КЛАУНА́ДА,

цыркавы жанр, заснаваны на прыёмах эксцэнтрыкі, буфанады, гратэску, пародыі, якімі карыстаюцца ў сваіх выступленнях артысты-клоуны.

Вытокі К. ў ант. пантамімах, нар. фарсах. Традыц. маска «белага клоуна» запазычана з італьян. камедыі дэль артэ, франц. і англ. плошчавых т-раў, «рыжага клоуна» (Аўгуста ў Еўропе) — ад нар. блазнаў. На канфлікце паміж «белым» і «рыжым» клоунамі будуюцца т.зв. антрэ. У стараж. Русі элементы К. прысутнічалі ў выступленнях скамарохаў. Клоуны з 17—18 ст. удзельнічалі ў прадстаўленнях коннікаў, канатаходцаў, дрэсіраваных жывёл і інш. З часам набылі сатырычнае і публіцыст. гучанне.

Клоунаў падзяляюць на сола-клоунаў, «дывановых», клоунаў-буф. У развіццё К. значны ўклад зрабілі клоуны Б.​Саўндэрс, Ж.​Б.​Арыёль, Дж.​Грымальдзі, К.​Ф.​Ларан, Кватліц, Т. і Дж. Джэксан, Грок, Карандаш, А.Папоў, Ю.Нікулін, Ю.Куклачоў, А.Варанецкі, Ф.Гулевіч, дынастыі Фратэліні, Дуравых і інш.

Літ.:

Искусство клоунады. М., 1969.

т. 8, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУФАНА́ДА (італьян. buffonata літар, блазнаванне),

від тэатр. паказу і прыём акцёрскага выканання, заснаваныя на рэзкім, камедыйным перабольшанні пераважна вонкавай характарнасці. Асабліва пашырана ў цырку (гл. Клаунада). Узнікла ў народным тэатры (мім, скамарохі, італьян. камедыя дэль артэ), выкарыстоўвалася ў батлейцы. На выкарыстанне прыёмаў буфанады разлічаны і некаторыя творы Мальера, К.​Гальдоні, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца, Я.​Купалы, У.​Маякоўскага і інш. Элементы буфанады выкарыстоўвалі пры стварэнні камедыйных вобразаў бел. акцёры А.​Ільінскі, Г.​Глебаў, П.​Малчанаў.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны ў 1991 у г. Маладзечна Мінскай вобл. на аснове Маладзечанскага нар. т-ра гар. Дома культуры. Працуе на бел. мове. Першы спектакль — «Зямля» паводле паэмы Я.​Коласа «Новая зямля» (1993). Вял. ўвага аддаецца фарміраванню бел. рэпертуару: «Прымакі» і «Час, Сымоне, час...» («Раскіданае гняздо») Я.​Купалы, «Пан міністар» Ф.​Аляхновіча, «Адцуранне» і «Прынц Мамабук» А.​Дударава, «Саламея і яе амараты» С.​Кавалёва, «Камедыя» У.​Рудава паводле твораў К.​Марашэўскага і Аляхновіча. Значную частку складаюць спектаклі па п’есах замежных аўтараў: сцэны з трагедыі «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Пры зачыненых дзвярах» Ж.​П.​Сартра, «Непаразуменне» А.​Камю, «Карэль» С.​Мрожака, «Двое на арэлях» У.​Гібсана, «Гер Паўль» Т.​Дорста, «Чорная нявеста» Ж.​Ануя, «Восем жанчын» Р.​Тама, «Вар’яцкі дзень, ці Два плюс два» М.​Меё і М.​Энекена, «Без мяне мяне ажанілі» Ф.​Кроца. Пастаўлены п’есы рус. драматургаў: «Апошняя ахвяра» і «Жаніцьба Бальзамінава» А.​Астроўскага, «Любоў — кніга залатая» А.​Талстога, «Правінцыяльныя анекдоты» А.​Вампілава, «Я стаю ля рэстарана» Э.​Радзінскага, «Дыяген» Б.​Рацара і У.​Канстанцінава. Спектаклі для дзяцей: «Тата» («Залатое кураня») У.​Арлова, «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.​Булыкі, «Драўляны рыцар» Кавалёва, «Парася, якое спявае, ці Нельга нам без сябра» і «Па блакітных хвалях васількоў» С.​Казлова, «Адчыніце, казляняткі» П.​Макаля, «Буслік супраць Кадука» Г.​Марчука і інш. Большасць дзіцячых спектакляў пастаўлены рэж. В.​Растрыжэнкавым. Вял. месца сярод іх займаюць муз. спектаклі і спектаклі-мюзіклы (кампазітары А.​Атрашкевіч, А.​Елісеенкаў, А.​Залётнеў). Рэпертуар т-ра вызначаецца жанравай разнастайнасцю спектакляў і для дарослых (ірэальная драма, трагіфарс, сямейны дэтэктыў, балада пра каханне, меладрама, драм. клаунада) і для дзяцей (казка-канцэрт, трылер для дзяцей, добрая казка, казка нашых мар).

Асобныя спектаклі паставілі рэжысёры А.​Андросік, Р.​Баравік, У.​Забела, У.​Караткевіч. В.​Раеўскі, Р.​Таліпаў, у спектаклях прымаюць удзел актрысы з Мінска. М.​Захарэвіч вядзе «майстар-клас», а таксама рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Апошняя ахвяра». З 1994 штогод праводзіцца рэсп. тэатр, фестываль «Маладзечанская сакавіца». Маст. кіраўнік і гал. рэжысёр т-ра М.​Мацкевіч, гал. мастакі У.​Жданаў (з 1992), Я.​Волкаў (з 1994).

М.​В.​Шабовіч.

Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Карэль» С.​Мрожака.
Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.​Булыкі.

т. 10, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)