КАСІ́НІ (Cassini) Джавані Даменіка
(Жан Дамінік) (8.6.1625, Перынальда, каля г. Ніца, Францыя — 14.9.1712),
французскі астраном італьян. паходжання. Чл. Парыжскай АН (1669), першы дырэктар Парыжскай астр. абсерваторыі (з 1669). Адкрыў вярчэнне Юпітэра і Марса (1665—66), 4 спадарожнікі Сатурна (1671—84). Выявіў цёмны прамежак у кольцах Сатурна (т.зв. дзяленне, або шчыліна К.), даследаваў лібрацыю Месяца, даў першае надзейнае вызначэнне паралакса Сонца. Імем К. названа аўтам. міжпланетная станцыя.
т. 8, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАСІ́НІ»
(Cassini),
аўтаматычная міжпланетная станцыя НАСА і Еўрапейскага касм. агенцтва. Запушчана 15.10.1997 з мэтай даследавання планеты Сатурн і яе спадарожніка Тытана. «К.» мае арбітальны апарат (маса 5300 кг) і спускальны модуль «Гюйгенс» (маса 350 кг), які ўвойдзе ў атмасферу Тытана. Працягласць пералёту 6 г. 7 мес. Першыя вынікі даследаванняў чакаюцца ў 2004—2006. На арбіце Сатурна «К.» будзе знаходзіцца да 2008. Названа ў гонар Дж.Д.Касіні.
т. 8, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЁНА,
спадарожнік планеты Сатурн. Дыяметр 1120 км, сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 377,4 тыс. км, маса 0,067 масы Зямлі. Сідэрычны перыяд абарачэння 2 сут 17 гадз 41 мін. Адкрыў Дж.Касіні (1684, Францыя).
т. 6, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬЦЫ САТУ́РНА,
яркія плоскія канцэнтрычныя кольцы вакол планеты Сатурн, утвораныя мноствам цвёрдых ледзяных ці пакрытых лёдам цел, якія адбіваюць сонечнае святло. Цвёрдыя целы, што ўтвараюць К.С., маюць памеры ад некалькіх міліметраў да 15 м, рухаюцца па кругавых і эліптычных арбітах і пастаянна сутыкаюцца адно з адным. Таўшчыня К.С. 1,5 км, знешні дыяметр каля 250 тыс. км. У кольцах назіраюцца цёмныя шчыліны, самыя буйныя з якіх наз. шчылінамі Касіні і Эйнке.
т. 8, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)