КЕ́НАН ((Kennan) Джордж Фрост) (н. 16.2.1904, г. Мілуокі, ЗША),

амерыканскі дыпламат, саветолаг. Скончыў ваен. акадэмію Сент-Джонс, Прынстанскі ун-т (1925). З 1926 на дыпламат. службе. У 1944—46 саветнік-пасланнік, у 1952 пасол ЗША у Маскве (адкліканы па патрабаванні сав. ўрада). У 1961—63 пасол у Югаславіі. З 1956 праф. Прынстанскага ун-та. Сфармуляваў прынцыпы палітыкі ЗША ў адносінах з СССР (1947), т.зв. дактрына стрымлівання, якая стала сімвалам «халоднай вайны» і грунтавалася на памылковым перакананні ў хуткім падзенні СССР. У канцы 1950-х г. адмовіўся ад сваёй канцэпцыі і падтрымліваў т.зв. палітыку раз’яднання ўзбр. сіл дзвюх супердзяржаў, скіраваную на пазбяганне ядз. вайны. Аўтар прац «Савецкая замежная палітыка 1917—1945» (1960), «Ядзерная памылка. Савецка-амерыканскія адносіны ў атамны век» (1982) і інш.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кенан У. 7/475

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКАЯ ШКО́ЛА ў паліт-эканоміі,

адзін з кірункаў эканам. тэорыі, які склаўся ў канцы 19 ст. ў Лонданскім ун-це. Заснавальнік У.С.Джэванс, яго паслядоўнікі Э.​Кенан, Ф.​Хаек, Л.​Робінс. Тэарэт. канцэпцыі Л.ш. грунтуюцца на індывід.-псіхал. тлумачэнні эканам. з’яў і адмаўленні класічнай школы бурж. паліт. эканоміі. Грамадства яна разглядае як сукупнасць гасп. індывідаў, якія ў сваёй дзейнасці кіруюцца псіхал. разуменнем выгады. Развіццё грамадскай вытв-сці, паводле іх меркавання, падначалена не эканам. законам, а рыначным. Прыватны рынак і механізм свабоднага дзеяння рыначных сіл выступаюць як вечныя катэгорыі. Прадстаўнікі Л.ш. выключаюць магчымасць кантролю грамадства над эканам. развіццём, сферу эканам. навукі абмяжоўваюць вывучэннем праблем прапановы і попыту, якія з’яўляюцца асн. эканам. катэгорыямі, што рэгулююць грамадскае развіццё.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТАЦЫ́ЙНАЯ ФІЗІЯЛО́ГІЯ,

раздзел фізіялогіі, які даследуе прыроджаныя і набытыя прыстасавальныя рэакцыі розных сістэм жывых арганізмаў на вонкавыя ўздзеянні. Задачы адаптацыйнай фізіялогіі: даследаванне фізіял., біяхім. і структурных пераўтварэнняў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства ўнутранага асяроддзя арганізма; вывучэнне механізма прыстасавання пры ўздзеянні фактараў навакольнага асяроддзя; вызначэнне гал. дзеючых фактараў і межаў нармальнага рэагавання; распрацоўка шляхоў карэкцыі парушаных функцый і інш. Адаптацыйная фізіялогія вывучае генатыпічную (эвалюцыйную) і фенатыпічную (індывідуальную) адаптацыі. Значны ўклад у развіццё адаптацыйнай фізіялогіі зрабілі замежныя вучоныя К.​Бернар, У.​Кенан, Г.​Селье, а таксама савецкія Л.​А.​Арбелі, П.​К.​Анохін, П.​Д.​Гарызонтаў, І.​В.​Давыдоўскі, Ф.​З.​Меерсон, В.​П.​Казначэеў, А.​Д.​Слонім, Ф.​І.​Фурдуй і інш. На Беларусі праблемы адаптацыйнай фізіялогіі вывучаюцца ў ін-тах фізіялогіі, біяхіміі, заалогіі АН Беларусі, мед. ін-тах (Мінск, Віцебск, Гродна).

П.​П.​Мурзёнак.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМЕАСТА́З (ад гамеа... + грэч. stasis стан, нерухомасць) у фізіялогіі, адноснае дынамічнае пастаянства саставу і ўласцівасцей унутр. асяроддзя і ўстойлівасць асн. фізіял. функцый арганізма чалавека, жывёл і раслін. Уяўленне сфармулявана франц. вучоным К.​Бернарам (1878). Тэрмін «гамеастаз» прапанаваў амер. фізіёлаг У.​Кенан (1929). Формы гамеастазу: структурны — падтрыманне дынамічнага пастаянства клетачнага саставу, структурнай арганізацыі і ўзаемнага размяшчэння элементаў у органах і арганізме; метабалічны — сукупнасць складаных прыстасавальных рэакцый арганізма, якія накіраваны на ліквідацыю ці макс. абмежаванне дзейнасці фактараў вонкавага і ўнутр. асяроддзя і захаванне ваганняў фізіял. і біяхім. канстантаў у вызначаных межах; генетычны — здольнасць папуляцый натуральным адборам ураўнаважваць свой генет. склад, парушаны ў выніку штучнага адбору ці змены ўмоў асяроддзя; антагенетычны (гамеастаз развіцця) — прыстасавальныя ўласцівасці арганізма дынамічна мяняць рэакцыю генатыпа на паўторныя змены ўмоў вонкавага і ўнутр. асяроддзя. Гамеастаз рэгулюецца нейрагумаральнымі, гарманальнымі, бар’ернымі, выдзяляльнымі, асматычнымі і інш. сістэмнымі рэгулятарнымі механізмамі. Паняцце гамеастаз ужываецца ў біяцэналогіі, генетыцы, кібернетыцы і інш.

Літ.:

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;

Гомеостаз. 2 изд. М., 1981;

Саркисов Д.С. Очерки по структурным основам гомеостаза. М., 1977;

Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)