КАСТЫЛЬЁНЕ ((Castiglione) Бальдасарэ) (6.12.1478, каля г. Мантуя, Італія — 2.2.1529),
італьянскі пісьменнік, прадстаўнік позняга Адраджэння. Літ. дзейнасць пачаў як лірычны паэт. Аўтар эклогі «Тырсі» (1506), зборнікаў вершаў, невял. паэм, лац. эпіграм. Найб. вядомы яго трактат «Прыдворны» (кн. 1—2, 1528) — своеасаблівы кодэкс ідэальна выхаванага, усебакова адукаванага і развітога чалавека.
Тв.:
Рус.пер. — Из «Книги о придворном» // Хрестоматия по зарубежной литературе: Эпоха Возрождения. М., 1959. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кастыльёне Б. 1/126; 5/176
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКІ ПАХО́Д БАНАПА́РТА 1796—97,
баявыя дзеянні франц. арміі на чале з ген. Н.Банапартам (гл.Напалеон I) супраць аўстра-сардзінскіх войск у Паўн. Італіі ў вайну 1792—97 Францыі з 1-й антыфранц. кааліцыяй (Аўстрыя, Англія, Расія, Сардзінскае каралеўства, Каралеўства абедзвюх Сіцылій і інш.). Ініцыіраваны Банапартам, армія якога (каля 42 тыс.чал.) у крас. 1796 разбіла войскі Сардзінскага каралеўства (П’емонт) і вымусіла яго заключыць сепаратны мір. У маі Банапарт разграміў аўстрыйцаў каля Лодзі, заняў Мілан. У бітвах пры Кастыльёне, Раверэта, Басана, Аркале, Рывалі ён разграміў аўстр. войскі і ў лют. 1797 вымусіў гарнізон Мантуі капітуляваць, у сак. 1797 разгарнуў наступленне на Вену. Паводле заключанага 17.10.1797 міру (каля в. Кампаформіо, ПнУ Італіі) Аўстрыя ўступала Францыі б.ч.Паўн. Італіі і Аўстр. Нідэрланды, аднак атрымлівала як кампенсацыю Зальцбург, ч. Баварыі, б.ч. ліквідаванай Венецыянскай рэспублікі. Іанічныя а-вы і землі ў Албаніі адышлі да Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ ШКО́ЛА,
мастацкая школа ў Італіі 16—17 ст.У архітэктуры сфарміравалася да сярэдзіны 16 ст.; яе росквіт звязаны з творчасцю Г.Алесі, яго вучняў і паслядоўнікаў (Р.Лурага і інш.). Яе характэрныя рысы выявіліся ў структуры гар. палацца, які спалучаў урачыстую пышнасць з інтымнасцю вясковай сядзібы. У жывапісе склалася да 1630-х г. пад уплывам італьян. майстроў 2-й пал. 16 ст. і фламандцаў, што працавалі ў Генуі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк). Яе вядучы мастак — венецыянец Б.Строцы, у творах якога мясц. традыцыі спалучаліся з маляўнічасцю і эмацыянальнасцю флам. мастацтва. Майстры Генуэзскай школы выконвалі парадныя арыстакратычныя партрэты, рэліг. кампазіцыі і дэкар. размалёўкі; набылі вядомасць і творы т.зв. пастаральнага жанру, дзе значнае месца займалі пейзаж, хатняе начынне і жывёла (Дж.Б.Кастыльёне, А.М.Васала). Усхвалявана-рамант. кампазіцыі стварыў В.Кастэла, «жывапіс мазка і плямы» якога набылі пашырэнне ў Генуі і інш.маст. цэнтрах Паўн. Італіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.
