Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
САРАЧА́НСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁР.
У Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас.р. Вілія. Уключае 12 азёр агульнай пл. 4,3 км² (пл. вадазбору 180 км²): Тумскае, Ёдзі, Вераб’і, Каймін, Туравейскае, Белае, Галадзянка, Залаўскае, Гульбеза, Баранскае, Галодна, Клевел. Азёры займаюць невял. глыбокія ўчасткі агульнай ледавіковай лагчыны (даўж. больш за 20 км), утварэнне якой звязана з выворваннем паазерскага ледавіка і наступнай дзейнасцю расталых ледавіковых вод. У наваколлі азёр марэнныя ўзвышшы (выш. 30—40 м) чаргуюцца з забалочанымі нізінамі, уздоўж азёр выцягнуты озавыя грады, многа камавых узгоркаў, парослых лесам. Для мелкаводных азёр (найб.глыб. да 6 м; Клевел, Вераб’і, Белае, Туравейскае, Галадзянка) характэрна шырокая (да 50—70 м) прыбярэжная пясчаная зона, інтэнсіўнае зарастанне (шыр. паласы расліннасці 40—200 м, Клевел па ўсёй плошчы). Сярэднеглыбокія азёры (глыб. да 21 м; Галодна, Тумскае, Ёдзі і інш.) маюць вузкую прыбярэжную пясчаную зону, нязначнае зарастанне (шыр. паласы расліннасці менш за 30 м). Глыбакаводную ч. азёрных катлавін высцілаюць сапрапелі. Большасць азёр дрэніруюцца р. Клевель (паміж азёрамі мае выгляд шырокіх праток), з Тумскага воз. выцякае р. Сарачанка. Азёры Ёдзі, Гульбеза і Вераб’і злучаны паміж сабой і маюць сцёк у р. Страча. С.г.а. вызначаецца выключнай маляўнічасцю і мае высокія рэкрэацыйныя вартасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАЧА́НКА, Клевель,
рака ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Вілія. Даўж. 29 км. Пл. вадазбору 201 км². Выцякае з воз. Тумскае. За верхняе цячэнне лічаць р. Клевель, якая пачынаецца за 1,7 км на ПдЗ ад в. Караняты і дрэніруе азёры Баранскае, Клевел, Белае, Туравейскае, Залаўскае, Каймін, Тумскае. Упадае ў Вілію за 1 км на З ад в. Сарочча. Рэчышча ад вытоку на працягу 2,2 км каналізаванае.