Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАФА́Т Ясір
(н. 4.8.1929, г. Іерусалім),
лідэр нац.-вызв. руху Палесціны, старшыня (з 1969) Выканкома Арганізацыі вызвалення Палесціны (АВП). Скончыў Каірскі ун-т (1955). Адзін з заснавальнікаў (1956) і кіраўнікоў (з 1965) палесцінскай арг-цыі аль Фатах, вярх. галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Палесцінскага руху супраціўлення (з 1970). У сак. 1989 прызначаны Выканкомам АВП прэзідэнтам Дзяржавы Палесціна, абвешчанай на сесіі Нац. савета Палесціны (парламент у выгнанні) у ліст. 1988 у г. Алжыр. У 1993 падпісаў ізраільска-палесцінскае пагадненне аб узаемапрызнанні АВП і Ізраіля і аўтаноміі Палесціны. Нобелеўская прэмія міру (1994, з І.Рабінам і Ш.Перасам).
т. 1, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЗА,
Эль-Гіза, Гізех, горад у Верхнім Егіпце, на беразе Ніла, прыгарад Каіра. Адм. ц. мухафазы Гіза. 2144 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Буйны гандл. цэнтр (гандаль збожжам). Тытунёвая, радыётэхн. і маш.-буд. прам-сць. Каірскі ун-т. Цэнтр міжнар. турызму.
Паблізу Гізы ў Лівійскай пустыні захаваўся комплекс пірамід-грабніц, у т. л. фараонаў Хеопса (Хуфу), Хефрэна (Хафра), Мікерына (Менкаўра), пабудаваных у 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. Каля ніжняга храма піраміды Хефрэна знаходзіцца «Вялікі сфінкс» — высечаная са скалы фантастычная істота з тулавам ільва і галавой чалавека. На полі пірамід знаходзіцца некропаль, у якім больш за 7 тыс. пахаванняў знатных егіпцян часоў II—VI дынастый Стараж. царства (каля 2800—2250 да н.э.). Археал. раскопкі праводзяцца з 19 ст. Пахаванні даюць багаты матэрыял для вывучэння вытв-сці, сац. жыцця і культуры Стараж. Егіпта. Знойдзены прадметы пахавальнага культу, мадэлі хатніх рэчаў, прылады працы, зброя, ганчарныя вырабы, скульптуры, барэльефы са сцэнамі жыцця, іерагліфічныя надпісы і інш. Ансамбль пірамід фараонаў Хеопса, Хефрэна і Мікерына занесены ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.
т. 5, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БЫ
(саманазва аль-араб),
група народаў, асн. насельніцтва араб. краін Зах. Азіі і Паўн. Афрыкі. Жывуць таксама ў Іране, Турцыі, Ізраілі, Самалі, Эфіопіі і інш., значныя групы арабаў-эмігрантаў жывуць у Паўд. і Паўн. Амерыцы, Францыі і інш. Агульная колькасць больш за 175 млн. чал. (1987). Гавораць на арабскай мове. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, частка — шыіты, абадзіты, друзы, ёсць і хрысціяне. Гл. таксама Алжырскія арабы, Егіпецкія арабы, Іракскія арабы, Йеменскія арабы, Ліванскія арабы, Лівійскія арабы, Мараканскія арабы, Суданскія арабы.
Мяркуецца, што семіцкія плямёны, якія далі пачатак араб. народам, аўтахтонныя жыхары Аравійскага п-ва. У 1-м тыс. да н. э. ўзніклі першыя араб. дзяржавы Пальміра, Набатэя і Ліх’ян (на Пн Аравіі), у 5—6 ст. н. э. — Гасан і Лахм (на Пд Аравіі), Кінда (Цэнтр. Аравія). У гэты час пачаўся працэс фарміравання араб. народа. Тагачасныя арабы знаходзіліся на стадыі разлажэння племяннога ладу, хоць патрыярхальна-радавыя адносіны і племянныя сувязі захоўваліся яшчэ вельмі доўга. З 1-й пал. 7 ст. ўзмацнілася пранікненне арабаў у суседнія краіны. У выніку арабскіх заваяванняў утварыўся велізарны Арабскі халіфат (гл. Халіфат), які ахопліваў тэр. ад Індыі да Атлантычнага ак. і ад Сярэдняй Азіі да Цэнтр. Афрыкі. Заваяванае насельніцтва, асабліва ў Паўн. Афрыцы, прыняло мову, рэлігію (іслам), элементы матэр. і духоўнай культуры арабаў і было хутка арабізавана. Разам з тым і арабы многае ўзялі з культуры заваяваных народаў. У выніку склалася своеасаблівая арабская культура, якая зрабіла вял. ўплыў на сусв. культуру. Створаны сілай зброі Арабскі халіфат у 9—10 ст. распаўся на Багдадскі (гл. Абасідаў халіфат), Каірскі (гл. Фатымідаў халіфат), Кардоўскі халіфат, а пазней на больш дробныя халіфаты, эміраты, княствы. У 16 ст. араб. краіны Пярэдняй Азіі (акрамя значнай ч. Аравійскага п-ва) і Паўн. Афрыкі (за выключэннем Марока) увайшлі ў Асманскую імперыю. З 19 ст. араб. землі — арэна барацьбы паміж калан. дзяржавамі, а ч. тэр. Марока захоплена Партугаліяй яшчэ ў 15—16 ст. Вызваленчая барацьба арабаў, якая не спынялася і ў 19 — 20 ст., прынесла араб. краінам дзярж. незалежнасць.
т. 1, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)