Да арт.Генуэзская школа. Б.Строцы. Святы Лаўрэнцій раздае міласціну. 1630—44.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАФАЭ́ЛЬ [Raffael, Raphael; сапр.Рафаэла Санці (Санцыо), Raffaello Santi (Sanzio); 26 ui 28.3 або 6.4.1483, г. Урбіна, Італія — 6.4.1520],
італьянскі жывапісец і архітэктар эпохі Адраджэння. Вучыўся ў свайго бацькі Дж.Санці (да 1494), у Перуджы ў П.Перуджына (каля 1495—1505, або 1499—1500). Раннія творы, у якіх адчувальны ўплыў Перуджына, вызначаюцца тонкай паэзіяй і мяккім лірызмам пейзажных фонаў, ураўнаважанасцю кампазіцый: «Каранаванне св. Мікалая Таленцінскага» (каля 1500), «Тры грацыі», «Сон рыцара» (абедзве каля 1500—02), «Укрыжаванне са св. Іеранімам» (1.503), «Мадонна Канестабіле» (каля 1504), «Заручыны Марыі» (1504). З 1504 працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Перуджы і Умбрыі. Пад уплывам Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Ф.Барталамео перайшоў да больш класічнай манеры, сцвердзіўся як майстар рэнесансавага жывапісу: «Мадонна дэль Грандука» (1504), «Малая Мадонна Каўпер» (1504—05), «Мадонна на лузе» (1506), «Мадонна са шчыглянём» (1507), «Святая сям’я Каніджані» (1507—08), «Вялікая Мадонна Каўпера», «Мадонна Тэмпі», «Прыгожая садоўніца» (усе 1508), партрэты Аньёла і Мадалены Доні і інш. З 1508 у Рыме. Паводле заказу пап Юлія II і Льва X пісаў фрэскі ў залах (станцах) Ватыканскага палаца, у якіх увасобіў гуманіст. ідэалы свабоды і зямнога шчасця, жыццесцвярджальныя ўяўленні пра прыгажосць і дасканаласць чалавека, яго гармонію са светам. Фрэскам уласцівы спакойная веліч і гарманічная стройнасць шматфігурных кампазіцый, павышаная роля арх. фонаў, якія дасканала звязаны з рэальным арх. асяроддзем, майстэрства перадачы святлаценю, мяккі светлы каларыт: «Дыспут», «Афінская школа», «Парнас», «Мудрасць, Мера і Сіла» ў Станца дэла Сеньятура (1508—11), «Выгнанне Эліядора з храма», «Сустрэча Льва I з Атылам», «Меса ў Бальсене», «Вызваленне апостала Пятра з цямніцы» ў Станца д’Эліядора (1511—14), «Пажар у Борга», «Каранаванне Карла Вялікага папай Львом III» у Станца дэль Інчэндыо (1514—17) і адпаведныя гал. кампазіцыям алегарычныя, біблейскія і міфалагічныя сцэны на плафонах. Стылістычна блізкія да ватыканскіх фрэсак кардоны серыі шпалер для Сіксцінскай капэлы (1515—16). Духам ант. класікі з яе культам пачуццёвай прыгажосці прасякнута фрэска «Трыумф Галатэі» на віле Фарнезіна (1511). Пісаў алтарныя абразы, рэліг. карціны і партрэты, якія вызначаюцца майстэрствам перадачы характару персанажаў, экспрэсіўнасцю, складаным гучным каларытам: «Мадонна Альба» (каля 1510—11), «Мадонна ды Фаліньё» (1511—12), «Партрэт кардынала» (каля 1512), «Сіксцінская мадонна» (1513—14), «Святая Цэцылія» (1514), «Мадонна з рыбай» (каля 1514), «Партрэт Бальдасарэ Кастыльёне» (каля 1515), «Жанчына ў пакрывале» («Донна Велата», каля 1516), «Нясенне Крыжа» (1517), «Партрэт Льва X з двума кардыналамі» (1518—19), «Святая сям’я Францыска I» (1518), «Праабражэнне» (1517—20) і інш. У некат. позніх работах адчуваюцца рысы маньерызму. Арх. дзейнасць Р. стала сувязным звяном паміж творчасцю Д.Брамантэ і А.Паладыо. З 1514 гал. архітэктар Рымскага сабора Святога Пятра, стварыў яго новы план, у аснову якога паклаў арх. тып базілікі. Дабудоўваў пачаты Брамантэ ватыканскі двор з лоджыямі. Пабудовам Р. ўласціва спалучэнне дэкору фасадаў з асаблівасцямі мясцовасці і суседняй забудовы, памерамі і прызначэннем будынка: царква Сант-Эліджа дэльі Арэфічы (з 1509), капэла Кіджы царквы Санта-Марыя дэль Попала (1512—20), палацца Відоні-Кафарэлі (з 1515), Бранконіо дэль Аквіла (1520) у Рыме, палацца Пандальфіні ў Фларэнцыі (з 1520, дабудаваны па праекце Р. арх. Дж. да Сангала). Часткова ажыццёўлена аўтарская задума Р. ў пабудове вілы Мадама ў Рыме (з 1517, дабудавана арх. А. да Сангала Малодшым), арганічна звязанай з навакольнымі садамі і тэрасным паркам. Творчасць Р. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. жывапіс 16—19 ст.
Літ.:
Гращенков В.Н. Рафаэль. 2 изд. М., 1975;
Пашут Л. Рафаэль: Пер. с венг.М., 1981;
Дажина В.Д. Рафаэль и его время. М., 1983;
Прусс И.Е. Рафаэль: [Альбом]. М., 1983;
Лебедянский М.С. Портреты Рафаэля. М., 1983.
С.У.Пешын.
Рафаэль.Рафаэль. Афінская школа. Станца дэла Сеньятура. 1508—11.Рафаэль. Прыгожая садоўніца 1508.