Траяноўскі А. (кераміст) 12/653

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЬКО́, Данько-Аляксеенка Наталля Якаўлеўна (1892, Тбілісі — 18.3.1942), рускі скульптар-кераміст. У 1900—08 вучылася ў прыватных студыях і вучылішчах Масквы, Вільні, Пецярбурга. З 1914 працавала ў Петраградзе на імператарскім (з 1918 дзяржаўны) фарфоравым з-дзе. Стварыла больш за 300 паліхромных фарфоравых груп, фігурак, рэльефных пасудзін і скульпт. настольных прыбораў (у т. л. творы т.зв. агітацыйнага фарфору), якія вызначаюцца пластычнай выразнасцю матэрыялу, развіццём традыцый рус. нар. керамікі і маст. фарфору.

Літ.:

Овсянников Ю.М. Скульптор в красном халате. М., 1965.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЬЧУ́К (Людміла Мікалаеўна) (н. 14.9.1955, г. Ангарск Іркуцкай вобл., Расія),

бел. мастак-кераміст. Скончыла Абрамцаўскае маст.-прамысл. вучылішча (1976, Масква), Бел. ун-т культуры (1994). З 1978 на Добрушскім фарфоравым з-дзе, з 1990 на эксперым. керамічным аб’яднанні «Даламіт». Творы вызначаюцца дэкаратыўнасцю форм, кантрастнымі суадносінамі каларыту, багаццем колеравай палітры: «Да сустрэчы», «Вып’ем за Абрамцава» (абодва 1995), «Карнавал», «Сумны рыцар з Ламанчы» (абодва 1996), «Зімовыя забавы», «Жанчына ў капелюшы» (абодва 1997).

Г.​А.​Фатыхава.

Л.Кавальчук. Да сустрэчы. 1995.

т. 7, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНЬКО́ВА (Валянціна Уладзіміраўна) (н. 26.9.1953, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.),

бел. мастак-кераміст. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). З 1987 працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Работам уласцівы дэкар. пластычнасць кампазіцыі, мякка-лірычная каляровая гама. Аўтар манум. пано «Гасціннасць» (1987—88, Палац культуры саўгаса «Рудакова» Віцебскага р-на), «Купалле» (1989, Магілёўскі дом-інтэрнат для інвалідаў і састарэлых). Сярод твораў дэкар. скульптуры «Мір» (1986), «Дыялог», «Стварэнне свету», «Мацярынства» (усе 1996), «Міфатворчасць» і «Выгнанне» (абедзве 1997), серыі ваз, медалёў і дэкар. пластоў.

В.Іванькова. Дэкаратыўнае пано «Купалле». 1989.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́НЦІ ((Ponti) Джо) (Джавані; 18.11.1891, г. Мілан, Італія — 16.9.1979),

італьянскі архітэктар, дызайнер. Скончыў Міланскі політэхн. ін-т (1921), у 1936—72 выкладаў у ім. Асн. ідэя П. — існаванне «супермастацтва», якое аб’ядноўвае ўсе віды чалавечай дзейнасці ў стварэнні штучнага навакольнага асяроддзя. Яго дызайнерскія распрацоўкі адметныя тэхн. і эксплуатацыйнай эканамічнасцю, лаканізмам знешняга вырашэння. Як архітэктар зазнаў уплыў неакласіцызму і некат. палажэнні функцыяналізму (канторскі будынак фірмы «Пірэлі» ў Мілане, 1955—59, з арх. А.​Раселі і П.​Л.​Нерві). Вядомы таксама як жывапісец-манументаліст, графік, кераміст, мастак т-ра і кіно.

т. 12, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЬЧУ́К (Валерый Віктаравіч) (н. 11.1.1955, г. Гомель),

бел. мастак-кераміст. Скончыў Абрамцаўскае маст.-прамысл. вучылішча (1976, Масква), Бел. ун-т культуры (1994). З 1978 працаваў на Добрушскім фарфоравым з-дзе, з 1990 — гал. мастак Віцебскага аб’яднання «Даламіт». Творчасці ўласцівы выразнасць і кампактнасць форм, гульня кантрастаў і імкненне да шматфігурнасці кампазіцый: «Усходні базар» (1988), «Мінарэты» (1996), «Урокі канструктывізму» (1 і 2; 1996, 1997), «Парыў ветру», «Дождж», «Джаз у старым парку», «Сярэдзіна лета», «Абхазскія перавалы», «Аб любові да казкі», «Песні Беларусі» 1 і 2, «Вялікая вада», «Перавал» (усе 1997) і інш.

