Кваліфікацыя 3/207; 5/535

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. qualis які, якой якасці + facere рабіць),

1) характарыстыка прадмета, з’явы, аднясенне яго да якой-н. групы, катэгорыі, напр., кваліфікацыя злачынства.

2) Ступень і від прафесійнай падрыхтаванасці працоўных і служачых да выканання пэўнага віду працы. Уключае тэарэт. веды, практычныя навыкі і прафес. майстэрства. Ступень К. працоўных вызначаецца прысвоенымі ім кваліфікацыйнымі разрадамі, якія ўстанаўліваюцца з улікам складанасці, адказнасці, умоў працы на аснове тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка. Паказчыкам К. работніка таксама можа быць катэгорыя, дыплом, наяўнасць звання і вучонай ступені. Гл. таксама Тарыфная сістэма.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кваліфікацыя злачынства 5/535

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЛІФІКА́ЦЫЯ ЗЛАЧЫ́НСТВА,

крымінальна-прававая ацэнка злачыннага дзеяння, якая заключаецца ва ўстанаўленні адпаведнасці яго прыкмет да прыкмет складу злачынства, прадугледжанага крымін. законам. К.з. ажыццяўляецца органамі папярэдняга расследавання, а канчаткова — прыгаворам суда.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЛІФІКАЦЫ́ЙНЫ РАЗРА́Д,

гл. ў арт. Кваліфікацыя.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЧО́НАЯ СТУПЕ́НЬ,

навуковая кваліфікацыя ў пэўнай галіне ведаў. Звычайна прысуджаецца пасля адпаведных этапаў навучання ў ВНУ або пасля завяршэння адукацыі ў даследчым, напр. аспіранцкім (гл. Аспірантура), падраздзяленні ВНУ або навук. ўстановы і абароны спец. навук. працы. Ва ун-тах Расіі адзіныя правілы прысуджэння вучонай ступені магістра і доктара дзейнічалі ў 1819—1917. У СССР, у т. л. на Беларусі, з 1937 былі ўстаноўлены ступені кандыдата і доктара навук.

т. 4, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІ́ЙНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў для розных галін вытворчасці і сацыяльна-культурнай сферы; састаўная частка сістэмы адукацыі. Уключае дапрафес. этап (прафесійная арыентацыя, прафес. адбор), прафесійна-тэхнічную адукацыю, сярэднюю спецыяльную адукацыю, вышэйшую адукацыю. Накіравана на авалоданне асобай пэўнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, садзейнічае прафес. станаўленню і развіццю асобы. Забяспечвае кваліфікацыйную структуру эканамічна актыўнага насельніцтва (гл. Кваліфікацыя), фарміруе рынак працы, уздзейнічае на гасп. працэсы, стан культуры і навукі. З 1990-х г. развіваецца дыстанцыйная форма П.а. з выкарыстаннем інфарм. тэхналогій.

Э.​М.​Каліцкі.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАС (ад лац. classis разрад, група),

1) сукупнасць, група прадметаў або з’яў, якія маюць агульныя прыкметы.

2) Буйная сац. група людзей, гл. Класы сацыяльныя.

3) Адна з таксанамічных катэгорый у сістэматыцы раслін і жывёл, гл. Клас у біялогіі.

4) У логіцы, матэматыцы — мноства; адвольная (канечная або бесканечная) сукупнасць прадметаў, вылучаных па якой-н. прыкмеце.

5) Тэхнічны разрад марскіх і рачных суднаў; разрад пасаж. вагонаў, кают і інш., якія ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад зручнасці і выгод.

6) Пастаянны (у межах навуч. года) калектыў навучэнцаў, а таксама памяшканне для іх заняткаў.

7) У некаторых спец. навуч. установах — група навучэнцаў, якія спецыялізуюцца па якому-н. прадмету (напр., К. скрыпкі). 8) Мера якасці, узровень, у залежнасці ад якога вызначаецца месца прадмета ў шэрагу сабе падобных (напр., каштоўныя камяні); ступень падрыхтаванасці, кваліфікацыя.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАКТЫ́ВЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,

прэпараты (індывід, рэчывы, іх растворы і сумесі) з рэгламентаванымі саставам і ўласцівасцямі, прызначаныя для навук. даследаванняў і аналізу хімічнага. Р.х., якія выкарыстоўваюць у хім. рэакцыях пры аналізе і сінтэзе розных рэчываў, часта называюць рэагентамі. Вырабляюць Р.х. ў форме, якая забяспечвае надзейнасць захавання і зручнасць пры выкарыстанні. На этыкетках звычайна паказваюць таксічнасць, вогне- і выбухованебяспечныя ўласцівасці, а таксама ўмовы захоўвання і транспарціроўкі.

Большасць Р.х. кантралююць паводле 2—3, а некаторыя па значна большай колькасці характарыстык (напр., Р.х. для біял. даследаванняў больш чым па 20). Найважн. характарыстыка Р.х. — чысціня. Звычайна адрозніваюць «асабліва чыстыя», «хімічна чыстыя», «чыстыя для аналізу» і «чыстыя» Р.х. (найніжэйшая кваліфікацыя Р.х., маюць не менш як 98% асн. рэчыва). Ёсць спец. віды кваліфікацыі з рознымі патрабаваннямі да ступені чысціні Р.х., абумоўленымі галінамі іх выкарыстання, напр., «спектральна чыстыя», «аптычна чыстыя», «для храматаграфіі». Выпускаюць таксама Р.х. «гарантаванай чысціні» са спецыфікацыяй, у якой прыведзены даныя фактычнага хім. аналізу.

т. 13, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́ТУС САЦЫЯ́ЛЬНЫ,

суадноснае становішча (пазіцыя) індывіда або групы ў сац. сістэме, якое вызначаецца па шэрагу эканам., прафес., этн. і інш. спецыфічных для дадзенай сістэмы адзнак (пол, узрост, прафесія, адукацыя, даход і інш.). Упершыню паняцце «С.с.» выкарыстаў у канцы 19 ст. англ. гісторык Г.​Мэн. К.​Маркс і Ф.​Энгельс лічылі, што аб’ектыўнай асновай становішча індывідаў у грамадстве з’яўляецца грамадская практыка, іх сумесная дзейнасць, якая набывае ў ходзе развіцця асаблівыя гіст. формы. М.​Вебер сцвярджаў, што стратыфікацыя грамадства і становішча індывіда ў ім вызначаюцца не толькі эканам. кампанентамі (доступ да сродкаў вытв-сці, грамадскіх багаццяў), але і сац. ролямі і пазіцыямі. Кожны індывід мае некалькі статусных характарыстык Вылучаецца гал. статус, які і вызначае становішча асобы ў грамадстве. У залежнасці ад таго, якую пазіцыю займае чалавек у грамадстве дзякуючы спадчынным адзнакам (сац. паходжанне, раса, нацыянальнасць і інш.) або асабістым намаганням (адукацыя, кваліфікацыя і г.д.), адрозніваюць прыродны і дасягальны С.с. Суадносіны іх у сац. структуры грамадства з’яўляюцца паказчыкамі характару эканам. і паліт. улады, якая і вызначае адпаведную структуру С.с.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)