КА́СЕЛЬ (Kassel),
горад у цэнтры Германіі, на р. Фульда, зямля Гесен. Засн. ў 10 ст. 193 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: трансп. машынабудаванне (лакаматывы, вагоны, аўтамабілі), інструментальная, хім. (у т. л. вытв-сць хім. валокнаў), эл.-тэхн., тэкст., харч., паліграфічная. Арх. помнікі і ансамблі 13—18 ст. Дзярж. маст. збор (у палацы Вільгельмсхёэ). Музей зямлі Гесен, Новая галерэя.
т. 8, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СЕН (Hessen),
зямля (адм. адзінка) у ФРГ у бас. Рэйна і верхняга Везера. Пл. 21,1 тыс. км². Нас. 6 млн. чал. (1994). Адм. ц. — г. Вісбадэн. Найб. гарады і гал. прамысл. цэнтры — Франкфуртна-Майне, Дармштат, Касель, Вісбадэн, Офенбах. На З — адгор’і Рэйнскіх Сланцавых гор, на У — сярэднягорныя масівы Рэйнгардсвальд, Габіхтсвальд, Кнюль, Фогельсберг, Рон (г. Васеркупе, 950 м), на Пд — зах. ч. Одэнвальда і нізіна ў міжрэччы Рэйна і Майна. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 18 — 20 °C, студз. каля 2 °C. Ападкаў 600 — 800 мм за год. Здабыча калійных солей, бурага вугалю. Развіта машына-, станка- і прыладабудаванне, інструментальная і эл.-тэхн. прам-сць, вытв-сць паліграф. машын, рухавікоў, радыё- і тэлеапаратуры. Нафтахім., хім.-фармацэўтычная прам-сць, вытв-сць хім. валокнаў. Каляровая металургія, цэм., папяровая, тэкст., харч., паліграф., швейная, гарбарна-абутковая, футравая прам-сць. Вытв-сць ювелірных вырабаў, мэблі, шпалераў. У сельскай гаспадарцы пераважае малочна-мясная жывёлагадоўля. Сеюць пшаніцу, жыта, авёс, кармавыя травы. Агародніцтва. На Пд у далінах рэк вінаградарства. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Суднаходства па Рэйне і Майне.
У старажытнасці тэр. Гесена насяляла герм. племя гесаў (адсюль назва). У канцы 8 — пач. 9 ст. тут утварылася графства. У 1137 яно трапіла пад уладу ландграфа Цюрынгіі, у 13 ст. вызвалілася. З 1292 ландграфства і імперскае княства (сталіца з 1277 г. Касель). У 14—15 ст. перажываў перыяд раздробленасці, аб’яднаны (з 1522) у час праўлення Філіпа Велікадушнага [1509—67]. У 1526 праведзена Рэфармацыя. У 1567 падзелены на княствы Гесен-Касель і Гесен-Дармштат. Гесен-Касель удзельнічаў у Трыццацігадовай вайне 1618—48 (на баку пратэстанцкіх князёў) і аўстра-прускай вайне 1866 (на баку Аўстрыі). У 1803—66 курфюрства. У 1866 анексіраваны Прусіяй і ўключаны ў прав. Гесен-Насаў. Гесен-Дармштат у час Трыццацігадовай вайны падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі»; у 1806—1918 — вял. герцагства (у 1866—1918 наз. Вял. герцагства Гесен), з 1828 у мытнай сістэме Прусіі, з 1871 у складзе Герм. імперыі, у 1918—45 рэспубліка (зямля) Гесен. Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе амер. і франц. акупацыйных зон. З 1949 зямля ФРГ (утворана з зямель Гесен-Насаў, Гесен-Касель і Гесен-Дармштат; рэйнская частка Гесена ўвайшла ў зямлю Рэйнланд-Пфальц.
