КАХАНО́ВІЧ (Міхаіл Сілуянавіч) (вер. 1882, в. Вял. Лукі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл — 19.3.1934),

бел. паліт. дзеяч, педагог. Скончыў Харкаўскі ун-т (1910). Выкладаў у навуч. установах Вільні, Магілёва. Чл. Беларускага нацыянальнага камітэта. Адзін з арганізатараў, пазней старшыня Магілёўскага беларускага камітэта. Рэдактар газ. «Могилевские известия» (1917). Ўдзельнік з’езда беларускіх арганізацый і партый у Мінску (ліп. 1917). Летам 1918 выехаў у Вільню, удзельнічаў у арганізацыі з’езда беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гродзеншчыны. З 1919 кіраўнік школьнага аддзела Цэнтр. бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, у 1919—22 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. Выступаў з публіцыст. артыкуламі ў бел. перыяд. друку, аўтар успамінаў пра І.​Луцкевіча (у кн. «Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі яго смерці», 1920). У 1922 абраны паслом у сейм Польскай Рэспублікі. З 1925 у БССР, працаваў у рэдакцыях газ. «Савецкая Беларусь» і час. «Савецкае будаўніцтва», у выдавецтвах, займаўся перакладамі. 11.8.1933 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», 9.1.1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 16.8.1956.

М.С.Кахановіч.

т. 8, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кахановіч М. 3/85

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Кахановіч У. С. 12/479, 480

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Кахановіч Уладзімір Сямёнавіч

т. 18, кн. 1, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ПАСО́ЛЬСКІ КЛУБ (БПК),

нацыянальная пасольская (дэпутацкая) фракцыя ў сейме Польскай Рэспублікі ў 1922—28 і 1928—30. Пасля выбараў 5.11.1922 у БПК уваходзілі 11 паслоў, якія прадстаўлялі Бел. с.-д. партыю (А.​Аўсянік, П.​В.​Мятла, Б.​А.​Тарашкевіч, Ф.​Ярэміч), Бел. хрысціянскую дэмакратыю (А.​В.​Станкевіч), партыі бел. эсэраў (С.​Баран, У.​Каліноўскі, С.​Якавюк), незалежных сацыялістаў (С.​А.​Рак-Міхайлоўскі), а таксама беспартыйныя М.​С.​Кахановіч, В.​Ц.​Рагуля. Тактыку і структуру БПК распрацаваў А.​І.​Луцкевіч. БПК адстойваў сац. і нац. правы бел. народа, займаў становішча апазіцыі ў польскай дзярж. палітыцы, быў салідарны з інш. нац. меншасцямі ў нац. справах і з усімі дэмакр. сіламі Польшчы ў сац. справах. Вызначаўся сваёй паліт. неаднароднасцю. Левае крыло БПК супрацоўнічала з камуністамі і 24.6.1925 стварыла асобны клуб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Пасля выбараў 4.3.1928 з прадстаўнікоў Бел. хрысціянскай дэмакратыі і Бел. сял. саюза ўтвораны БПК, які выступаў супраць памкненняў камуністаў падпарадкаваць сабе бел. рух. Дзейнічаў паралельна з пасольскім клубам «Змаганне».

А.​М.​Сідарэвіч.

Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А.​Аўсянік, Ф.​Ярэміч, П.​Валошын; у 2-м радзе — В.​Багдановіч, М.​Кахановіч, Б.​Тарашкевіч, А.​Назарэўскі, А.​Уласаў; стаяць: В.​Рагуля, С.​Якавюк, А.​Станкевіч, С.​Рак-Міхайлоўскі, П.​Мятла. Варшава. 1923.

т. 2, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

адна з першых бел. сярэдніх навуч. устаноў у Зах. Беларусі. Існавала ў 1919—44 у Вільні. Засн. па ініцыятыве І.Луцкевіча. У розны час дырэктарамі гімназіі былі М.​Анцукевіч, Р.​Астроўскі, Ф.​Грышкевіч, В.​Кавалевіч, Кахановіч (1-ы дырэктар), А.​Міхалевіч, А.​Нэканда-Трэпка, С.​Паўловіч, Станкевіч, Б.​Тарашкевіч. Мела на мэце захаванне бел. нац. самабытнасці, выхаванне патрыят. пачуццяў, развіццё роднай мовы, пашырэнне дэмакр. і гуманіст. поглядаў. Акрамя беларусаў вучыліся рускія і яўрэі. Гімназія імкнулася захаваць нац. характар, усе прадметы ва ўсіх класах выкладаліся на бел. мове. Але з 2-га года навучання ўведзена вывучэнне і польскай мовы, на ёй выкладаліся геаграфія і гісторыя Польшчы. У 1932/33 навуч. г. стала дзяржаўнай, што, з аднаго боку, забяспечвала трывалую матэрыяльную базу, з другога — пазбавіла незалежнасці (стала філіялам польскай гімназіі імя Ю.​Славацкага). У ліст. 1939 Вільня перададзена сав. урадам Літве, гімназія была рэарганізавана ў прагімназію, а ў 1940/41 навуч. г., калі Літва ўвайшла ў склад СССР, стала няпоўнай сярэдняй школай. Дзейнічала і ў перыяд ням.-фаш. акупацыі. У крас. 1944 спыніла існаванне.

