КАСТЭ́ЛЬ (ад франц. castel невял. замак),

сярэдневяковы замак, цытадэль з абарончымі сценамі, вежамі, жылымі карпусамі, храмам і ўнутр. дваром. Выконвалі ролю рэгіянальных цэнтраў абароны і місіянерства, былі месцам кірмашоў, збору падаткаў. Будавалі К. звычайна ў цяжкадаступным месцы, каля буйных населеных пунктаў, на мяжы заваяванай тэрыторыі, на гандл. шляхах ці скрыжаваннях стратэг. дарог.

Першыя К. паявіліся ў Стараж. Рыме — невял. прамавугольныя ў плане ўмацаванні, якія спалучалі формы рым. ваен. лагера з рысамі замка. Пасярэдзіне кожнага з 4 бакоў знаходзіліся брамы, што звычайна фланкіраваліся 2 вежамі. Вежы часта ўзводзілі і па вуглах умацавання. Памяшканні для жаўнераў і стайні прымыкалі да ўнутр. бакоў мураваных сцен або схілаў валоў. Пазней форму К. запазычылі візантыйцы і народы Зах. Еўропы. У 12—14 ст. іх узводзілі крыжакі і лівонскія рыцары ў Прыбалтыцы.

На Беларусі К. будавалі ў 13—1-й пал. 14 ст. для абароны ад крыжакоў. Яны адрозніваліся ад крыжацкіх большымі памерамі, узводзілі іх на невял. пясчаных выспах, ці штучных насыпах. Уяўлялі сабой пляцоўку, замкнёную высокімі (да 15—16 м) сценамі, змураванымі з палявога каменю, і 1—2 вежамі. З найб. небяспечных бакоў рабілі равы, якія часта абвадняліся. Гарнізонныя памяшканні будавалі з дрэва па ўнутр. баках сцен. Сярод пабудоў вылучаўся памерамі дом кашталяна (таксама драўляны). Пасярэдзіне К. выкопвалі 1—2 студні. Паводле планавай кампазіцыі да К. блізкія Лідскі замак і Крэўскі замак. У час варожых набегаў на замкавым двары знаходзілі паратунак жыхары навакольных вёсак.

Літ.:

Ткачев М.А Замки Белоруссии. Мн., 1987.

М.А.Ткачоў.

т. 8, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Замак-кастэль 6/161

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НЕА́ПАЛЬ (Napoli),

горад на Пд Італіі, каля падножжа вулкана Везувій. Адм. ц. вобласці Кампанія і прав. Неапаль. У агламерацыі Вял. Н. 3012 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт у Неапалітанскім зал. Тырэнскага м. Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы эканам. і культ. цэнтр на Пд Італіі. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., металургічная, маш.-буд. (суднабудаванне, эл.тэхн., радыёэлектроннае), абутковая, тэкст., мэблевая, харч. (вял. макаронныя ф-кі). Метрапалітэн. Ун-т (з 1224). Кансерваторыя. Абсерваторыі. Бат. сад. Марскі акварыум. Нац. музей, буйнейшы ў Еўропе археал. музей, маст. галерэі. Оперны тэатр «Сан-Карла». Цэнтр міжнар. турызму. Ваен.-марская база.

Засн. каля 600 да н.э. як грэч. калонія выхадцамі з г. Кумы. У 326 да н.э. заваяваны рымлянамі. У канцы 5 ст. н.э. ў складзе остгоцкай дзяржавы. З сярэдзіны 6 ст. тут замацаваліся візантыйцы. У 1139 заваяваны нарманамі і далучаны да Сіцылійскага каралеўства, пасля 1266 яго сталіца. У 1268 захоплены франц. герцагам Карлам Анжуйскім. У 1282—1442, 1501—04 сталіца Неапалітанскага каралеўства. З 1504 у складзе Сіцылій абедзвюх Каралеўства. У 1799 тут абвешчана Партэнапейская рэспубліка. У 1806—15 Н. — сталіца залежнага ад Францыі Неапалітанскага каралеўства, з 1815 — Каралеўства абедзвюх Сіцылій. Н. — адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. Ў 1860 вызвалены войскамі Дж.Горыбальдзі і ўвайшоў у склад аб’яднанага Італьян. каралеўства. У час фаш. дыктатуры Б.Мусаліні — буйная ваен.-марская база. Пасля выхаду Італіі з 2-й сусв. вайны акупіраваны ў 1943 ням.-фаш. войскамі; вызвалены ў выніку паўстання (т.зв. Чатыры дні Неапаля).

Размешчаны амфітэатрам на прыбярэжных пагорках. У цэнтр. ч. захавалася ант. рэгулярная планіроўка. Сярод помнікаў: раннехрысц. катакомбы з фрэскамі (2—5 ст.), баптыстэрый Сан-Джавані з мазаікамі (5 ст.), замкі Кастэль дэль Ова (з 12 ст.) і Кастэль Нуова (1279—84, перабудаваны ў 1443—53, Г.Сагрэра; трыумфальная арка Альфонса Арагонскага са статуямі і рэльефамі, 1452—67, арх. і скульпт. Сагрэра, скульпт. Ф.Лаўрана, П. да Мілана, рэнесанс), гатычныя касцёлы, часткова перабудаваныя ў стылі барока, — СанЛарэнца, Сан-Даменіка (абодва 13 ст.), Санта-Марыя дэль Карміне (1283—1300), сабор (1294—1323); палацы і касцёлы ў стылях рэнесансу і барока; у стылі класіцызму — кляштар Чэртоза ды Сан-Марціна (1325, Ф. ды Віта, Т. ды Камаіна; 1580—1623, Дж.Дозіо, са зборам неапалітанскага і еўрап. жывапісу 17—18 ст.), т-р «Сан-Карла» (1737—1816), касцёл Сан-Франчэска ды Паала (1817—46, П.Б’янкі). З пабудоў 20 ст. вылучаюцца будынак вакзала (1954—60, арх. Дж.Вакара, М.Кампанела, інж. П.Л.Нерві і інш.) і інш. Каля Н. руіны стараж.-рым. гарадоў Пампеі і Геркуланум, Палацца Рэале ў Казерце (з 1752, Л.Ванвітэлі).

Кастэль Нуова ў г. Неапаль 1279—84.

т. 11, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЫКА́Н (Vaticano),

Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.

Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл. Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.

Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд. дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш. Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.

Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш. перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).

Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-т св. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.

У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.

Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.

Літ.:

Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;

Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].

Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).

т. 4, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)