КАСКО́ (Алесь) (Аляксандр Канстанцінавіч; н. 10.12.1951, в. Чудзін Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1976). Працаваў у рэдакцыі газ. «Сельская праўда» ў г. Жабінка Брэсцкай вобл., з 1984 у Брэсце на абл. студыі тэлебачання, у абл. аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1968. У нізцы вершаў «Вестка» (зб. «Нашчадкі», 1979), паэт. зб-ках «Скразная лінія» (1982), «Набліжэнне» (1989); «Час прысутнасці» (1994, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1995), «45» (1996) шчырая захопленасць роднымі краявідамі, роздум пра мінулае і аптыміст. погляд на будучыню свайго краю. Піша для дзяцей. Творчасць адметная філасафічнасцю, багатай вобразнасцю, тэхн. дасканаласцю. Перакладае з рус., укр., польскай, македонскай моў.

т. 8, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРАСЮ́К (Васіль Васілевіч) (н. 10.1.1954, г. Брэст),

бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1979). З 1983 заг. муз. часткі Брэсцкага абл. т-ра драмы і музыкі. Працуе пераважна ў галіне тэатр. музыкі. Сярод твораў: опера для дзяцей «Анчутка» (1993); сімфонія «Белая Русь» (1983); Канцэрт для фп. з арк. (1985); вак.-інстр.эстр. кампазіцыі «XX век» на словы Г.​Бураўкіна (1987) і «Споведзь» на словы М.​Пракаповіча і А.​Каско (1987); камерна-інстр. музыка, песні; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы (1981), «Вечар» А.​Дударава (1986), «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.​Макаёнка (1987), «Машэка» М.​Арахоўскага (1989), «Памінальная малітва» Р.​Горына (1991).

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́СКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Грэскім р-не Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам Грэскага падп. РК КП(б)Б. Арганізатар і кіраўнік У.​І.​Заяц. Налічвала каля 80 чал., 4 групы: у бальніцы в. Грэск (кіраўнік Ю.​Г.​Войчык), вёсках Стараселле (А.​В.​Вадап’ян), Гацук (Заяц), Вобчае (І.​І.​Каско). Падпольшчыкі вялі сярод насельніцтва агітац. работу, распаўсюджвалі звесткі Саўінфармбюро, перадавалі партызанам звесткі пра рух варожага транспарту, папярэджвалі пра карныя аперацыі акупантаў, псавалі тэлеф. сувязь праціўніка, спалілі некалькі мастоў на шашэйных дарогах, пусцілі пад адхон варожы эшалон, разграмілі апорны пункт фашыстаў у в. Вобчае, захапілі абоз з прадуктамі і пераправілі партызанам.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАЎ (Леанід Мікалаевіч) (22.5. 1905, г. Омск, Расія — 21.6.1980),

расійскі паэт. Друкаваўся з 1921. У паэмах «Табольскі летапісец», «Шукальнік раю» (абедзве 1937), «Саматканая Венера» (1939) і інш. маляўнічыя карціны побыту старой Сібіры, маштабнасць гісторыка-філас. фону, сімвалізацыя гіст. дэталей. Своеасаблівы каментарый да паэм — маст.-гіст. нарысы ў прозе «Крэпасць на Омі» (1939) і «Аповесць пра Табольскае ваяводства» (1945). Рамант. матывы ў зб. «Лукамор’е» і «Эрцынскі лес» (абодва 1945) звязаны з Лукамор’ем — вобразам-сімвалам рэальнай паўн. радзімы паэта і адначасова легендарнай краіны шчасця. У паэт. зб-ках «Першародства» (1965; Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Голас прыроды» (1966), «Гіпербалы» (1972; Дзярж. прэмія СССР 1974), «Вузел бур» (1979), «Залаты запас» (1981) і інш. тэмы натхнёнага служэння мастацтву, прыгажосці, роздум пра час і сэнс жыцця. Аўтар зб-каў нарысаў «Грубы корм» (1930), перакладаў «Паэты розных краін» (1964), кн. пра паэзію «Паветраныя фрэгаты» (1974), успамінаў «Знак бясконцасці» (1980) і інш. Творчасці М. ўласцівы складана-асацыятыўнае мысленне, міфалагізм, майстэрства гукапісу. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі Э.​Агняцвет, А.​Каско.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1976—77;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1990.

Літ.:

Дементьев В. Леонид Мартынов: Поэт и время. 2 изд. М., 1986;

Художественная индивидуальность писателя и литературный процесс: (Творчество Л.​Мартынова). Омск, 1989;

Воспоминания о Леониде Мартынове. М., 1989.

А.​В.​Спрынчан.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)