КАШАНІ́ЛЬ (франц. cochenille ад ісп. cochinilla літар. макрыца),

некалькі відаў насякомых з розных сям. падатр. какцыд, самкі якіх выкарыстоўваюцца для атрымання чырв. фарбы — карміну. Найб. вядомыя мексіканская К. (Dactylopius cacti), якая жыве на надземных органах кашанільнага кактуса (Цэнтр. Амерыка, Зах. Еўропа, Паўн. Афрыка, Усх. Азія); армянская, ці арарацкая К. (Porphyrophora hamelii), якая жыве на каранях злакаў (Арменія) і польская К. (P. polonica) — на каранях дубровак, суніц, талакнянкі і інш. (Еўропа). На Беларусі сустракаецца К. польская, занесена ў Чырв. кнігу.

Дарослыя самкі К. польскай даўж. да 7 мм, вішнёва-чырв. колеру, бяскрылыя, нагадваюць макрыц. Самцы крылатыя, з доўгімі васковымі ніткамі на канцы брушка.

Кашаніль польская: 1 — самец; 2 — самка.

т. 8, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМІ́Н (франц. carmin ад араб. кірміз — кашаніль + лац. minium кінавар),

чырвоны фарбавальнік, які здабываюць з цел бяскрылых самак насякомых кашанілі. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі гісталагічных прэпаратаў, як харч. і парфумерны фарбавальнік.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАЗІ́ДЫ (Ortheziidae),

чарвяцы, група найб. прымітыўных хобатных насякомых атр. раўнакрылых. Больш за 1,6 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. ад некалькіх мм да 1 см. На целе ў маладых і дарослых спінны шчыт з воска- і смолападобных рэчываў сакрэту скурных залоз. Галава звычайна з добра развітымі вусікамі і вачамі. Ногі адна- або двухчленікавыя з кіпцюром на канцы. Лічынкі («бадзяжкі»), выходзячы з-пад матчынага шчытка або яйцавага мяшка распаўзаюцца ў розных напрамках ці пераносяцца ветрам. Жывуць на раслінах, кормяцца іх сокам. Рэзка выяўлены палавы дымарфізм. Самка бяскрылая, лічынкападобная, самцы крылатыя. Многія з мучністых артазідаў — шкоднікі раслін, асабліва субтрапічных (напр., цытрусавых). Ёсць каштоўныя: артазіды лакавыя даюць ізаляцыйны матэрыял шэлак, кермесы — чырв. фарбу кармін. Некаторыя ахоўваюцца.

Да арт. Артазіды. Кашаніль польская: 1 — самец; 2 — самка.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКЦЫ́ДЫ,

падатрад насякомых атр. раўнакрылых хобатных, чарвяцы і шчытоўкі (Coccodea). Больш за 4000 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце. На Беларусі найб. трапляюцца 6 відаў: па 2 віды шчытовак і лжэшчытовак, кашаніль польская (Porphyrophora polonica), кермес паўночны (Kermococcus quercus). Фітапаразіты.

Даўж. да 35 мм. Выразны палавы дымарфізм. Самцы рухавыя, з адной парай крылаў. Самкі бяскрылыя, часта без ног, дарослыя нерухома сядзяць на раслінах. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Самкі і лічынкі кормяцца сокамі раслін.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАКРЫ́ЛЫЯ (Homoptera),

раўнакрылыя хобатныя, атрад насякомых. Вядомы з ранняга карбону (каля 350 млн. г. назад). 5 падатр.: алейрадзіды, какцыды, лістаблошкі, тлі, цыкадавыя. Больш за 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. Многія віды ўтвараюць калоніі. Некат. віды шкодзяць лясным і с.-г. раслінам, ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў захворванняў раслін. На Беларусі больш за 300 відаў; кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 8 см, размах крылаў да 18 см. Галава маларухомая, ротавы апарат сысучы, з 3-членікавым хабатком. Крылаў 2 пары з аднатыпным жылкаваннем (адсюль назва), часта развіты толькі пярэднія, часам зусім адсутнічаюць. Кормяцца сокамі раслін. Даюць 1—3 пакаленні за год. Развіццё з няпоўным ператварэннем.

С.​Л.​Максімава.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)