Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЦНА,
рака ў Ляхавіцкім, Ганцавіцкім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць (бас.р. Дняпро). Даўж. 126 км. Пл. вадазбору 1130 км². Пачынаецца на Капыльскай градзе меліярац. каналам за 500 м на У ад в. Гайнінец Ляхавіцкага р-на, вусце за 4 км на Пд ад в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на. Цячэ ў межах Прыпяцкага Палесся. Даліна да в. Велута і ніжэй за в. Кажан-Гарадок невыразная, схілы пакатыя, на астатнім працягу трапецападобная, шыр. ад 100—500 м да 1—2 км. Схілы ўмерана стромкія, выш. 4—5 м, слабапарэзаныя. Пойма двухбаковая, у Лунінецкім р-не каля в. Купаўцы, Бараўцы, Вічын аднабаковая, шыр. 0,5—1 км, пераважна забалочаная, перасечаная старымі рэчышчамі і асушальнымі канавамі. У разводдзе затапляецца да 15 сут на глыб. 0,3—1,6 м. Рэчышча ад вытоку на працягу 54 км каналізаванае, у ніжнім цячэнні моцназвілістае, шыр. каля 10 м. Берагі стромкія і абрывістыя. Асн. прыток — канал Карыцінскі (справа). Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне красавіка. Веснавое разводдзе пачынаецца ў сярэдзіне сак. і цягнецца ў сярэднім 76 дзён. Найвыш. ўзровень над межанню 3,1 м. Веснавы крыгаход 11 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,23 м³/с. На веснавы перыяд прыпадае 65% гадавога сцёку. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ г. Ганцавічы.