ЗАСУ́ЛІЧ (Вера Іванаўна) (8.8.1849, в. Міхайлаўка Смаленскай губ. — 8.5.1919),

дзеяч рас. рэв. руху. З 1868 удзельніца рэв. гурткоў. У 1869—71 у зняволенні па справе С.Г.Нячаева, потым у ссылцы. З 1875 чл. кіеўскай народніцкай групы «бунтароў». З 1877 у Пецярбургу. 24.1.1878 страляла ў пецярбургскага граданачальніка Ф.​Ф.​Трэпава за катаванне па яго загаду паліт. вязня. 31.3.1878 апраўдана судом прысяжных. Эмігрыравала. З 1879 у Расіі, чл. арг-цыі «Чорны перадзел». У 1880—1905 зноў у эміграцыі. Адзін з арганізатараў групы «Вызваленне працы» (1883). З 1900 чл. рэдакцыі газ. «Искра» і час. «Заря». Пасля расколу РСДРП (1903) актыўны дзеяч меншавізму. Кастр. рэвалюцыю 1917 сустрэла варожа.

т. 7, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫЯ ЗЛАЧЫ́НЦЫ,

у міжнародным праве асобы, вінаватыя ў злачынствах супраць міру і чалавецтва, у парушэнні нормаў права ва ўзбр. канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны). Прынцыпы адказнасці ваенных злачынцаў былі ўстаноўлены ў 1945 статутамі Міжнародных ваенных трыбуналаў (гл. Нюрнбергскі працэс, Такійскі працэс), створаных для суда над ням. і яп. ваеннымі злачынцамі 2-й сусв. вайны. Злачынствамі супраць міру з’яўляюцца планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне захопніцкай вайны і інш., супраць чалавецтва — забойствы, вынішчэнне, зняволенне, ссылка, ганенні па паліт., расавых або рэліг. матывах. Да парушэнняў законаў і звычаяў вайны (ваенныя злачынствы) належаць: забойства, катаванне або вываз у рабства цывільнага насельніцтва акупіраванай тэр., забойства і катаванне ваеннапалонных або заложнікаў, бессэнсоўнае разбурэнне гарадоў, вёсак і інш. Для ваенных злачынцаў не існуюць тэрміны даўнасці (напр., паводле міжнар. канвенцыі 1968 вінаватыя ў ваен. злачынствах і саўдзеле ў іх прадстаўнікі дзярж. уладаў і прыватныя асобы нясуць адказнасць незалежна ад часу здзяйснення злачынства), ім не даецца права на прытулак. Ваенныя злачынцы падлягаюць выдачы. На 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя Беларусі перадала спіс вінаватых у злачынствах на акупіраваных бел. землях у час 2-й сусв. вайны (каля 1200 ваенных вязняў), аднак ніхто з іх не быў выдадзены зах. дзяржавамі (ЗША, Канада, ФРГ і інш.) для прыцягнення да адказнасці там, дзе былі ўчынены злачынствы. Рашэннем Савета Бяспекі ААН (1993) створаны Міжнар. трыбунал для разгляду спраў на асоб, якія абвінавачваюцца ў злачынствах на тэр. б. Югаславіі пасля 25.6.1991.

Літ.:

Алексеев Н.С. Злодеяния и возмездие: Преступления против человечества. М., 1986;

Мартыненко Б.А. Нацистские военные преступники в США и других странах НАТО. Киев, 1988.

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. inquisitio расследаванне),

трыбунал каталіцкай царквы, створаны для барацьбы з ерасямі, вальнадумствам, антыцарк. і антыфеад. рухам. Існавала ў 12—19 ст. ва ўсіх каталіцкіх краінах. Вызначалася жорсткасцю і фанатызмам. Рост у 12—13 ст. царк. і рэліг. апазіцыі (катары, альбігойцы, вальдэнсы) выклікаў узмацненне рэпрэсій з боку царквы. У 1184 на сінодзе ў Вероне папа Луцый III выдаў дэкрэт, у якім вызначаны юрыд. нормы І., а кіраванне ёю ўскладзена на епіскапаў. Стварэнне І. зацвердзілі 4-ы латэранскі (1215) і тулузскі (1229) саборы. Для ўдасканалення дзейнасці І., а таксама з мэтай прадухіліць злоўжыванні ўлад папа Грыгорый IX у 1223 увёў пасады папскіх інквізітараў для асобных краін і дыяцэзій (займалі пераважна дамініканцы і францысканцы). У 1232—35 інквізітарскія трыбуналы створаны ў Германіі, Арагоне, Аўстрыі, Ламбардыі, паўд. Францыі і Італіі. У 1252 пры папе Інакенцію IV афіцыйна ўведзена катаванне як сродак для атрымання паказанняў. Першапачаткова інквізіц. трыбуналы разглядалі толькі рэліг. справы, пазней (14—15 ст.) справы пра чараўніцтва, сувязь з д’яблам і інш. Асабліва жорсткі характар мела іспанская І., дзе ў 14—15 ст. вяліся масавыя рэпрэсіі супраць магаметан і яўрэяў, якія прынялі каталіцтва (гл. Мараны), іх абвінавачвалі ў патаемным вызнанні даўнейшай веры. З 1478, калі кароль Іспаніі атрымаў права прызначаць інквізітараў, І. цалкам падпарадкавана ўладзе і выкарыстоўвалася для яе ўзмацнення. Гал. ісп. інквізітар Т.​Тарквемада асабіста адправіў на касцёр каля 9 тыс. чалавек. Быў уведзены звычай публічнага і ўрачыстага спальвання асуджаных (гл. Аўтадафэ). З Іспаніі І. была перанесена ў Партугалію, амер. правінцыі, Нідэрланды. У 1542 створаны вярх. інквізітарскі трыбунал у Рыме на ўзор ісп. І., які стаў адным з асн. сродкаў Контррэфармацыі. Ахвярамі І. ў 17 ст. сталі перш за ўсё выдатныя вучоныя і мысліцелі (Дж.​Бруна, Дж.​Ваніні, Г.​Галілей і інш.). У 1543 выдадзены «Індэкс Забароненых кніг» і ўведзена жорсткая цэнзура.

У слав. краінах І. не адыграла значнай ролі. У большасці еўрап. краін яна скасавана да 18 ст. і толькі ў некаторых захавалася да сярэдзіны 19 ст. (у Партугаліі да 1820; у Іспаніі да 1835; у Італіі канчаткова скасавана ў 1859).

Літ.:

Ли Г.Ч. История инквизиции в средние века: Пер. с фр. Т. 1—2. СПб., 1911—12;

Льоренте Х.А. Критическая история испанской инквизиции: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1936;

Шпренгер Я., Инститорис Г. Молот ведьм. М., 1992;

Григулевич И.Р. Инквизиция. 2 изд, М., 1976;

Hayward F. The Inquisition. New York, 1966;

Baranowski B. Procesy czarownic w Polsce w XVII i XVIII wieku. Lodź, 1952.

Н.​К.​Мазоўка.

Катаванні, узаконеныя інквізіцыяй. Гравюра 1508.

т. 7, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)