Г.​Л.​Фатыхава.

В.Кавальчук. Джаз у старым парку. 1997.

т. 7, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́Н (сапр. Агата Карын; 1653 або 1658, г. Кіёта, Японія — 1743 або 2.6.1716),

японскі жывапісец, каліграф, майстар маст. лаку, кераміст. Вучыўся жывапісу ў свайго бацькі Агата Сакэн, у Кано Ясунобу і Кано Цунэнобу. Заснавальнік яп. дэкар. школы жывапісу, т. зв. школа Сатацу-Карын. Працаваў у жанрах «кветкі-птушкі», «людзі». Жывапісным творам уласцівы тонкае адчуванне прыгажосці свету, буйныя маштабы выяў, насычанасць каларыту, лёгкасць і раскаванасць манеры пісьма: скруткі «Партрэт Накамура Куранасукэ» (1704), «Азалія каля ручая», «Восеньскія кветкі», «Любаванне касачамі»; парныя шырмы «Квітненне белай і чырвонай слівы» (каля 1710), «36 праслаўленых паэтаў», «Касачы», «Паўліны і мальвы». Размалёўваў вееры, блюды, шкатулкі для пісьмовых прылад і інш.

Карын. Дэталь размалёўкі шырмы «Паўліны і мальвы». Пач. 18 ст.

т. 8, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШКА́Р (Мікалай Мікітавіч) (8.5.1919, г.п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 29.12.1993),

бел. мастак-кераміст. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Харкаўскае маст. вучылішча (1937). Яго работы выкананы ў мяккіх акруглых формах, з натуральных матэрыялаў (пераважна шамот, тэракота), вызначаюцца лірычнасцю, выразным псіхалагізмам, добрым веданнем нар. традыцый, часта гумарыстычнай трактоўкай сюжэтаў і персанажаў. Сярод твораў: «Беларуская бульба», «Браткі-беларусы» (абодва 1966), «Мы з табою, як рыбка з вадою», «Дамашняя баталія» (абодва 1975), «Паляшук-пясняр» (1976), «Дударыкі-дудары» (1978), «Кум і кума» (1979), «Палескія напевы» (1980), «Мой родны кут» (1981), «Сон палешука» (1982), «Гарманіст», «Музыка» (абодва 1983), «Несцерка» (1984), «Сямейны хор» (1985) і інш.

Літ.:

Жук В.И. Современная белорусская керамика. Мн., 1984.

Я.​М.​Сахута.

М.Пушкар. Каханенькая-родненькая. 1992.

т. 13, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУБНО́ЎСКІ (Вацлаў Аляксандравіч) (15.8.1865, в. Дубянец каля Полацка — 26.5.1945),

бел. скульптар і кераміст. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, вучыўся ў Кракаўскай АМ (1888—97) у І.​Яблонскага і А.​Даўна, у Парыжы ў Алжэбера. Працаваў у жанры партрэта («Жаночы партрэт», «Жаночая галава» і інш.). Яго скульптура «Хлопчык, які іграе на пішчалі» (1890—91), адзначана залатым медалём. Ствараў пластыку дробных формаў: статуэткі, дэкар. кампазіцыі і вазы ў стылі мадэрн («Купальшчыца», «Прыгажуня і купідон» і інш.), дзе выкарыстоўваў уласны спосаб пацініравання керамічных вырабаў. Многія яго творы, навеяныя сімвалічнымі, фантаст. і казачнымі матывамі, вызначаюцца манернымі вычварнымі формамі, асіметрыяй, экспрэсіўнасцю рытмаў, мудрагелістасцю арнаменту. Дробная пластыка Бубноўскага — першыя ўзоры керамічных вырабаў, прызначаных для аздаблення сядзіб і палацаў; карысталася попытам за межамі Беларусі: у Варшаве, Берліне, Лондане.

Літ.:

Елатомцева И.М. Очерки по истории белорусской советской станковой скульптуры. Мн., 1974.

А.​К.​Лявонава.

В.Бубноўскі. Жаночы партрэт. 1910.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)