Качараў Г. Я. 7/477

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮСТРА́НЫЯ КА́ЧКІ,

пародная група мяса-яечнага кірунку. Выведзена на Кучынскім птушказаводзе (Маскоўская вобл., Расія) у 1950 скрыжаваннем мясцовых качак з пекінскай і хакі-кемпбел пародамі. На Беларусі гадуюць пераважна ў асабістых гаспадарках.

Маса качараў 3—4 кг, качак 2,8—3,5 кг. Апярэнне качараў светла-шэрае, грудзі карычнева-чырвоныя, качак — светла-карычневае з цёмна-сінімі люстэркамі на крылах. Тулава падоўжанае, шырокае, крыху прыўзнятае. Галава невял., дзюба цёмная. Шыя крыху выгнутая. Ногі невысокія. Яйцаноскасць да 200 (найб. 234) яец за год.

Люстраныя качкі.

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́СКУСНАЯ ПАРО́ДА качак,

мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ад дзікіх мясц. мускусных качак. Гадуюць у Еўропе, ЗША, Аўстраліі. На Беларусі наз. таксама бародаўчатымі, індакачкамі, шыпунамі; гадуюць пераважна аматары (з 1980-х г.).

Тулава падоўжанае, шырокае, грудзі глыбокія. Галава падоўжаная, з пукатым ілбом. Дзюба цялеснага або цёмна-ружовага колеру, з чорным канцом. Вакол вачэй і над асновай дзюбы скура голая, чырв., са складкамі і бародаўкамі, што выдзяляюць тлушч, які ў качараў у перыяд размнажэння пахне мускусам (адсюль назва). Крылы і хвост доўгія. Ногі кароткія, чорныя. Апярэнне чорнае з зялёным адлівам і белымі «люстэркамі» на крылах (або белымі крыламі), белае або стракатае.

Добра лётаюць; замест кракання шыпяць. Маса качараў 5—6 кг, качак 2,5—3 кг. Яйцаноскасць 70—120 яец за год, маса яйца 70—80 г. Жыццяздольнасць высокая. Мяса нятлустае, мяккае, з прысмакам дзічыны.

Мускусная парода качак (1 — качка; 2 — качар).

т. 11, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕКІ́НСКАЯ ПАРО́ДА качак.

Выведзена ў Кітаі ў 17 ст., у СССР завезена ў 1925. Парода мяснога кірунку.

Птушка буйная, тулава прыпаднятае, шырокае, галава вял., дзюба аранжава-жоўтая. Крылы невялікія, шчыльна прылягаюць да тулава. Хвост прыўзняты. Ногі невысокія, аранжава-чырвоныя. Апярэнне белае, з крэмавым адценнем. Маса качараў 3,6—4,2, качак 3,4—3,9 кг. Сярэдняя яйцаноскасць за год — 130—150 яец. Асн. парода для вытв-сці мясных качанят, якія ў 60-сутачным узросце важаць да 2,5 кг.

Пекінская парода качак.

т. 12, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКІЯ БЕГУНЫ́,

парода качак яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд.-Усх. Азіі і на Малайскім архіпелагу; у Еўропу завезена ў 2-й пал. 19 ст. Па смаку яйцы нагадваюць курыныя. На Беларусі І.б. гадуюць аматары.

Ад інш. парод качак адрозніваюцца пінгвінападобнай пастаноўкай корпуса цела, высокімі аранжава-чырв. нагамі, доўгай тонкай шыяй. Хутка бегаюць (адсюль назва). Знішчаюць вял. колькасць насякомых і чарвей. Апярэнне пераважна белае, зрэдку бурае, чырвона-папялістае, пярэстае і чорнае. Жывая маса дарослых качараў 2 кг, качак 1,8 кг. Самкі адкладваюць за год каля 300 яец (маса яйца 75 г).

М.​Ц.​Гарачка.

Індыйскія бегуны.

т. 7, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)