Касацыйнае судаводства 5/486
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНА́ЛЬНАЕ СУДАВО́ДСТВА, крымінальны працэс,
рэгламентаваная законам і ўвасобленая ў форму праваадносін дзейнасць органаў дазнання, папярэдняга следства, пракуратуры і суда, зместам якой з’яўляецца ўзбуджэнне, расследаванне, суд. разгляд і вырашэнне крымін. спраў, а таксама выкананне прыгавораў. У крымін.-працэсуальным праве Рэспублікі Беларусь мае наступныя стадыі: узбуджэнне крымін. справы, папярэдняе расследаванне, адданне пад суд, судовы разбор, касацыйнае судаводства, выкананне прыгавору. У некат. выпадках крымін. справа праходзіць таксама дадатковыя стадыі: перагляд справы ў парадку суд. нагляду, аднаўленне справы па новаадкрытых акалічнасцях. Задачы К.с.: хуткае і поўнае раскрыццё злачынства, выяўленне і абвінавачанне злачынцы, забеспячэнне правільнага выкарыстання заканадаўства.
Г.А.Маслыка.
т. 8, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШЭ́ННЕ СУДА́,
пастанова суда першай інстанцыі, які вырашае па сутнасці цывільную справу. Афармляецца ў пісьмовым выглядзе, падпісваецца і абвяшчаецца суддзёй. Набывае законную сілу пасля заканчэння тэрміну на касацыйнае абскарджанне і апратэставанне. У выпадку прынясення касацыйнай скаргі або касацыйнага пратэсту рашэнне, калі яно не адменена, набывае законную сілу пасля разгляду справы вышэйстаячым судом. Рашэнне Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь набывае законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння. Неадкладнаму выкананню падлягаюць Р.с. інш. суд. інстанцый па справах аб спагнанні аліментаў, аб аднаўленні на рабоце або ў ранейшай пасадзе няправільна звольненага ці пераведзенага работніка і інш.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)