Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ЙНІК, клематыс (Clematis),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 300 (па інш. звестках ад 150 да 400) відаў. Пашыраны ва ўмеранай і цёплай зоне. У Зах. Еўропе выведзена больш за 2000 разнавіднасцей і сартоў. На Беларусі трапляецца на У і ПдУ па схілах рачных далін і яроў, на сухіх лугах і ўзлесках; у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН інтрадукавана каля 30 відаў. Найб. вядомыя П.: вінаградалісты (C. vitalba), Жакмана (C. jackmanii), фіялетавы (C. viticella). У Чырв. кнігу Беларусі занесены П. прамы, або жыгунец (C. recta).
Шматгадовыя травы ці дравяністыя расліны з павойнымі, лазячымі або прамымі сцёбламі. Лісце супраціўнае, простае або складанае, трайчаста-рассечанае або складанаперыстае. Кветкі адзіночныя ці ў суквецці, белыя або жоўтыя, у інтрадукаваных відаў рознай афарбоўкі. Плод — шматарэшак. Дэкар. расліны, некат. віды лек. і ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕ́ТКАВА-ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
зборная група культ. і дзікарослых, пераважна травяністых раслін, якія выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве для азелянення, упрыгожвання інтэр’ера памяшканняў і будынкаў, ідуць на зрэзку. Вырошчваюцца ў адкрытым і закрытым грунтах. К.-д. р. адкрытага грунту падзяляюць на адна-, двух- і шматгадовыя. Іх выкарыстоўваюць для букетаў і афармлення клумбаў, рабатак, міксбордэраў, партэраў (напр., аднагадовыя агератум, аксамітка, астра, ільвіны зеў, цынія; двухгадовыя званочак, наперстаўка, незабудка, фіялка; шматгадовыя гіяцынт, касач, ландыш, півоня, прымула, нарцыс, цюльпан, вяргіня, канна, шпажнік), павойныя і лазячыя расліны на ўпрыгожванне сцен будынкаў, агароджаў, балконаў, тэрас (напр., аднагадовыя пахучы гарошак, іпамея, настурка; шматгадовыя клематыс, плюшч, капрыфоль). К.-д.р. закрытага грунту пераважна субтрапічныя і трапічныя. Сярод іх вылучаюць сезоннаквітучыя (вазонныя пеларгонія, цыкламен; грунтавыя гваздзік рэмантантны, ружа), выганачныя (гіяцынт, нарцыс, цюльпан), вечназялёныя (травяністыя — аспідыстра, спаржа, папараць; павойныя і ампельныя — плюшч, традэсканцыя; сукуленты — агава, алоэ, кактусы, эйфорбія; дрэвы і кусты — азалія, пальма, цытрусавыя).