БЕЛАРУ́СКАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ ТАТА́РАЎ-МУСУЛЬМА́Н «АЛЬ-КІТА́Б»,

добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў 1991 на ўстаноўчым з’ездзе ў г.п. Іўе Гродзенскай вобласці. Дзейнічае ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам і прынятым Статутам. Асн. кірункі дзейнасці: абуджэнне гіст. і патрыят. свядомасці бел. татараў, вывучэнне грамадз. гісторыі і гісторыі ісламу, адраджэнне тат. традыцый, культуры, пісьменнасці на аснове араб. графікі. Выдае квартальнік «Байрам» («Свята») на бел. мове і час. «Аль-Ислам» на рус. мове.

І.Б.Канапацкі.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЧАСОПІСЫ,

часопісы, якія асвятляюць пытанні гісторыі, у т. л. тэарэтычныя, і спец. гіст. дысцыплін (археалогіі, этнаграфіі і інш.). Выдаюцца навук. ўстановамі, ВНУ (пераважна універсітэтамі), гіст. т-вамі і асацыяцыямі, музеямі, архівамі, асобнымі гісторыкамі. Падзяляюцца на навук., навук.-папулярныя і папулярныя, паводле зместу — на універсальныя (прысвечаны сусв. гісторыі) і спецыялізаваныя (гісторыя асобных краін ці рэгіёнаў). З’явіліся ў 19 ст. ў Германіі, Даніі, Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Расіі і інш. краінах у сувязі са станаўленнем гісторыі як навукі. Найб. вядомыя замежныя гістарычныя часопісы: у Вялікабрытаніі «The English historical review» («Англійскі гістарычны агляд», з 1886), «History» («Гісторыя», з 1912); у Германіі «Historische Zeitschrift» («Гістарычны часопіс», з 1859), «Vierteljahrshefte für Zeitgeschichte» («Квартальнік сучаснай гісторыі», з 1953); у Францыі «Revue historique» («Гістарычны агляд», з 1876), «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі», з 1929); у ЗША «The American historical review» («Амерыканскі гістарычны агляд», з 1895); у Польшчы «Wiadomości archeologiczne» («Археалагічныя весці», з 1873), «Kwartalnik historyczny» («Гістарычны квартальнік», з 1887), «Przegląd historyczny» («Гістарычны агляд», з 1905), «Wojskowy przegląd historyczny» («Ваенна-гістарычны агляд», з 1956); у Расіі «Отечественные архивы» (з 1923), «Вопросы истории», «Вестник древней истории» (з 1937), «Военно-исторический журнал», «Новая и новейшая история» (з 1957), «Отечественная история» (з 1957); на Украіне «Український історичний журнал» (з 1957). У Беларусі выдаюцца «Беларускі гістарычны часопіс», «Беларуская мінуўшчына», «Беларускі гістарычны агляд», «Спадчына».

т. 5, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́САЎ КАНА́ДЫ

(ЗБК),

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1948 у г. Таронта, першы старшыня — К.Акула. Працай кіруе Гал. ўправа, існуюць таксама Наглядная рада і Сяброўскі суд. Дзейнічаюць аддзелы ў Гамільтане (з 1949), Манрэалі (з 1951, цяпер Згуртаванне беларусаў прав. Квебек), Лондане (1956), Садбуры (1957), Атаве. Асн. кірункі дзейнасці — захаванне і прапаганда бел. нац. і культ. спадчыны, дапамога членам ЗБК. У выніку расколу ЗБК (1952) засн. Беларускае нацыянальнае аб’яднанне. Пасля стварэння групы «Авангард Беларусі» (1952) удалося пераадолець крызіс і ажывіць работу згуртавання. Пры ЗБК працуе Згуртаванне беларускіх жанчын Канады (з 1965) і інш. ЗБК — чл. Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады (з 1966), Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Таронта (з 1967), Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» (з 1990), удзельнік сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (з 1952). ЗБК правяло святкаванні 450-годдзя бел. друку (1967), 1000-годдзя хрысціянства на Беларусі (1988), арганізоўвае выстаўкі выяўл. і нар. мастацтва, удзельнічае ў міжнац. фестывалях. Выдавала газ. «Беларускі эмігрант», з 1995 выдае квартальнік «Інфа ЗБК». У 1963—68 у газ. «Беларус (Нью-Йорк) змяшчала старонку «Весткі з Канады».

А.С.Ляднёва.

Да арт. Згуртаванне беларусаў Канады. Беларускі грамадскі цэнтр у г. Таронта.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)