МІ́НСКІЯ КАФЛЯ́НА-ГАНЧА́РНЫЯ ЗАВО́ДЫ.

Дзейнічалі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Мінску. Мелі газавыя і паравыя рухавікі, лакамабіль, паравыя катлы. На з-дзе купца Авербаха (дзейнічаў у 1897—1914) у 1898 працавала 47 чал., выпушчана тэракотавых вырабаў на 2,8 тыс. руб., ганчарных на 25 тыс. руб., кафлі на 22,5 тыс. руб. На з-дзе купца Поляка (дзейнічаў з 1883 як з-д кафлянай пліткі) у 1895 працавала 67 чал., выпушчана кафлі, тэракотавых аздабленняў і вогнетрывалай цэглы на 25,1 тыс. руб. Гл. таксама Мінскі фарфоравы завод.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКІЯ КАФЛЯ́НЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ.

Дзейнічалі з 1860 да 1914 у г. Копысь Горацкага пав. (цяпер г.п. Копысь у Аршанскім р-не Віцебскай вобл.). Уключалі 4 кафляныя і кафляна-ганчарныя мануфактуры, кафляна-ганчарную ф-ку, 2 з-ды (кафляны і кафляна-глазурны). Выпускалі кафлю, тэракоту, пазалочанае аздабленне для печаў, вазоны для кветак, сподкі з малюнкамі, паліву для кафляных і ганчарных з-даў. Найб. буйныя прадпрыемствы мелі конныя, газавыя (10 к. с.) і нафтавыя (40 к. с.) рухавікі. У розныя гады працавалі ад 9 да 131 чал.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ КАМБІНА́Т БУДМАТЭРЫЯ́ЛАЎ.

Створаны ў 1950 на базе цагельнага, кафляна-плітачнага і вапнавага прадпрыемстваў. З 1958 буйное механізаванае прадпрыемства па выпуску будматэрыялаў. Асн. прадукцыя (1996): цэгла сілікатная і вонкавая каляровая, арміраваныя панэлі з ячэістага і шчыльнага сілікатабетону, ячэістыя блокі, вапна будаўнічая, плітка аддзелачная каляровая сілікатабетонная, уцяпляльнік газасілікатны, чарапіца палімерпясчаная. Гасп. сувязі з Літвой і Расіяй.

т. 5, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)