Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНДЫ́Р, кзыл-курай,
турка (Trachomitum),
род кветкавых раслін сям. кутравых. 6 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, ва ўмеранай зоне Азіі.
Шматгадовыя травы ці паўкусты з прамастойным разгалінаваным сцяблом выш. да 1,5 м, у якім да 20—27% лубу. Лісце з кароткім чаранком, падоўжана- ці авальна-ланцэтнае. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя або чырвона-фіялетавыя, сабраныя ў рыхлыя гронкі на верхавінках сцёблаў. Плод — лістоўкападобны, даўж. 8—20 см. Валокны з лубу К. насычаны дубільнымі рэчывамі і смоламі, устойлівымі да загнівання, прыдатныя для вырабу рыбалоўных сетак.