Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЙКА
(англ. dike, dyke літар. перашкода),
пліта або жылападобнае геал. цела ў трэшчынах зямной кары, абмежаванае паралельнымі плоскасцямі. Магутнасць Д. мяняецца ад долей да дзесяткаў метраў, працягласць ад 1 м да 500 км (напр., Вялікая Дайка ў Зімбабве). Адрозніваюць эндагенныя Д. (узніклі пры запаўненні шчылін зямной кары магмай) і экзагенныя Д. (шчыліны запоўнены асадкавым матэрыялам — т. зв. кластычныя Д.). Паводле тыпу размяшчэння бываюць Д. групавыя, радыяльныя і кальцавыя.
Да арт.Дайка. Адпрэпараваныя дэнудацыяй дайкі на схілах вулкана Этна на востраве Сіцылія.
асадкавыя горныя пароды, якія складаюцца з абломкаў больш стараж. горных парод і мінералаў. Адрозніваюць абломкавыя горныя пароды сцэментаваныя і несцэментаваныя (рыхлыя). Па велічыні абломкаў вылучаюцца грубаабломкавыя пароды, або псефіты (несцэментаваныя — глыбы, валуны, галька, друз, жарства, жвір і сцэментаваныя — кангламераты, брэкчыі, гравеліты і інш.); пясчаныя (псаміты), пылаватыя (алеўрыты, алеўраліты), гліністыя (пеліты) пароды, а таксама мяшаныя (суглінкі і супескі). Да абломкавых горных парод належаць таксама прадукты вулканічных вывяржэнняў: вулканічны друз, попел, туфабрэкчыі і інш. Выкарыстоўваюць у буд-ве, металургічнай, шкляной, керамічнай прам-сці і інш. У рачных і марскіх пясках трапляюцца золата, плаціна, каштоўныя камяні, разнастайныя мінералы, руды каляровых, рэдкіх і радыеактыўных металаў. Абломкавыя горныя пароды пашыраны па ўсёй Беларусі. Многія з іх (пяскі, жвір і інш.) — карысныя выкапні.