КАРЫ́ЦА,
высушаная кара галінак карычных дрэў роду карычнік. Матава-жоўта-бурага колеру, з тонкім пахам. Таўшчыня слоя 0,5 мм. Мае эфірны алей (1—2%), крухмал, гумі, цукар, дубільныя рэчывы. Лепшыя гатункі К. з кары цэйлонскага і кіт. карычных дрэў. Выкарыстоўваецца ў кандытарскай прам-сці, кулінарыі, медыцыне, фармакалогіі і парфумерыі (карычны алей).
т. 8, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЧНАЕ ДРЭ́ВА,
трапічныя дрэвы з роду карычнік (Cinnamomum) сям. лаўровых, з кары якіх вырабляюць карыцу. Найб. каштоўныя 2 віды К.д.: цэйлонскае (C. zeylanicum) і кітайскае (C. cassia, C. aromaticum), якія культывуюць у Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. Амерыцы, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа.
Вечназялёныя дрэвы або вял. кусты. Лісце скурыстае. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя ці белаватыя, сабраныя ў мяцёлкі. Плод — ягада. Выкарыстоўваецца ў буд-ве (драўніна), медыцыне, харч. прам-сці, парфумерыі.
т. 8, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМФО́РАВАЕ ДРЭ́ВА,
камфоравы лаўр (Cinnamomum camphora), кветкавая расліна сям. лаўровых, від роду карычнік, або карычны лаўр. Радзіма — Паўд.-Усх. трапічная Азія. Утварае лясы. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках многіх краін, у т. л. на чарнаморскім узбярэжжы Каўказа.
Шматгадовазялёнае дрэва да 50 м выш. і 3 м у дыяметры, з карой, якая дае трэшчыны Лісце простае, скурыстае, бліскучае. Кветкі дробныя, белаватыя ці жаўтаватыя, сабраныя ў кальчакі. Плод — цёмна-сіняя сакаўная касцянка. Вегетатыўныя органы і плады маюць прыемны востры пах камфары. Тэхн., дэкар., інсектыцыдная і лек. расліна. Выкарыстоўваецца ў парфумерыі.
Г.У.Вынаеў.
т. 7, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)