Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́Д (ад грэч. katodos шлях уніз, вяртанне),
1) адмоўны электрод хім. крыніцы току.
2) Электрод электра- і радыётэхн. прылад (апаратаў), электралітычных ваннаў і інш., які далучаецца да адмоўнага полюса крыніцы току.
3) Крыніца электронаў у электравакуумных і газаразрадных прыладах. Паводле віду электроннай эмісіі адрозніваюць тэрма- і фотаэлектронныя, халодныя К. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ ТРУ́БКА,
электравакуумная прылада для атрымання рэнтгенаўскіх прамянёў. Інтэнсіўнасць рэнтгенаўскага выпрамянення залежыць ад напружання, прыкладзенага да электродаў, току, а таксама матэрыялу анода. Мае катод і анод. Электроны, што вылучае катод, паскараюцца моцным эл. полем і бамбардзіруюць анод. Пры ўдарах электронаў аб анод іх кінетычная энергія пераўтвараецца ў энергію рэнтгенаўскага выпрамянення (часткова — у цеплавую энергію).
Паводле спосабу атрымання электроннага патоку Р.т. падзяляюцца на электронныя (электроны генерыруюцца за кошт тэрмаэлектроннай эмісіі катода) і іонныя (электроны выбіваюцца з халоднага катода дадатнымі іонамі). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне, дэфектаскапіі, навук. даследаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНАТРО́Н [ад грэч. kenos пусты + (элек)трон],
электравакуумны дыёд для выпрамлення пераменнага току пераважна прамысл. частаты. Вынайдзены ў 1905 англ. вучоным Дж.А.Флемінгам.
К. мае аксідны або карбідаваны катод (прамога ці ўскоснага напальвання) і чэрнены ці маціраваны рабрысты анод. Высакавольтныя К. (напружанне на анодзе да 100 кВ, сіла току да 500 мА) выкарыстоўваюцца ў выпрамніках радыёпрыёмнай і вымяральнай апаратуры, рэнтгенаўскіх устаноўках і інш.; нізкавольтныя (напружанне да 2 кВ, сіла току да некалькіх ампер) выцеснены выпрамнымі паўправадніковымі дыёдамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТО́Д [ад грэч. oktō восем + (электр)од],
электронная лямпа, якая мае 8 электродаў: анод, катод і 6 сетак; камбінацыя трыёда і пентода. Выкарыстоўваецца ў супергетэрадзінных радыёпрыёмніках як частотапераўтваральная (трыёдная частка) і змяшальная (пентодная частка) лямпа. Можа замяняцца гептодам і пентагрыдам.
газаразрадны дэтэктар радыеактыўных і інш. іанізавальных выпрамяненняў. Вынайдзены ў 1908 Г.Гейгерам разам з Э.Рэзерфардам; удасканалены Гейгерам і ням. фізікам В.Мюлерам. Гама-выпрамяненне рэгіструецца па другасных іанізавальных часціцах (напр., фотаэлектронах, комптанаўскіх электронах; гл.Комптана эфект), нейтроны — па ядрах атамаў аддачы і прадуктах ядз. рэакцый у газе лічыльніка. Выкарыстоўваецца ў фізіцы, біялогіі, медыцыне, археалогіі, геалогіі, тэхніцы.
Рабочы аб’ём Гейгераўскага лічыльніка (газаразрадны прамежак з неаднародным эл. полем) запаўняюць інертным газам (у самагасільных лічыльніках з дамешкай пары спірту або галагенаў) пад ціскам 13—26 кПа. Найб. пашыраны лічыльнікі з кааксіяльнымі цыліндрычнымі электродамі: вонкавы цыліндр (катод) і тонкая нітка ўздоўж яго восі (анод). Эл. імпульсы, што выяўляюцца пры эл. разрадах у лічыльніку, узмацняюцца і рэгіструюцца спец. прыстасаваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАТРО́Н,
двухэлектродная газаразрадная прылада, запоўненая інертным газам, вадародам або ртутнай парай, з тлеючым або несамастойным дугавым разрадам. Бывае з халодным (газатрон тлеючага разраду) або падагравальным катодам. Катод і анод вырабляюць з нікелю, сталі або графіту. Выкарыстоўваецца ў якасці эл. вентыля з некіроўным эл. разрадам у высакавольтных выпрамніках магутных радыёпрылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТО́Д [ад грэч. pente пяць + (электр)од],
пяціэлектродная электронная лямпа. Мае катод, анод і 3 сеткі (кіравальную, экранную і антыдынатронную, ці ахоўную). З’явіўся як далейшае развіццё тэтрода. Выкарыстоўваецца для генерыравання (гл.Генератарная лямпа) і ўзмацнення нізка- і высокачастотных эл. сігналаў, фарміравання рознай формы эл. ваганняў у індыкатарных прыладах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗАЦЫ́ЙНЫ ВАКУУММЕ́ТР,
манометр, прынцып дзеяння якога заснаваны на вымярэнні іоннага току, прапарцыянальнага ціску ў газах (гл.Іанізацыя). Крыніца іанізацыі — радыёізатоп з альфа- ці бэта-выпрамяненнем або напалены катод. Межы вымеранага ціску вызначаюцца канструктыўнымі асаблівасцямі прылады (верхняя мяжа — суадносінамі паміж памерамі датчыка і даўжынёй свабоднага прабегу іанізавальных часціц, ніжняя — іанізацыяй газу другаснымі часціцамі). Гл. таксама Вакуумметр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕПТО́Д [ад грэч. hepta сем + (электр)од],
электравакуумная прылада, якая мае 7 электродаў: катод, анод і 5 сетак (кіравальная, сігнальная, 2 экранавальныя, антыдынатронная). У рэжыме змяшэння прыняты сігнал падаецца на сігнальную сетку, а сігнал ад дапаможнага генератара (гетэрадзіна) — на кіравальную. У рэжыме пераўтварэння гептод спалучае функцыі змяшальніка і лямпы гетэрадзіна. Выкарыстоўваецца ў змяшальніках і пераўтваральніках частаты супергетэрадзінных радыёпрыёмнікаў.