Л.​А.​Луцкевіч.

Першы выпуск Віленскай беларускай гімназіі: 1-ы рад (злева направа) — Г.​Бонч-Асмалоўская, Л.​Макоўская, М.​Васільева; 2-і рад — Ф.​Аляхновіч, А.​Станкевіч, М.​Кахановіч, Ф.​Мікуліна, А.​Луцкевіч, М.​Гарэцкі; 3-і рад — Г.​Бонч-Асмалоўскі, А.​Лабуць, В.​Акушка, Нядзвецкая, А.​Уладзімірская, Н.​Арсеннева: 4-ы рад — М.​Пяткевіч, А.​Клімовіч, В.​Аляксюк, Л.​Пусько, А.​Сасноўскі. 15.6.1921.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ МЕ́НШАСЦЯЎ,

аб’яднанне паліт. партый і арг-цый нац. меншасцяў у Польшчы ў 1922—28. Створаны для сумеснай дзейнасці напярэдадні выбараў у сейм і для работы ў ім. У блок уваходзіў і Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт. На выбарах у сейм у 1922 атрымаў 1398 тыс. (16%) галасоў, 66 пасольскіх і 22 сенатарскія мандаты. У Зах. Беларусі за кандыдатаў блока было аддадзена 286 тыс. (28%) галасоў. Па спісе блока ў сейм прайшлі 11 дэпутатаў-беларусаў, у сенат — 3 сенатары (А.​Аўсянік, В.​Багдановіч, С.​Баран, У.​Каліноўскі, М.​Кахановіч, П.​Мятла, А.​Назарэўскі, В.​Рагуля, С.​Рак-Міхайлоўскі, А.​Станкевіч, Б.​Тарашкевіч, А.​Уласаў, С.​Якавюк, Ф.​Ярэміч) і ўтвораны Беларускі пасольскі клуб.

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВЫ́БАРЧЫ КАМІТЭ́Т (БЦВК),

каардынацыйны орган бел. паліт. арг-цый у Зах. Беларусі па выбарах у сейм Польшчы. Створаны ў канцы жн. 1922 у Вільні. У яго фарміраванні ўдзельнічалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, вядомыя беспарт. дзеячы. У к-т уваходзілі А.​І.​Луцкевіч (старшыня), Б.​А.​Тарашкевіч (таварыш старшыні), А.​В.​Станкевіч, М.​С.​Кахановіч, Л.​І.​Родзевіч і інш. Асн. задачы БЦВК: выпрацоўка выбарчай платформы, падбор і падтрымка кандыдатаў у паслы ў сейм і сенатары Польскай Рэспублікі. У выніку выбараў 5.11.1922 пасламі (дэпутатамі) выбраны 11 прадстаўнікоў бел. народа, сенатарамі — 3; утвораны Беларускі пасольскі клуб.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДА ў Вільні,

культурна-асветная арг-цыя ў 1920—21. Засн. ў студз. 1920 як філія Цэнтральнай беларускай школьнай рады. Старшыня — Ф.​Умястоўскі, з восені 1920 М.​Кахановіч, члены рады М.​Гарэцкі, Я.​Станкевіч, А.​Луцкевіч, Б.​Тарашкевіч і інш. Кіравала дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю, стварала новыя школы і культ.-асв. гурткі. Працавала ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні. У канцы 1920 — пач. 1921 Беларуская школьная рада разам з бел. пададдзелам асветы пры ўрадзе «Сярэдняй Літвы» закладзена каля 200 бел. пач. школ, Барунская настаўніцкая семінарыя, арганізаваны бел. настаўніцкія курсы ў Вільні. Удзельнічала ў выданні падручнікаў для бел. школ, навуч. дапаможнікаў і інш. бел. л-ры. На яе аснове ў крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ ДЭЛЕГА́ТАЎ ВІ́ЛЕНШЧЫНЫ І ГРО́ДЗЕНШЧЫНЫ.

Адбыўся 9—10.6.1919 у Вільні. Скліканы па ініцыятыве паланафільскай групы бел. паліт. дзеячаў на чале з Б.​А.​Тарашкевічам. Прысутнічала 125 дэлегатаў, большасць з іх члены Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Асн. даклады: аб кааперацыі (К.​С.​Дуж-Душэўскі), аб стане і неадкладных задачах бел. асветы (М.​С.​Кахановіч), аб выдавецкай дзейнасці (Я.​Станкевіч). З’езд пацвердзіў вернасць ідэалам незалежнай і непадзельнай Беларусі, выказаў поўны давер ураду БНР, прызнаў пажаданым дзярж. саюз з Літвой. У прынятай дэкларацыі асудзіў акупацыю Беларусі Польшчай, заклікаў да стварэння працоўных валасных, пав. і губ. рад. Прыняў рэзалюцыі аб стварэнні бел. войска, аб арганізацыі настаўніцкіх курсаў у Вільні і Гродне, абмеркаваў пытанні пра беларусізацыю царквы і касцёла на Беларусі, пра дапамогу пацярпелым ад вайны. Выбраў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны, прыняў пастанову пра скліканне Рады БНР.

А.​С.​Ліс.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)