Касматая бронзаўка, гл. Алёнка (жук)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́НЗАЎКА КАСМА́ТАЯ,

гл. Алёнка.

т. 3, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́КА,

аднагадовыя культурныя віды роду гарошак. У свеце вырошчваюць 12 відаў, з іх на Беларусі 2: віка пасяўная, або яравая (Vicia sativa), і касматая, або азімая (Vicia villosa).

Віка пасяўная культывуецца з 18 ст. Высяваецца на зялёны корм у сумесі пераважна з аўсом. Раянаваныя сарты: Льгоўская 31/293 і Белацаркоўская 222. Вільгацялюбная, холадаўстойлівая, малапатрабавальная да якасці глеб культура. Віка касматая культывуецца з канца 19 ст. Высяваецца ў сумесі з азімым жытам, радзей з пшаніцай. Раянаваныя сарты: Стаўбцоўская, Слонімская, Серпухаўская палепшаная. Засухаўстойлівая, але недастаткова зімаўстойлівая культура. Сена і зялёная маса вікі багатыя бялкамі, карацінам, фосфарам і кальцыем. Сідэратныя расліны (абагачаюць глебу азотам).

т. 4, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЁНКА, бронзаўка касматая (Epicometis hirta),

жук сям. пласцініставусых. Пашыраны ў Еўропе ад лясной зоны да гор Крыма і Каўказа.

Даўж. да 13 мм, цела матава-чорнае. Надкрылы з жаўтаватымі плямамі. Зверху густыя жоўта-шэрыя валаскі (адсюль другая назва). Лятае вясной і напачатку лета, жывіцца кветкамі і пупышкамі пераважна пладовых дрэў, а таксама злакамі. Зімуе ў глебе, вясной адкладвае 15—20 яец. Поўнасцю развіваецца за год. Шкодзіць дэкар. і пладовым раслінам.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАКА́

(Carex),

род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 1500 відаў (паводле інш. даных — да 2500). Пашырана на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Большасць відаў трапляецца ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмераным і халодным паясах. На Беларусі 68 відаў. Большасць з іх расце ў лясных (каля 18 відаў), балотных і прыбярэжна-водных (43 віды) фітацэнозах, некаторыя — дамінанты ў раслінных згуртаваннях: асака вострая (Carex acuta), вастраватая (Carex acutiformis), дрыжнікавая (Carex brizoides), валасістая (Carex pilosa), бутэлечная (Carex rostrata), пузыраватая (Carex vesicaria) і інш. Каля дарог трапляюцца асака касматая (Carex hirta), заечая (Carex leporina), суседняя (Carex contigua) і чорная (Carex nigra).

Шматгадовыя травяністыя адна-, радзей двухдомныя расліны з падоўжанымі ці ўкарочанымі карэнішчамі, утвараюць рыхлыя або шчыльныя дзернавіны і купіны. Сцябло суцэльнае, трохграннае, зрэдку амаль цыліндрычнае з вузламі каля асновы, часцей бязлістае. Лісце лінейнае з вострашурпатымі краямі, ніжняе лускападобнае, рознай афарбоўкі. Кветкі аднаполыя, дробныя, адзінкавыя ці ў коласападобных суквеццях. Плод — арэшкападобны, трохгранны або пукаты, у мяшочку рознай формы (важная сістэматычная прыкмета). Асака — асноўны торфаўтваральнік на нізінных і пераходных балотах. Большасць яе відаў кармавыя расліны, некаторыя — лек., дэкар., тэхнічныя. 11 відаў асакі занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

А.М.Скуратовіч.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)