КАШМІ́РСКАЯ ДАЛІ́НА,

міжгорная даліна на Пн Індыі, у штатах Джаму і Кашмір, паміж Вял. Гімалаямі і хр. Пір-Панджал (М.​Гімалаі). Даўж. каля 200 км, шыр. да 60 км, выш. днішча каля 1600 м. Па К.д. цячэ р. Джэлам, вял. воз. Вулар. На схілах шыракалістыя і хвойныя лясы. Рысаводства, садаводства. Кліматычныя курорты. Турызм. На К.д. — г. Срынагар.

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖА́МУ І КАШМІР,

штат на Пн Індыі. Пл. 222,2 тыс. км. Нас. 7718,7 тыс. чал. (1991, на тэр., падкантрольнай Індыі), пераважна кашмірцы. Адм. ц. Срынагар (летам), Джаму (зімой). Тэр. занята хрыбтамі Зах. Гімалаяў (на Пд) Каракарума (на Пн) з вяршынямі да 7—8 тыс. м і ледавікамі. Горны субтрапічны клімат, сухі з марознымі зімамі на ПнУ, мусонны і цёплы на ПдЗ. Значныя рэкі — Інд і яго прытокі Гілгіт, Джэлам. Найб. асвоена Кашмірская даліна. Пераважае сельская гаспадарка. Пад пасевамі 20% тэр. Гал. культуры: ячмень, рыс, шафран, пшаніца. Горная пашавая жывёлагадоўля (пераважна авечкі і козы). Агародніцтва і садоўніцтва (грэцкі арэх, міндаль, яблыкі, грушы, персікі і інш.). Лесанарыхтоўкі і дрэваапр. прам-сць. Рамесніцкая вытв-сць дываноў, пуховых хустак, вышывак, ювелірных вырабаў. Шоўкаматальныя і шарсцяныя ф-кі. Міжнар. турызм і альпінізм.

У 1947 у выніку падзелу Брыт. Індыі на дзяржавы Індыя і Пакістан княства Дж. і К. з пераважна мусульм. насельніцтвам (75%) аднесена да тэр. Індыі. Прэтэнзіі пакістанскіх улад на тэр. Дж. і К. выклікалі 3 узбр. канфлікты паміж Пакістанам і Індыяй (1947—49, 1965, 1971). Унутры Дж. і К. на працягу апошніх 50 гадоў адбываюцца ўзбр. сутыкненні паміж прыхільнікамі ўтварэння тут незалежнай дзяржавы і інд. вайск. фарміраваннямі і сіламі бяспекі. Пасля абвастрэння становішча ў штаце ў канцы 1980-х г. кіраўніцтва Індыі ўвяло тут 19.1.1990 прэзідэнцкае і праўленне.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 6, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ, індаарыйскія мовы,

1) група генетычна роднасных моў, якія паходзяць ад стараж.-інд. мовы і разам з дардскімі і іранскімі мовамі адносяцца да індаіранскай моўнай агульнасці, што ўваходзіць у індаеўрап. сям’ю моў (гл. Індаеўрапейскія мовы). У гісторыі развіцця І.м. адрозніваюць стараж.-інд. (мова ведаў у сярэдзіне 2-га тыс. да н.э., санскрыт з пач. 1-га тыс. да н.э.), сярэднеінд. (з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. паралельна з санскрытам развіваліся палі і пракрыты, якія адлюстроўвалі пэўныя з’явы жывой мовы), новаінд. (пасля 10 ст.) мовы. Новаінд. мовы падзяляюць на 3 галіны: унутраную (зах. хіндзі мова, урду мова, пенджабі, гуджараці, раджастані і інш.),

прамежкавую (усх. хіндзі) і знешнюю, якая падзяляецца на групы: паўн.-зах. (лахнда, сіндхі), паўд. (маратхі), усх. (орыя, біхары, бенгалі, асамская). Некат. вучоныя да ўнутр. галіны, апрача цэнтр. групы, далучаюць і мовы пахары, якія паходжаннем належалі да дардскай групы, але яшчэ ў пракрыцкую эпоху зазналі ўплыў І.м. Да І.м. належыць таксама цыганская мова.

Стараж. І.м. былі тыповымі флектыўнымі мовамі з унутр. і вонкавай флексіямі, чаргаваннем галосных, багатай марфалогіяй (3 роды, 3 лікі, 8 склонаў, разгорнутая сістэма часоў і ладоў дзеяслова і дзеепрыметнікаў); у фанетыцы — групы зычных, дыфтонгі, складовыя «р» і «л», муз. націск. У сярэднеінд. мовах адбывалася пэўнае спрашчэнне сістэмы часоў і ладоў, выкарыстанне дзеепрыметнікаў для абазначэння прошлага часу, выпрацоўваўся больш стандартны парадак слоў. Новаінд. мовы пры спрашчэнні марфал. выражэння скланення і спражэння развіваюць аналіт. спосабы перадачы склонавых значэнняў (паслялогі) і дзеяслоўных катэгорый; трацяцца зычныя на канцы слова і ў групах, у слоўнік пранікаюць многія запазычанні з санскрыту, з моў Усходу і еўрапейскіх. І.м. выкарыстоўваюць розныя алфавіты (гл. Індыйскае пісьмо). Некат. мовы карыстаюцца араба-перс. графікай. Вывучае І.м. індалогія.

2) Умоўная, не зусім дакладная назва моў, пашыраных на тэр. Індыі, Пакістана, Бангладэш, Шры-Ланкі, Мальдываў і Непала. Б.ч. іх — індаеўрап. ўласна І.м., іранскія (у т. л. пушту і белуджская), пашыраныя толькі ў Індастане дардскія мовы (у т. л. кашмірская), якія займаюць прамежкавае становішча паміж іранскімі і індыйскімі. Тут пашыраны таксама дравідыйскія мовы, мунду, некат. тыбета-бірманскія і мон-кхмерская мовы.

Літ.:

Зограф Г.А. Языки Индии, Пакистана, Цейлона и Непала. М., 1960;

Яго ж. Морфологический строй новых индоарийских языков. М., 1976;

Чаттерджи С.К. Введение в индоарийское языкознание: Пер. с англ. М., 1977.

А.​Я.​Супрун.

т. 7, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)