Кесонная хвароба 2/541; 8/569

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КЕСО́ННАЯ ХВАРО́БА,

від дэкампрэсійнай хваробы, якая ўзнікае пры хуткіх пад’ёмах на паверхню з вял. водных глыбінь. Бывае пасля кесонных і вадалазных работ пры парушэнні правіл дэкампрэсіі (паступовага пераходу ад высокага да нармальнага атм. ціску). Адрозніваюць лёгкую, сярэднюю і цяжкую формы К.х. Прыкметы: сверб, болі ў суставах і мышцах, галавакружэнне, парушэнні мовы, зацямненне свядомасці, паралічы. Лячэнне: рэкампрэсія ў лячэбных шлюзах (паўторнае ўздзеянне на хворага павышаным ціскам да ўзроўню, пры якім знікаюць сімптомы К.х.).

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАМПРЭСІ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы чалавека, абумоўленыя рэзкай зменай ціску навакольнага асяроддзя. Узнікаюць у лётных экіпажаў пры працяглых палётах на выш. больш за 8 тыс. м, у вадалазаў і кесоншчыкаў (кесонная хвароба) пры апусканнях на значныя глыбіні. Адносяцца да прафесійных хвароб.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛАНЕ́ТА»,

гасцініца ў Мінску. Пабудавана ў 1980 на праспекце Машэрава (арх. Г.​Бенядзіктаў, У.​Начараў, Т.​Раманоўская). Дынамічная асіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з 12-павярховага жылога корпуса на 601 месца і 2-павярховага аб’ёму рэстарана. Архітэктура жылога корпуса заснавана на рытме гарыз. міжпаверхавых керамзітабетонных панэлей і верт. навясных рэбраў. Сцены звонку аздоблены верт. цягамі з алюмінію. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаны ракушачны туф, чорны лабрадарыт, шэры мармур, шпон, ціснёная скура. Прамавугольны ў плане аб’ём рэстарана выступае перад гал. фасадам гасцініцы і скампанаваны вакол унутр. двара. На гал. фасадзе асіметрычна размешчана дэкар. пано. Кесонная столь абедзеннай залы аздоблена сюжэтнай арнаментальнай фрэскавай размалёўкай, сцены аформлены серыяй дэкар. керамічных пано (маст. М.​Байрачны, С.​Каткова, В.​Прыешкін і інш.). Дэкар. акцэнт інтэр’ера — люстра з нёманскага шкла. Пры ўваходзе ў рэстаран керамічнае пано «Садоўніца» (маст. Я.​Кузняцоў).

А.​М.​Кулагін.

Гасцініца «Планета».

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)