ВЕРЦЯЛІ́ШКІ,
вёска ў Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і с.-г. калект. прадпрыемства «Прагрэс». За 13 км на У ад г. Гродна, 8 км да чыг. ст. Аульс. 3108 ж., 1042 двары (1996). Торфабрыкетны з-д «Верцялішкі». Школы сярэдняя і мастацтваў, 2 б-кі, Дом культуры, басейн, стаматалагічная паліклініка, цэнтр дыягностыкі захворванняў, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Мемарыяльны комплекс на брацкай магіле сав. воінаў.
Адзін з буйнейшых на Беларусі добраўпарадкаваных аграрна-прамысл. пасёлкаў. Забудоўваецца паводле генплана 1967 (БелНДІдзіпрасельбуд; карэкціроўка 1980, арх. В.Емяльянаў, Г.Заборскі і інш.). Арх.-планіровачную структуру вызначаюць вул. Маладзёжная (уздоўж шашы Гродна—Астрына) і Юбілейная (ідзе ў зону індывідуальных жылых дамоў). Цэнтр кампазіцыі — прамавугольная ў плане плошча, забудаваная 1-, 2-, 3-павярховымі дамамі, дзе размешчаны грамадска-адм. і культ.-гандл. ўстановы. У цэнтры — дэкар. вадаём з фантанам. Ансамбль завяршае 4-павярховы жылы дом. Усе грамадскія і жылыя (2-павярховыя 4- і 8-кватэрныя, 1—2-кватэрныя ў 2 узроўнях, 4—5-павярховыя) будынкі пастаўлены па эксперым. і палепшаных тыпавых праектах. Пры добраўпарадкаванні шырока выкарыстаны малыя арх. формы, дэкар. дрэвы, газоны, кветнікі і інш. Вытв. зона — у паўн.-зах. ч. вёскі. За распрацоўку праекта і забудову вёскі прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1971. Паводле генплана 1988 (арх. Емяльянаў, Т.Галіёта) прадугледжана развіццё Верцялішак з процілеглага боку аўтадарогі Гродна—Астрына.
т. 4, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСТВЫ.
органы мясц. самакіравання ў Рас. імперыі, створаныя паводле земскай рэформы 1864. На Беларусі ўведзены ў 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У З. пануючае становішча займалі памешчыкі; удзельнічалі прадстаўнікі буржуазіі (фабрыканты, купцы, заможныя сяляне), з цягам часу іх колькасць павялічвалася. Царскі ўрад, які баяўся ўплыву ліберальна-бурж. элементаў у З., перадаў ім толькі мясц. гасп. справы, што датычылі адпаведнай губерні ці павета. Аддзяленне гасп. спраў ад агульнай адміністрацыі драбіла мясц. кіраванне паміж казённымі і земскімі ўстановамі, што адмоўна адбівалася на ўсім ходзе мясц. дзейнасці. Асновай бюджэту З. было абкладанне падаткамі нерухомай маёмасці: зямель, дамоў, фабр.-зав. прадпрыемстваў і гандл. устаноў. Расходы З. падзяляліся на абавязковыя (дарожныя, кватэрныя і інш.) і неабавязковыя (на ахову здароўя і нар. асвету). Губернатар і міністр унутр. спраў мелі права затрымаць выкананне любой пастановы земскага сходу. Нягледзячы на абмежаванасць, З. садзейнічалі развіццю мясц. ініцыятывы, гаспадаркі і культуры. Яны адкрывалі на свае сродкі школы, бальніцы, урачэбныя ўчасткі, удзельнічалі ў расходах на ўтрыманне царк.-прыходскіх школ, арганізоўвалі вет. абследаванне і сан. нагляд, агранамічныя мерапрыемствы (стваралі склады с.-г. машын, насенныя і зернеачышчальныя пункты, доследныя палі), займаліся статыстыкай (гл. Земская статыстыка), страхаваннем, вогнеўстойлівым буд-вам, садзейнічалі развіццю саматужных промыслаў. Ліквідаваны пасля Кастр. рэвалюцыі.
Літ.:
Мыш М.И. Положение о земских учреждениях 12 июня 1890 г... СПб., 1894;
Веселовский Б.Б. История земства за сорок лет. Т. 1—4. СПб., 1909—11;
Слобожанин В.П. Земское самоуправление в Беларуси (1905—1917 гг.). Мн., 1994.
С.П.Самуэль.
т. 7, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)