвышшах Беларускай грады). Працягласць ападкаў атмасферных за год у сярэднім складае ад 1000—1200 гадзін (на Пд і З) да 1300—1500 гадз (на ПнУ рэспублікі). Максімальная працягласць за год 2034 гадз адзначана ў 1980 у Мінску.

Літ.:

Швер Ц.А. Закономерности распределения количества осадков на континентах. Л., 1984;

Атмосфера: Справ. Л., 1991;

Климатические характеристики земного шара. Л., 1977;

Климат Минска. Мн., 1976.

В.Р.Жумар.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)