АДЭНАВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,
група інфекцыйных захворванняў чалавека і жывёлы, выкліканых адэнавірусамі. Здольнасць адэнавірусаў размнажацца ў эпітэліяльных клетках дыхальных шляхоў, кан’юнктывы, кішэчніка і лімфоіднай тканкі абумоўлівае разнастайнасць клінічных прыкмет хваробы: востры катар верхніх дыхальных шляхоў, кан’юнктывіт, энтэракаліт. Найб. успрымальныя да інфекцыі дзеці. Ліхаманка пры захворванні працягваецца 5—7 дзён, катаральны стан — да 10—12 дзён. Ускладненні (атыт, ангіна, пнеўманія) узнікаюць пры далучэнні бактэрыяльнай інфекцыі.
т. 1, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНГІВІ́Т
(ад лац. gingiva дзясна + ...іт),
запаленне дзясны. Бывае лакальны, генералізаваны, востры, хранічны або як вынік агульных захворванняў стрававальнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Найчасцей сустракаецца гінгівіт катаральны (кроватачывасць дзясен пры ядзе і чыстцы зубоў). Гіпертрафічны гінгівіт праяўляецца як разрастанне дзясны вакол верхніх і ніжніх франтальных зубоў. Язвавы гінгівіт (дзясна ўкрываецца болькамі светла-шэрага ці жаўтаватага колеру) рэзка балючы. Пры генералізаваным гінгівіце пагаршаецца агульны стан хворага, павышаецца т-ра цела, узнікаюць галаўны боль, слабасць, бяссонніца, парушэнне апетыту, гніласны пах з рота і інш. Лячэнне накіравана на ліквідацыю асн. захворвання.
т. 5, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЁР,
вострая вірусная хвароба чалавека, якая характарызуецца павышанай тэмпературай, інтаксікацыяй, катаральным запаленнем верхніх дыхальных шляхоў і вачэй, высыпкай на целе. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Інкубацыйны перыяд 8—10 (макс. 17) дзён. Хварэюць людзі любога ўзросту, але часцей дзеці ад 1 да 7 гадоў (да 3 месяцаў дзейнічае матчын імунітэт).
Адрозніваюць 3 перыяды хваробы: катаральны (3—4 дні), калі з’яўляюцца дробныя шаравата-белыя з чырвонай аблямоўкай плямкі на слізістай губ; перыяд высыпання (4—5 дзён) — высыпка з’яўляецца на твары, затым на ўсім целе; праз 3—4 дні яна знікае, застаецца пігментацыя і лушчэнне скуры; працягваецца 7—10 дзён. На ўсіх стадыях хваробы могуць узнікнуць ускладненні на органы дыхання (ларынгіт, фарынгіт, трахеіт, пнеўманія, абсцэс лёгкага), страўнікава-кішачны тракт (стаматыт, энтэракаліт), на скуру (піядэрмія), нервовую сістэму (менінгіт, менінгаэнцэфаліт, міэліт, энцэфаламіэліт), зрок (кератыт) і слых (атыт). Спецыфічных лек. сродкаў супраць адзёру няма. Найб. дзейсны метад прафілактыкі — супрацьадзёрная вакцына. Прышчэпкі робяць дзецям у 12 месяцаў і ў 7 гадоў.
т. 1, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)