КАСЦЯНЕ́Ц (Asplenium),

род папарацей сям. аспленіевых. Каля 700 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Растуць на вапнавых скалах.

Шматгадовыя травяністыя, наземныя, наскальныя ці эпіфітныя расліны выш, да 15 см з кароткім верт. ці паўзучым карэнішчам. У тропіках — буйныя, з перыстым ці суцэльным лісцем даўж. да 2 м, тоўстым карэнішчам і масай зблытаных каранёў, утвараюць падабенства гнёздаў на ствалах і галінах дрэў (гнездавыя эпіфіты). Сорусы лінейныя, уздоўж бакавых жылак ніжняй паверхні ліста, пакрыты плеўкай індузія. Многія віды ўтвараюць на лісці вывадкавыя пупышкі для вегетатыўнага размнажэння. Дэкар. расліны.

Касцянец воласападобны.

т. 8, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Касцянец воласападобны 8/88—89 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПАРАЦІ, папарацепадобныя (Polypodiophyta),

аддзел вышэйшых споравых раслін. 3 кл.: поліпадыяпсіды, маратыяпсіды, вужоўнікавыя, ці офіягласапсіды; 300 родаў, каля 12 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Найб. колькасць відаў, якія адрозніваюцца паводле жыццёвых форм (наземныя, наскальныя, водныя П., эпіфіты, ліяны, дрэвападобныя П.) — у тропіках. На Беларусі 10 сям., 25 відаў. У Чырв. кнігу занесены 7 відаў П.: граздоўнікі віргінскі і рамонкалісты, касцянец пасценны, мнаганожка звычайная, пузырнік судэцкі, сальвінія плывучая, чыставуст каралеўскі.

Пераважна шматгадовыя, травяністыя або дрэвападобныя расліны з прыдаткавымі каранямі, сцёбламі і лісцем выш. ад некалькіх міліметраў да 25—30 м. Лісце (вайі) буйное, расчлененае, радзей суцэльнае, даўж. ад 2—4 мм да 30 м. Часта сумяшчае функцыі фотасінтэзу і споранашэння, у шэрагу П. яно дыферэнцыравана на стэрыльнае (фотасінтэзуючае) і са спарангіямі (фертыльнае), якія сабраны на ніжняй паверхні ліста. Са спор вырастае гаплоіднае палавое пакаленне — гаметафіт. Пасля апладнення, якое адбываецца пры наяўнасці вады, з зіготы ўтвараецца новы дыплоідны спарафіт. Вегетатыўнае размнажэнне — кавалкамі карэнішчаў, прыдаткавымі пупышкамі і інш. Адна з найб. стараж. груп вышэйшых раслін. Важны кампанент у наглебавым покрыве лясоў, вільготных лугоў і балот. Лек., харч., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Флора Европейской части СССР. Т. 1. Л., 1974;

Жизнь растений. Т. 4. М., 1978.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)