чысты дыаксід крэмнію SiO2 у шклопадобным стане; неарган. шкло. Вызначаецца высокай тэрмічнай і радыяцыйнай устойлівасцю, вогнетрываласцю (т-ра размякчэння 1400 °C), добры дыэлектрык. Устойлівае да ўздзеяння мінер. кіслот (акрамя плавіковай і артафосфарнай пры награванні), газанепранікальнае. Атрымліваюць плаўленнем прыродных разнавіднасцей крэменязёму і сінт. SiO2. Выкарыстоўваюць для вырабу лабараторнага посуду, хім. апаратуры, аптычных прылад, ізалятараў у электратэхніцы; загатоўкі з найчысцейшага К.ш., атрыманага хім. асаджэннем з газавай фазы, — для выцягвання кварцавых валаконных святлаводаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЗІЙНАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
металічныя і неметалічныя матэрыялы, якія не разбураюцца пад уздзеяннем агрэсіўных асяроддзяў — кіслот, шчолачаў, солей, кіслароду, вільгаці і інш.
Да метал. К.м. адносяцца нержавеючыя сталі (хромістыя, хроманікелевыя, хроманікельмарганцавыя), чыгуны, бронза, высакародныя металы і інш.; да неметалічных — матэрыялы неарган. (андэзіты, граніты, баштаўніты, каменнае ліццё, кварцаваешкло, сіталы, кіслотатрывалая эмаль, кераміка) і арган. (прыродныя бітумы, смолы, поліэтылен, полістырол, фторапласты, пластычныя масы, графітапласты, графітна-вугальныя матэрыялы і інш.) паходжання. Каразійную ўстойлівасць матэрыялаў павышаюць легіраваннем, нанясеннем ахоўных пакрыццяў і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці хім. апаратуры, трубаправодаў, арматуры і інш. вырабаў, прызначаных для эксплуатацыі ў агрэсіўных асяроддзях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМАРАЖЭ́ННЕ,
пашкоджанне тканак арганізма ўздзеяннем нізкіх тэмператур. Абмаражэнню садзейнічаюць высокая вільготнасць халоднага паветра, слабая супраціўляльнасць арганізма, цесныя абутак і адзенне.
Адрозніваюць 4 ступені абмаражэння: 1-я — сінюшная ацёчная скура, боль і сверб; 2-я — пашкоджанне паверхневага слоя скуры, вадзяныя пухіры; 3-я амярцвенне скуры і падскурнай клятчаткі, крывяністыя пухіры; 4-я — амярцвенне мяккіх тканак і касцей. Лячэнне: 1-я і 2-я ступені — саграванне (вадзяныя ванны з т-рай 18—20 °C, потым 35—40 °C з адначасовым масажам; фізіятэрапія — сухое цяпло, кварцавае апрамяненне); 3-я і 4-я ступені — хірургічнае. Прафілактыка: загартоўванне арганізма, зручнае адзенне і абутак, своечасовая дапамога пры першых прыкметах абмаражэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МНІЮ ДЫАКСІ́Д, крэменязём,
хімічнае злучэнне крэмнію з кіслародам, SiO2. У крышт. форме бясколернае цвёрдае рэчыва, існуе ў некалькіх паліморфных мадыфікацыях (у прыродзе сустракаюцца ў выглядзе мінералаў): кварц (tпл 1610 °C), трыдыміт (tпл 1680 °C), крыстабаліт (tпл 1723 °C); пры высокім ціску ўтвараюцца кітыт, каэсіт і сцішавіт (шчыльн. 4350 кг/м³, β-кварц мае шчыльн. 2530 кг/м³). Акрамя крышталічнага характэрныя і інш. формы існавання прыроднага крэменязёму: скрытакрышт. (халцэдон), аморфная (апал), тонкадысперсная (трэпел). Расплаўлены SiO2 пры астыванні пераходзіць у шклопадобны стан (гл.Кварцавае шкло).
К.д. не раствараецца ў вадзе, к-тах (акрамя плавікавай), арган. растваральніках. Хімічна ўстойлівы: узаемадзейнічае з фторам і фторыстым вадародам пры награванні (250—400 °C), са шчолачамі і многімі аксідамі пры сплаўленні ўтварае сілікаты. Прыродны К.д. выкарыстоўваюць у вытв-сці сілікатнага шкла, керамікі, абразіваў, бетону, для атрымання крэмнію; сінт. (т. зв. «белая сажа») — як напаўняльнік для гумы; монакрышталі кварца — у радыётэхніцы, акустаоптыцы і акустаэлектроніцы, ювелірнай справе (паўкаштоўныя камяні). Працяглае ўдыханне крэменязёмнага пылу выклікае сілікоз лёгкіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАРАЗРА́ДНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ СВЯТЛА́,
газаразрадныя прылады, у якіх электрычная энергія пераўтвараецца ў аптычнае выпрамяненне пры праходжанні току праз рэчыва ў газападобным стане. Маюць шкляную, кварцавую або метал. (з празрыстым акном) абалонку з герметычна ўпаянымі электродамі, запоўненую газам (звычайна інертным) або парай металаў (напр., ртуці) пад ціскам. Бываюць газаразрадныя крыніцы святла з адкрытымі электродамі, якія працуюць у паветры або струмені газу (напр., вугальная дуга).
У газаразрадных крыніцах святла адбываецца тлеючы або дугавы разрад (гл.Электрычныя разрады ў газах, Іанізацыя). Імпульсныя лямпы з ксенонавым запаўненнем (трубчастыя, прамыя, спіральныя і U-падобныя) выкарыстоўваюцца для напампоўкі лазераў, імпульснага асвятлення пры фатаграфаванні, у страбаскапіі, аптычнай лакацыі і інш. Дугавыя ксенонавыя лямпы трубчастай або сферычнай формы маюць высокую светлавую аддачу і спектр выпрамянення, блізкі да спектра сонечнага святла ў бачнай вобласці. Выкарыстоўваюцца для асвятлення вял. плошчаў, стадыёнаў і інш., а таксама ў святлокапіравальных і фоталітаграфічных апаратах, праекцыйнай апаратуры. Дугавыя натрыевыя лямпы ў спалучэнні з ртутнымі выкарыстоўваюцца для асвятлення дарог, тунэляў, аэрадромаў і інш. У якасці эталонных крыніц святла ў атамна-абсарбцыйных і атамна-флюарэсцэнтных спектрафатометрах, інтэрферометрах, рэфрактометрах і інш. прыладах выкарыстоўваюць спектральныя лямпы.
Ф.А.Ткачэнка.
Газаразрадныя крыніцы святла: а — імпульсная ксенонавая лямпа ІНП 13/250; б — дугавая ртутная лямпа ДРШ 500 (1 — электроды, 2 — абалонка, 3 — токападводы, 4 — дапаможны электрод); в — дэйтэрыевая спектральная лямпа ДДС-30 (1 — шкляны балон, 2 — кварцавае акенца); г — натрыевая лямпа высокага ціску (1 — разрадная трубка, 2 — барыевы газапаглынальнік); д — лінейная лямпа імгненнага перазапальвання для каляровага тэлебачання (1 — разрадная трубка, 2 — траверсы, 3 — электроды).