т. 5, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКАНАБО́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1566,
антыкаталіцкае паўстанне ў Нідэрландах, першы этап Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. Праходзіла пад сцягам кальвінізму. Пачалося 11 жн. ў гарадах Хондсхарт, Арманцьер і Касель, хутка ахапіла амаль усе правінцыі Нідэрландаў. Паўстанцы разграмілі каля 5,5 тыс. цэркваў і манастыроў. 23.8.1566 ісп. намесніца ў Нідэрландах Маргарыта Пармская выдала маніфест, у якім абяцала змякчыць дзейнасць інквізіцыі, дазволіць кальвінісцкія пропаведзі, амнісціраваць членаў антыісп. «Саюза дваран». Маніфест паспрыяў расколу ў лагеры паўстанцаў, частка іх пайшла на пагадненне з намесніцай. Да вясны 1567 паўстанне задушана, а маніфест абвешчаны несапраўдным.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 7, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТФА́ЛІЯ (Westfalen),
гістарычная вобласць у паўн.-зах. Германіі, паміж рэкамі Рэйн і Везер. Упершыню згадваецца ў 775. Была тэрыторыяй рассялення вестфалаў (зах. адгалінавання герм. племені саксаў), часткай герцагства Саксонія (створана ў 9 ст.). З 1180 самаст. герцагства (створана імператарам Фрыдрыхам І Барбаросам пры падзеле саксонскага герцагства Генрыха Льва; тытул вестфальскіх герцагаў насілі кёльнскія біскупы), неаднаразова раздраблялася. У 1807—13 частка напалеонаўскага Вестфальскага каралеўства (сталіца — г. Касель). У 1815—1945 пруская правінцыя (цэнтр — г. Мюнстэр). Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе створанай у брыт. акупац. зоне зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, якая ў 1949 стала зямлёй ФРГ.
т. 4, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРФЮ́РСТЫ (ням. Kurfürsten літар. князі-выбаршчыкі),
у «Свяшчэннай Рымскай імперыі» князі, якія з 13 ст. мелі права выбіраць герм. караля (імператара). З’явіліся ва ўмовах тэр. раздробленасці сярэдневяковай Германіі і аслаблення тут цэнтр. улады. Правы і асаблівыя прывілеі К. былі аформлены паводле Залатой булы (1356). Яны мелі поўную паліт. самастойнасць у межах імперыі, дыктавалі імператару ўмовы, якія той павінен быў выконваць. У 13 ст. К. былі свецкія князі Саксоніі, Брандэнбурга, Пфальца, кароль Чэхіі, архіепіскапы гарадоў Трыр, Кёльн і Майнц. У 17 ст. правы курфюрства атрымала Баварыя, у 18 ст. — Гановер, у 19 ст. — Вюртэмберг, Бадэн, Гесен-Касель, Зальцбург. Калегія К. перастала існаваць пасля ліквідацыі «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (1806).
т. 9, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1866,
вайна Прусіі супраць Аўстрыі за аб’яднанне палітычна раздробленай Германіі і панаванне ў ёй прускага юнкерства. Зачэпкай да вайны стала спрэчка з-за зямлі Шлезвіг-Гольштэйн, заваяванай Аўстрыяй і Прусіяй у вайне супраць Даніі. Прусія заручылася нейтралітэтам Францыі і Расіі, заключыла ваен. саюз з Італіяй, і 16 чэрв. яе войскі ўварваліся ў Гесен, Гановер і Саксонію. Пасля паражэння Аўстрыі каля Садавы 23 жн. ў Празе падпісаны мірны дагавор, паводле якога зямля Шлезвіг-Гольштэйн адышла да Прусіі. Прусія, атрымаўшы права стварыць саюз герм. дзяржаў на Пн ад р. Майн, у вер. 1866 захапіла Гановер, Гесен-Касель, Насаў і Франкфурт-на-Майне. У 1867 яна арганізавала Паўн.-герм. саюз (19 ням. дзяржаў і вольныя гарады Брэмен, Гамбург і Любек). Герм. дзяржавы, размешчаныя на Пд ад Майна, падпісалі з Прусіяй сакрэтныя ваен. пагадненні.
т. 2, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)